Выбрать главу

Раніцай ён прачнуўся ад дзікага жаданьня піць. Зразумеўшы, што спаў у адзеньні, сяктак узьняўся, адпіў палову зь вялікай бутэлькі мінэральнай вады, распрануўся й плюхнуўся зноў у ложак. Так бы ён і спаў да самага вечара, і, магчыма, нічога гэтага ў яго жыцьці ня здарылася б, калі б не трыклятыя цешчыны боты.

Андрэ ўспомніў пра іх гадзіны празь дзьве, калі прачнуўся выпіць наступныя паўбутэлькі вады. Розум прарэзала балючая думка, што сёньня субота і гэта апошні дзень у Боне. Што заўтра раніцай трэба выпраўляцца дадому, у Магілёў. Але да гэтага ён павінен зрабіць шопінг – купіць боты для цешчы, якая адмыслова дала на гэта грошы. А яшчэ набыць пару рэчаў дачкам і падарунак жонцы. Вядома, можна зрабіць шопінг у Бэрліне, але ён будзе там усяго пару дзён. Тут жа за месяц Андрэ прыгледзеў усё неабходнае, трэба толькі падняць хворую галаву й прайсьціся па даўно пазначаных, вядомых месцах.

Ён зноў забраўся ў ложак і нейкі час тупа глядзеў на белую столь і вялікі белы шар жырандолі, што зьвісала зь яе. Думка пра непазьбежнасьць шопінгу не давала расслабіцца й заснуць. «Вось паскудзтва! Чакаеш адкрыцьця выставы, быццам за ёй дзьверы ў новае жыцьцё. А там усё: шчасьце, вядомасьць, грошы, прыгожыя машыны, віла ў Ніццы. А адкрыеш – і тое самае лайно: бадун, смага, Хведар Міхайлавіч, скаціна… нажэрся… Кока-колы б зараз… А шчэ гэтыя ідыёцкія боты!».

«Добра, – нарэшце вырашыў ён. – Чорт з вамі, зраблю шопінг тут! А ў абед, пасьля шпацыру, вып’ю ў горадзе пару куфляў піва». Думка пра піва падалася надзвычай прыемнай. Рэч у тым, што, у адрозьненьне ад шматлікіх прыяцеляў, ён стараўся не пахмяляцца. Ужо шмат гадоў Андрэ вызнаваў мэтад Хведара Міхайлавіча. Ён сам вынайшаў гэты спосаб змаганьня з запоямі, назваўшы яго ў гонар улюбёнага пісьменьніка свайго юнацтва – Хведара Міхайлавіча Дастаеўскага.

Сутнасьць мэтаду палягала ў тым, што калі напярэдадні ты нажэрся, як сьвіньня, то мусіш адбыць пакараньне: ня піць наступнага дня да заходу сонца нічагуткі, акрамя вады. Ты павінен здабыць збавеньне пакутамі ўласнага цела, прайсьці праз выпрабаваньне, павісець, прыбіты вялікімі ржавымі цьвікамі да свайго пахмельля.

Андрэ доўга йшоў да гэтага мэтаду. У маладосьці, па дурасьці ды недасьведчанасьці, ён, як і большасьць аднагодкаў, практыкаваў ранішняе лекаваньне. Але, выпіўшы раніцай, ён працягваў рабіць гэта днём, потым увечары, а да ночы быў ужо ўшчэнт п'яны. Наступнай раніцай выпіваў ізноў – і паўтаралася тое ж самае. Гэтак магло працягвацца некалькі дзён запар, тыдзень і нават больш. Аднойчы ён зразумеў, што праблема хаваецца ў першай чарцы, дакладней, часе сутак, калі яе падымаеш. Калі ты прымаеш чарку ўвечары, так бы мовіць, пасьля заходу сонца, то шанец заблукаць у запоі становіцца мінімальным.

Зьдзівіўшыся прастаце й геніяльнасьці свайго адкрыцьця, Андрэ падвёў пад яго тэарэтычную базу, абгрунтаваў спасылкамі на клясыкаў ды Сьвятое Пісаньне і стаў прапаведаваць гэтае вучэньне ўсім і паўсюль.

Зь цягам часу Андрэ і сам так паверыў у Хведара Міхайлавіча, у ягонае «праз пакуты да дасканаласьці», што нават пачаў знаходзіць у гэтым нейкае мазахісцкае задавальненьне. Бывала, крэпка выпіўшы напярэдадні, ён у пакутах, абліваючыся халодным потам, ішоў да дасканаласьці – чакаў заходу сонца. Але ў той самы час у гэтых пакутах прысутнічала нейкае салодкае прадчуваньне, якое расло, павялічвалася, брыняла з кожнай хвілінай. Андрэ ўяўляў, як, калі праб'е шэсьць, ён падыме гэты смачны куфаль халоднага піва, і яно пральецца ў ягонае спустошанае й спакутаванае нутро самой дасканаласьцю – чароўным, сонечным, жыватворным напоем.

Зазвычай час заходу сонца Андрэ прызначаў на шостую вечара. Але сёньня, у сувязі з асаблівай цяжкасьцю пахмельля і праз гэтыя чортавыя цешчыны боты, ён вырашыў прызначыць яго раней – а другой ці трэцяй гадзіне дня.