Выбрать главу

Нарэшце ён зрабіў два рашучыя крокі насустрач і, паказаўшы на шалом пальцам, запытаў:

– Колькі каштуе?

– Пяцьсот эўра, – гандляр, грубы, сівы мужык гадоў пяцідзесяці без усялякага энтузіязму ацэньваюча паглядзеў на Андрэ.

– О’кей! – той павярнуўся і расчаравана патупаў у бок абутковай крамы.

Аднак, прайшоўшы мэтраў трыццаць, раптам спыніўся. У ягонай галаве пачынаўся дзіўны незразумелы бунт. Думкі зьбегліся з розных бакоў і спрабавалі адначасова з хрыпатой перакрычаць адна другую, і кожная – усе адразу.

– Прыдурак! – верашчала адна. – Ты мусіш яго купіць!

– Цешча табе пакажа шалом! Яна адарве яго разам з тваёй галавою, – лямантавала другая.

– Чортаў лузэр! Гэта твой шанец! Зьмяні сваё жыцьцё! Плюнь на цешчу! – крычала трэцяя.

– Жонка выставіць цябе за дзьверы й запусьціць наўздагон самай цяжкой чыгуннай патэльняй!

– Нічога страшнага! Калі яна пацэліць у галаву, на ёй жа будзе шалом!

– З тваіх дзяцей будуць сьмяяцца ў школе й называць іх бацьку раганосцам!

– І так усе ведаюць, што ты раганосец!

– Ты заўтра выпраўляесься на фронт, і ты ведаеш: у акопе без шалома нельга!

– Ты адпалохаеш усіх кліентаў і застанесься зусім бяз грошай! Хто даверыць надмагільны помнік паўдурку ў кайзэрскім шаломе!

– Пашлі да д’ябла сваіх кліентаў! Няхай лепяць самі альбо зьвернуцца да Пятрова! Няўжо ты пра гэта марыў, калі хацеў стаць скульптарам! Ты ж жадаў быць, як Мікелянджэлё, ствараць вялікае-вечнае! А цяпер ты хто – чмо, што ваяе халтуры! Аднойчы мерцьвякі сапраўды зьбяруцца ды адпізьдзяць цябе дзе-небудзь у зацішным закутку могілак!

– Цябе будзе спыняць кожны мент і пытацца пашпарт!

– Нічога! Ты зробіш новы пашпарт і сфатаграфуесься на яго ў шаломе!

– Дзеці на вуліцах будуць тыцкаць у цябе пальцам!

– Цябе пакажуць па тэлевізары ў перадачы «Таемныя спружыны палітыкі», дзе назавуць масонам і лідэрам беларускай апазыцыі!

– Ня страшна! Першы жыдамасон у Магілёве! Ты станеш папулярным! Ханыгі ў піўнухах будуць частаваць півам!

– Хведар Міхайлавіч будзе вельмі задаволены! Уяві, як ён узрадуецца на нябёсах, пабачыўшы цябе ў прускім шаломе!

– Твае адэпты вырашаць, што ты ўжо чокнуўся, і пачнуць піць да заходу сонца!

– Наадварот! Іх вера ўзмацніцца, калі ты явісься ім ў шаломе са шпілем! Ты будзеш іх Буда!

– Гэтыя тупыя куратары пачнуць запрашаць цябе на сапраўды крутыя выставы! Ты станеш знакаміцейшым за Чалавека-сабаку! А гэта ўсё, чаго табе так не хапае! Слава! Бабкі! Віла ў Ніццы!

– Падумай! Што ты страчваеш! Лайно, зь якога ніколі ня вылезеш!

– У цябе нават няма пяцісот эўра, каб яго набыць!

– Але ты маеш грошы на цешчыны боты, на падарункі дочкам, жонцы, на квіткі дадому! А яшчэ зэканомленыя на танным пойле зь «Лідлу» сутачныя!

– Як жа ты паедзеш дадому?!

– Фігня! Дабярэсься да Бэрліну аўтастопам! А там хобіты дапамогуць грашыма!

– Дурань! Ты мусіш яго купіць!

– Чортаў лузэр! Гэта твой шанец! Надзень яго й ніколі не здымай!

– Адчыні дзьверы ў новае жыцьцё!

– Цешча адарве шалом разам з тваёй галавою!

– Жонка запусьціць самай цяжкой чыгуннай патэльняй!

– МАЎ-ЧАЦЬ!!!!!

Раптам усё сьціхла. Рынкавы гоман у момант спыніўся, і Андрэ заўважыў, што ўсе людзі, якія стаялі наўкол, моўчкі й неяк дзіўна паглядалі на яго. «Ну досыць, гэта ўжо занадта!» – сказаў ён сам сабе і рашучай хадою накіраваўся ў краму, дзе стаялі цешчыны боты. Імкліва ўвайшоўшы ў яе, ён падняўся па сходах на другі паверх і шырокім чаканным крокам, як жаўнер, размахваючы рукамі, наблізіўся да прылаўку. Убачыўшы чорную пару на высокіх шпільках, спыніўся… Пагардліва, з агідай паглядзеў на яе… Пачакаў некалькі імгненьняў… Павярнуўся… І гэтак жа імкліва рушыў назад.

– Колькі каштуе? – спытаў ён зноўку, нечакана паўстаўшы перад сівым гандляром.

– Пяцьсот эўра.

– Чатырыста!

– Чатырыста дзевяноста!

– Чатырыста дваццаць!

– Чатырыста восемдзесят пяць!

– Чатырыста пяцьдзясят!

– Чатырыста восемдзесят пяць!

– Чатырыста шэсьцьдзесят!

– Чатырыста восемдзесят!

– Чатырыста семдзесят!

– Чатырыста восемдзесят!

– Чатырыста семдзесят пяць!

– Чатырыста восемдзесят!

– А! Чорт з табой! Чатырыста восемдзесят! Андрэ пачаў выцягваць з кішэняў прыхаваныя на розныя мэты заначкі. Адлічыўшы чатырыста восемдзесят эўра, перадаў іх сівому, нахіліўся, асьцярожна ўзяў у рукі шалом і з трыюмфам пераможцы над абцасамі ўзьняў яго на галаву!

Сэрца Андрэ вырасла да памераў вялікай птушкі і ашалела забілася. Ён адчуў усёю істотай: толькі што здарылася нешта, што назаўжды зьменіць яго няўцямнае жыцьцё. Ці стане яно лепшым, ён ня ведаў, але прадчуваньне чагосьці новага, нязьведанага напаўняла лёгкія радасным паветрам свабоды. Ён быццам скінуў кайданы, якія даўно скоўвалі яго. У галаве ўсё гудзела, білася, грукатала. Думкі, што былі схаваліся ў сваіх закутках, ізноў павысоўваліся й нешта бязладна вякалі.