Выбрать главу

– Стой!!! Ня ўздумай здымаць!

Андрэ скамянеў. Ягоныя далоні застылі на шаломе.

– Здымай, здымай! Ня слухай яе!

– Калі ты яго здымеш, уся канцэпцыя зьнікне! Ты мусіш ніколі яго не здымаць! Нават зараз, калі цябе ніхто ня бачыць! У гэтым сэнс!

– Які ж у гэтым сэнс? Гэта крэтынізм нейкі! Што ж яму цяпер – усё жыцьцё ідыётам хадзіць?

– Ягонае жыцьцё і без таго суцэльны ідыятызм! Жыцьцё ўвогуле – лятэнтная форма ідыятызму. Ня ўздумай здымаць!

– Здымай! Ідыёт! Падумай, якое глупства ты на галаву начапіў!

– Сэнс! Сэнс! Сэнс! Дэкарацыя для дурняў! Што за карысьць ад гэтых сэнсаў, калі яны ўсё адно сканчаюцца пустэчай!

– Тыповая атэістычная лухта! Калі Бога няма, то ясна: наўкол пустэча! Толькі ня думайце, што Ён для ўсіх памёр!

– Дык што ж, сілком увераваць? Сказаць: веру, таму што ня веру! На зло сабе веру! А калі я ўсё ж такі веру, але па-іншаму! Калі для мяне ў пустэчы Бог і тоіцца! Толькі сэнсу ад гэтага ўсё адно больш не стаецца! Калі я ня веру, што заўтра ў мандавошку, потым у мядзьведзя, а потым у імпэратара ўвасоблюся! А сэнс таму й сэнс, што яго зразумець можна! Сэнс жа пустэчы для нас недасяжны! Можа, нам вымярэньняў бракуе, каб у яе прасачыцца?!

– Такія думкі трэба ў Сыбір! На Беламорканал ссылаць! Каб людзям жыцьцё не псавалі!

– На сябе паглядзі! Сама на «Беламоры» сядзіш! Зь блёкату ўсялякія ілюзорныя сэнсы выдзімаеш!

– Дура! На чым хачу – на тым сяджу! А ты ўвесь час бухая ходзіш! Самая крывая зьвіліна ў яго галаве!

Андрэ па-ранейшаму стаяў каля люстэрка, трымаючы рукі на шаломе. Разлад думак не даваў засяродзіцца і прыняць рашэньне. У нейкі момант яму нават падалося, што два львы на яго галаве зусім ня львы, а дзьве, якія сварацца міжсобку, ільвіцы. Нечакана ў спрэчку ўмяшалася трэцяя:

– Хопіць! Спыняйце гэтую тэалягічную гістэрыку! А ты ня ўздумай здымаць шалом! Ідзі лепш адкаркуй бутэльку віна, што ў цябе за шафай прыхаваная!

Адарваўшыся ад люстэрка, Андрэ вярнуўся ў пакой. Адкаркаваўшы бутэльку, ён напоўніў шклянку й, закінуўшы ногі на стол, уладкаваўся на крэсьле. Думкі ненадоўга прыціхлі, а крыху захмялеўшы, павесялелі й разьвязна працягнулі:

– Паслухай, – прамовіла адна, – шмат гадоў ты праслужыў простым шараговым жаўнерам вялікай арміі мастацтва. Ты аддаў яму ўсё жыцьцё. Збаёдаў найлепшыя гады ў акопах, паходах, пад абстрэламі, у брудзе, лайне, віне, пошуках сэнсу і хараства. А што атрымаў наўзамен? Дзе слава? Дзе пашана? Дзе ордэны, званьні? Што дала твая служба? Грошай у цябе няма. Сям'і нармалёвай таксама. Жонка і цешча цябе ціха ненавідзяць. Твае геніяльныя праекты завісаюць у пустэчы. Таму што нарадзіўся ты ў няправільным месцы, за плотам, у дупе. А самотны голас з анусу пярдзёж завецца. І ўсялякія дробнабуржуазныя фізіі, можа, і чуюць яго, але з прыстойнасьці выгляду падаваць не жадаюць. Ты лузэр! Самы банальны лузэр!

– І пры чым тут прускі шалом? Можа, у шаломе з анусу прасьцей выбірацца? Хіба што ў шаломе менавіта такой канструкцыі. Але што ад гэтага зьменіцца, калі не лічыць, што ты быў ідыётам ціхім, непрыкметным, такім, як усе астатнія. А зараз ты на лобе шыльду павесіш:

«Я ідыёт! Наце! Глядзіце! Тыцкайце ў мяне пальцам! Я крэтын! І ганаруся гэтым!»

– Ня слухай яе! Узьнімі бунт! Пашлі да д’ябла мастацтва! Армію! Пашлі да д’ябла гэты трахнуты сьвет! Пакажы яму фак! Ствары з шалому праект! Ты першы! Да такога яшчэ ніхто не дадумаўся! Чалавек у шаломе! Гэта твой шанец!

– А тут яшчэ новая акалічнасьць зьявілася. Быць лузэрам, калі табе дваццаць, ня страшна й ня крыўдна. Але ў сорак ты разумееш, што шанцаў узяць шлюб з удачай практычна няма. Ну хіба што які-небудзь стары чорт у чалме возьме цябе дваццаць восьмай жонкай у гарэм. Ды й тое толькі таму, што некамплект у яго. Якраз адной ідыёткі бракуе!

– Паглядзі, як гарцуюць ільвы на тваёй галаве! Цяпер ты леў! Прускі ваяр! Апошні леў невядомай вайны!

– Лухта! Лухта! Яшчэ раз лухта! Маразм!

– Падумай, што ты страчваеш? Ну здымеш ты яго – вернесься да сябе ў Магілёў. Ну, запросяць цябе яшчэ на пяць пленэраў. І ўсё? А што далей?

Андрэ ўзьняўся й пачаў нэрвова хадзіць па пакоі туды-назад, як мэтраном, ад сьцяны да сьцяны. Потым узяў у рукі бутэльку й наліў поўную шклянку. Замёршы ненадоўга, ён паднёс яе да вуснаў і нагбом асушыў да дна.

– Пастаў кропку! Адчыні дзьверы! Пачні новае жыцьцё! Іншага шанцу ў цябе ня будзе!

– Новае жыцьцё! Новае жыцьцё! Лузэр… Лузэр… Лузэр… – Андрэ ўсхвалявана хадзіў па пакоі, ціха мармычучы абрыўкі нейкіх фразаў. – Чалавек у шаломе! Чалавек у шаломе! Шанец! Гэта твой шанец! Канцэптуальны праект! Я ідыёт… Тыцкайце пальцам… Ганаруся, ганаруся гэтым… Непахмялёныя лычы… Самотны голас з анусу… Канцэптуальны мастак… Новае жыцьцё… Новае жыцьцё… Шанец… Чалавек у шаломе… Адчыні дзьверы…