Выбрать главу

Ён падумаў, што я з яго насмiхаюся, i амаль гвалтам зацягнуў мяне ў гатэль! О, каб я ведала! О, няшчасны!

Калi мы засталiся адны, мне зрабiлася сорамна, няёмка, не ведаю чаму, клянуся табе. Урэшце я выправiла яго ў прыбiральню i легла ў ложак.

О, дарагая, як табе пра гэта сказаць? Ну дык вось. Напэўна ён палiчыў маю празмерную нявiннасць за хiтрасць, маю прастату за прытворства, маю даверлiвую, дурнаватую бездапаможнасць за своеасаблiвую тактыку i таму зусiм забыўся пра асцярожнасць, патрэбную дзеля таго, каб растлумачыць даверлiвай i цалкам непадрыхтаванай душы, памагчы ёй зразумець i прыняць такiя патаемныя рэчы.

Раптам мне здалося, што ён страцiў розум. Мяне апанаваў страх, i я падумала, цi не хоча ён мяне забiць. Калi чалавека ахопiць страх, ён не разважае, ён больш не думае, ён вар'яцее. Я адразу ўявiла сабе розныя страшныя рэчы. Я згадала выпадкi з газет, таямнiчыя злачынствы, усе плёткi пра маладых дзяўчын, што выйшлi замуж за нягоднiкаў! I ўвогуле, цi я ведала свайго мужа? Ашалеўшы ад страху, я пачала адбiвацца, адпiхваць яго. Я нават выдрала ў яго пасму валасоў i палову вусоў i, вызвалiўшыся, ускочыла з ложка i пачала крычаць: "Ратуйце!" Я пабегла да дзвярэй, адамкнула засаўку i выбегла амаль голая на калiдор.

Паадчынялiся iншыя дзверы, з iх павыходзiлi мужчыны ў начных кашулях са свечкамi ў руках. Я кiнулася ў абдымкi аднаму з iх, просячы ў яго ратунку. Ён рушыў да майго мужа.

Што было далей - я не ведаю. Яны бiлiся, крычалi, а пасля пачалi смяяцца, але так смяяцца, што ты не можаш сабе ўявiць. Смяяўся ўвесь гатэль, ад склепа да гарышча. З калiдораў даносiлiся гучныя выбухi весялосцi, iншыя грымелi ў пакоях наверсе. Кухцiкi смяялiся на паддашку, а швейцар душыўся смехам на матрацы ў вестыбюлi! Уявi сабе - у гатэлi!

Пасля я зноў апынулася сам-насам з мужам, якi даў мне некалькi агульных тлумачэнняў, як тлумачаць хiмiчны эксперымент перш чым яго правесцi. Ён быў вельмi незадаволены. Я плакала, пакуль не настаў дзень, i як толькi гатэль расчынiў дзверы, мы паехалi адтуль.

I гэта яшчэ не ўсё.

Наступнага дня мы прыехалi ў Пурвiль - маленькi курорт, якi толькi пачалi будаваць. Мой муж прыставаў да мяне са сваiмi дагаджаннямi i пяшчотамi. Першае незадавальненне прайшло, i цяпер ён быў проста зачараваны. А я, саромеючыся маёй прыгоды днём раней, была вельмi ласкавая i паслухмяная. Але ты сабе не ўяўляеш, якi жах, якую агiду, амаль нянавiсць абуджаў ува мне Анры пасля таго, як я даведалася пра той ганебны сакрэт, якi так страшна хаваюць ад маладых паннаў. Я была ў роспачы, мне было да смерцi смутна, мне не давала спакою жаданне вярнуцца да маiх бедных бацькоў. Праз дзень мы прыехалi ў Этрэта. Там сярод адпачывальнiкаў быў пярэпалах: толькi што памерла ад шаленства маладая жанчына, якую ўкусiў маленькi сабачка. Я адчула дрыготку ў слiне, калi пачула пра гэта за сталом. Мне адразу ж здалося, што ў мяне балiць нос, i я адчула жахлiвую немач ва ўсiм целе.

Я не спала ўсю ноч, я зусiм забылася пра мужа. Што, калi i я памру ад шаленства! Ранiцай я спыталася ў метрдатэля пра падрабязнасцi. I падрабязнасцi былi самыя жахлiвыя. Увесь дзень я гуляла па стромах. Я больш нi з кiм не размаўляла. Я думала. Шаленства! Якая жахлiвая смерць! Анры пытаўся ў мяне: "Што з табой? Ты нейкая смутная", я адказвала: "Нiчога, усё добра". Мой позiрк блукаў па моры, па фермах, па роўнядзi палёў, але я нiчога не бачыла. Нiзавошта ў свеце я б не прызналася, якая думка мяне гняце. Нейкi сапраўдны боль працяў мой нос. Мне захацелася вярнуцца.

Вярнуўшыся ў гатэль, я зачынiлася, каб паглядзець на рану. Не было болей сумнення, яна балела.

Я адразу ж напiсала мацi кароценькi лiст, якi напэўна здаўся ёй дзiўным. Я патрабавала неадкладнага адказу на зусiм дробязныя пытаннi. I ў канцы прыпiсала: "I не забудзьцеся, калi ласка, напiсаць пра Бiжу".

Наступнага дня я не магла есцi, але ўсё ж адмовiлася пайсцi да лекара. Я прасядзела ўвесь дзень на пляжы, назiраючы за купальшчыкамi ў вадзе. Яны былi розныя, тоўстыя, худыя,вельмi брыдкiя ў сваiх купальных гарнiтурах, але мне было не да высмейвання. Я думала: "Шчаслiвыя! Iх нiхто не ўкусiў. Яны будуць жыць! Яны нiчога не баяцца. Яны могуць весялiцца, колькi захочуць. Iм добра!"

Штохвiлiны я абмацвала нос, каб даведацца, цi ён не распух. Вярнуўшыся ў гатэль, я адразу ж замкнулася ў пакоi, каб паглядзецца ў люстра. Калi б мой нос змянiў колер, я б напэўна памерла на месцы.

Увечары я раптам адчула нейкую роспачную пяшчотнасць да мужа. Ён здаўся мне добрым, я абаперлася на яго руку. Дваццаць разоў я збiралася выдаць яму мой жахлiвы сакрэт, але не адважвалася.