Выбрать главу

Міхась падумаў: а і праўда, ён яе не ведаў, прымірэнча сказаў:

— Ды не гавары глупства, я думаю, у нас усё ўладзіцца,— намерыўся абняць, прылашчыць яе, але Іра рашуча адштурхнула руку, паглядзела амаль з нянавісцю.

— Не трэба, Міхась! — строга сказала яна.— Не трэба фальшу. Страшна, калі між блізкімі людзьмі закрадваецца фальш, фальш, як іржа, раз’ядае душы. Не трэба! Ідзі, Міхась, ідзі! Я сама падам на развод...

— Ты мяне гоніш? — змрочна сказаў ён і раптам з пакутлівай яснасцю зразумеў: гэта ўсё!

— Не ганю, а прашу,— і, падумаўшы, дадала: — Лічы, што ганю,— потым паправілася: — Я ніколі цябе не абманвала, я на самай справе хачу, каб ты пайшоў...

— I нікуды я не пайду!

— Я сама мо з’ехала б, але куды падзенуся... такая ды з дзіцём на руках? Мне больш, чым табе, патрэбна страха над галавой. Не даводзь, Міхась, да той мяжы, калі мы можам стаць жорсткімі і несправядлівымі...

Пасля той размовы ён памалу стаў звыкацца з думкай, што, мусіць, і праўда без разводу не абысціся. Пачынаў уяўляць, як не будзе штодня прыходзіць у звыклую і ўтульную кватэру, не бачыць Верачку, ды і Іру таксама — і нешта нібы абрывалася ўсярэдзіне, пачынаў суцяшаць сябе: і ніякага разводу не будзе, канечне, яна адумаецца, усё ўладзіцца, усё прытрэцца...

Не ўладжвалася, не прыціралася. Праз месяц Іра сказала тыя абразлівыя, крыўдныя словы:

— Ды ў цябе самалюбства няма! Ці мо збіраешся судзіцца, дзяліць транты? Забірай усё, толькі ідзі з воч маіх! Я ненавіджу, больш не магу-у-у...— Упала на падушку і затрэслася ад слёз. Ён ніколі не бачыў, каб яна так плакала — адчайна, няўцешна, трагічна. I зразумеў — адцягваць няма сэнсу.

Падаў заяву на звальненне, рашыў паехаць далёка-далёка, а куды — сам не ведаў. Звальняць нізашто не хацелі, але як толькі прызнаўся, што разводзіцца, непрыемна здзівіліся, спрабавалі адгаворваць, а калі зразумелі, што ўгаворваць дарэмна, перасталі падаваць руку, наогул заўважаць і праз тыдзень выдалі разлік. Галоўны бухгалтер — дзябёлая жанчына гадоў пад сорак пяць пры ўсіх, нібыта тут яго і не было, сказала: гэтага нягодніка трэба было не на «ўласнаму жаданню», а турнуць у тры шыі ды запісаць, каб толькі ў турму мог падацца з такім запісам.

Карцела крыкнуць гэтым, па сутнасці, добрым і сардэчным жанчынам: «Як легка вам судзіць аб усім! Як легка рашаць за другіх! Як усё проста і зразумела! Нібы ў кіно. А ці заўсёды ўсё так проста і зразумела? Гэта вам не кіно, гэта вам не бязглузды раманчык, дзе ў нягодніка на лбе напісана, што ён нягоднік!»

Але не абурыўся, не крыкнуў. Яму было сорамна, невядома чаму, але сорамна. Апраўдвацца, нешта даказваць гэтым жанчынам проста не хапала смеласці. Зрэшты, які сэнс, якое значэнне маюць зараз апраўданні? Яму цяпер усё роўна — хай што хочуць, тое і думаюць. Скамячыў у руцэ грошы, гідліва кінутыя касіркай, вінавата і жаласліва сказаў: «Шчасліва вам заставацца», уціснуў галаву ў плечы, выйшаў за парог і пакрочыў па разбітай грузавікамі вуліцы...

***

— Музыкант! Вальц! Вальц для маладых! — закрычаў захмялелы сват.— Танцуем! Усе танцуем! Пачынаюць маладыя!

У свата пасля шматлікіх «саладжэнняў» памалу стала праходзіць былая скованасць, ніякаватасць, і зараз ён ужо адчуваў сябе гаспадаром застолля. Разварушыліся і госці.

Музыкант узяў песню і п’яным голасам, фалыпывячы мелодыю і словы, зацягнуў:

— В-а-альс устар-эу, гавары-ыць коя-хто смя-ясь, Век усма-а-атрэ-эў ў ём адстала-асць і ста-а-арасць...

Міхася скаланула: гэта ж любімая Ірына песня! Бывала, круціць ды круціць гэтую пласцінку, а то пачынае падпяваць — ладна ў яе выходзіла. То раптам надыдзе нейкая дураслівасць — пачынае тузаць і з капрызнай жаласлівасцю прасіць: «Ну, Міхаська, ну, Міхаська, давай патанцуем...» Ён для прыліку аднекваецца, потым паддаецца яе настрою — і кружацца, кружацца, захмялелыя ці то ад гэтай прыгожай і ўзнёслай мелодыі, ці то ад свайго маладога шчасця. Пласцінка канчаецца — Іра перастаўляе спачатку, і кружацца-кружацца, пакуль стомленыя не падаюць на каналу, па-змоўніцку смяюцца.

Іра... Ён і па сённяшні дзень не ведае дакладна, кахае яе ці не. З ёю было невыносна, без яе стала немагчыма.

I жаніцца надумаў з Любай, каб адкараскацца ад гэтай немагчымасці. I, мусіць, не ўдасца адкараскацца. Няўжо да скону дзён?! I зноў зашчымела, аддалося ў сэрцы тупым бол ем.

Музыкант цягнуў бязладна, і Міхась ніяк не мог патрапіць у такт з Любаю. Яна не слухалася яго рукі, танцавала цяжка.

Не тое, што Іра...

Зрэшты, хіба можна як-кольвек ладна танцаваць, калі так здзекуюцца над мелодыяй, так фальшывяць?!