Выбрать главу

З гадамі Антоля зусім адзічэла. Нават калі ў вёсцы арганізоўваўся калгас, не пайшла да грамады. Так і засталася аднаасобніцай на сваім невялічкім агародзіку ў трухлявай хацінцы, якую штогод з верху да нізу абмазвала глінай.

Люба добра памятае прыгорбленую страшную Антоліну постаць. Яны, падшыванцы, часта праходзілі паўз могілкі, і сёй-той са смялейшых запускаў у Антоліну мазанку агрызкам яблыка ці каменьчыкам. Адразу ж выходзіла Антоля, нічога не гаворачы, сумна і ўважліва глядзела на дзятву, а яны з усіх ног імчалі аж да вёскі.

Праз некалькі гадоў ці то ад старасці, ці то ад бяскорміцы паздыхалі Антоліны козы, а потым некуды знікла і яна сама. Мо праз тыдзень, а мо і болей нехта здагадаўся заглянуць у мазанку — і з жахам пабег клікаць людзей...

***

Няўжо яны хочуць, каб і я паставіла мазанку? От людзі, ото ж і людзі!..

А мо яны не могуць забыцца пра Віктара? Тады сёй-той адкрыта пагаворваў: толькі яна вінаватая. Маўляў, не трэба было падбухторваць, трэба было ўтрымаць...

Але ці ж вінаватая яна?! Ці ж яна хацела? Хоць, канечне, мо і вінаватая. Сама перад сабою вінаватая. Сабе ніколі не даруе. Сама сабе! Больш яна ні ў чым не вінаватая, ні перад кім не вінаватая. Хто ж мае права так жорстка, так несправядліва судзіць яе?!

***

Летась мінула дзевяць гадоў, а яна ўсё не можа забыцца... I па сённяшні дзень іншы раз здаецца, што гэта нейкі кашмарны сон. Але... на тутэйшых могілках — Віктарава магіла...

Штогод васемнаццатага чэрвеня — у чарговую гадавіну трагедыі — Люба прыязджае ў Беражкі, быццам бы наведаць сваю школьную сяброўку Ганну Яваровіч. Ганна пасля школы нікуды не паступала, пайшла даяркай на ферму, выйшла замуж за Івана Яваровіча, нарадзіла ўжо чацвёра дзяцей, завочна скончыла сельгасінстытут, зараз загадвае буйным жывёлагадоўчым комплексам. Летась за сваю работу атрымала ордэн. Ганна заўсёды ў клопатах, але робіць усё смеючыся, проста і лёгка, у яе, сапраўды, усё ў руках гарыць. Тым не менш, Люба не хоча замінаць ёй, нават рада, што ў Ганны няма вольнай хвіліны. Ганна, вінавата просячы прабачэння, бяжыць на ферму, а яна пад выглядам «прагуляюся» ідзе звычайна на той луг па-над Нёманам...

I так з году ў год...

Быццам нічога не мяняецца па тым лузе. Кожны год аднолькава буяюць рамонкі. Няма толькі Віктара...

Яна падае ніц у рамонкі і, каб ніхто не бачыў, дае волю слязам, выплаквае ўсю горыч, што накапілася за год.

Калі наплачацца, робіцца лягчэй. Тады, супакоеная, ідзе на бераг Нёмана, глядзіць доўга, задуменна і невідушча на яго быстрыню. Наглядзеўшыся, вяртаецца назад, не спяшаючыся, ірве кветкі, пакуль не нарве вялізны букет, выбіраючы самыя прыгожыя і свежыя. Потым, крадучыся, быццам робіць нешта брыдкае, ідзе да густа зарослых хмызам недагледжаных беражкоўскіх могілак, мінае дзірку ў гнілым паўразваленым плоце. Пад двума соснамі — іх відаць здалёк — Віктарава магілка. Звыкла адчыняе брамку, гаворыць: «Ну, добры дзень, Віктар! Вось і я. Як ты тут?» Пастаяўшы трохі, пачынае вырываць траву, выкідваць з-за абгародкі розны друз, счышчае са сціплага цэментнага помніка з крыжам зялёны мох, які ў засені бэзавага куста неймаверна разрастаецца, лезе ўверх таго і глядзі, схавае пад сабою надпіс «Віктар Сцяпанавіч Яловік», як схаваў ужо дзве чатырохзначныя лічбы, напісаныя праз рысачку.

Калі ўсё прыбрана, даведзена да ладу, бярэ рамонкавы букет і са словамі: «Гэта табе, Віктар, з нашага лугу», кладзе кветкі на магілу, садзіцца на хісткую падгнілую лаўку і доўга-доўга думае пра сваё...

***

У суботу ў іх з Віктарам павінна было быць вяселле. Ужо знайшлі вясёлага, вопытнага свата, запрасілі дружкамі, дружкамі хлопцаў і дзяўчат.

У сераду адпрасілася ў тэхнікуме і прыехала на вёску, каб паглядзець, як там рыхтуюцца. А калі па-праўдзе, то ёй страшэнна захацелася пабачыць Віктара — во і ўся прычына, што прыехала за дзень раней, чым дамаўляліся.

Віктар не чакаў яе і вельмі ўзрадаваўся.

— Вы ж там не марудзьце доўга! А то бацька прыйдзе — то намануў бычка рэзаць... Халера ж яго ведае — гарачынь такая, каб не папсавалася,— заклапочана казала цётка Марыля, калі яны з Віктарам сабраліся на Нёман пакупацца.

— Мы ненадоўга, мама! — на хаду крыкнуў Віктар, бегучы за Любай.

Злавіў яе, падхапіў на рукі і, не зважаючы на прытворны піск, перасадзіў цераз плот, сам, абапёршыся рукою на штыкеціну, спрытна і лёгка адолеў агарожу. Наперагонкі, галёкаючы, як малыя, памчалі да дубровы, што падступала да самай кручы старога Нёманавага рэчышча.