Выбрать главу

Шмат гадоў таму назад Нёман адышоў кіламетры на два, і там, дзе ён некалі цёк, з цягам часу ўтварыўся цудоўны луг. Спачатку быў выган, а пасля залужэння, падкормкі салетрай, за што, дарэчы, калгас заплаціў немалы штраф, бо вясною ў разводдзе патруцілася шмат рыбы, урос высокай шаўкавістай травою. Асабліва прыгожым было адно месца недалёка ад берага: нібы хто знарок усеяў рамонкамі — буйнымі, свежымі, лапушыстымі.

На хаду распрануліся, пакідалі адзенне ў рамонкі, засталіся толькі ў купальніках, галёкаючы, пабеглі да ракі.

Мо з гадзіну плёхаліся, дурасліва пырскаліся. Віктар тройчы пераплываў на той бераг і гукаў яе. Яна была неважнецкая плаўчыха, як ні дзіўна, баялася вады, хоць і вырасла на Нёмане. Таму заходзіла толькі па шыю і нязграбна плыла назад да берага.

Віктар весела смяяўся, даваў нырца, прымушаючы яе хвалявацца — толькі праз хвіліны тры-чатыры яго галава паказвалася на сярэдзіне ракі, дзе булькала і вірыла быстрыня. Віктар нейкі час аддыхваўся, змагаўся з цячэннем, потым зноў ныраў — і цяпер галава паказвалася аж ля самага таго берага.

Калі целы пакрыліся «гусінай скурай», выйшлі на бераг, каб сагрэцца. Віктар паскакаў на адной назе, прыклаўшы далонь да вуха, каб вытрасці ваду. Потым, уцягнуўшы галаву ў плечы — бр-р-р,— стрымгалоў пабег да адзення, яна — за ім, смеючыся. Пападалі ў рамонкі, падставіўшы спіны спякотнаму сонцу.

Над лугам вісела паўдзённая спякота — той час, калі ўсё жывое хаваецца ў цень, перастаюць дзынкаць чмялі, нават конікі спыняюць сваё бесклапотнае трашчанне, і стаіць такая цішыня, што, здаецца, чуеш, як звініць мроіва. Толькі зрэдку на рацэ пачуецца рэзкі ўсплёск — пэўна, шчупак выплыў пагрэцца на пясчаную водмель, а заадно і паганяць драбязу, якая соннымі чародкамі збіраецца ля берага.

Неўзабаве стала прыпякаць у спіну. Павярнулася на бок. Віктар ляжаў усё у той жа позе, уткнуўшы твар у рамонкі. Яна ўважліва паглядзела на яго бронзавае ад загару цела, ад яго веяла сілай, маладосцю і яшчэ нечым, незнаёмым, таямнічым. Ёй нясцерппа захацелася дакрануцца да яго дужага цела, яно і палохала, і прыцягвала, як магніт. Ціхенька вырвала былінку і, затаіўшы дыханне, стала казытаць на Віктаравай спіне. Ён, не адкрываючы твару, махнуў рукой — падумаў, што на самай справе поўзае нейкая казяўка ці муха.

— Ха-ха-ха-ха! — наваділася на яго Люба,

— Ах ты, хуліганка! — ласкава крыкнуў Віктар, рыўком пераварочваючыся на спіну, абхапіў яе рукамі, стаў цалаваць, і з кожнай хвілінай яго пацалункі рабіліся ўсё больш гарачымі і шматзначнымі.

Люба, перамагаючы незразумелы страх, прадчуванне незвычайнага, прытулілася да яго яшчэ вільготных грудзей, трацячы разважлівасць, з нейкім утрапеннем стала цалаваць у лоб, у шчокі, у шыю, адчула, як хмялее, стукае кроў у скроні, і гэты п’яны, не падуладны розуму хмель аддаецца ў кожнай клетачцы яе істоты. А Віктар, жаданы, прыгожы, дужы, асыпаў, асыпаў пацалункамі яе шыю, грудзі, што не заўважыла, як яны выбіліся з-пад мокрага купальніка; кружылася галава, прайшла нейкая сутарга, захопліваючы дыханне, яна зразумела, што гэта абуджаецца яе цела. Падумала: няма сэнсу, ды ўжо і не мела сіл супраціўляцца таму, што ўсё роўна павінна здарыцца...

...А над зямлёй усё яшчэ вісела і звінела мроіва. Але неўзабаве сонца пахіліла на захад, раптам радасна і натхнёна затрашчалі конікі, і, здавалася, паветра, усё наваколле ператварылася ў адну буйна-неўтаймаваную мелодыю. А ўвысі над гэтым светам бесклапотна павіс, заліваючыся сваім спевам, шэранькі званочак-жаўрук. I было нешта незвычайнае, загадкавае, таямнічае ў яго сціплым і простым звоне...

Яны ляжалі стомленыя, маўклівыя, быццам вінаватыя перад самім сабой, перад некім яшчэ. I ні адзін не рашаўся парушыць гэтую дзівосную сімфонію прыроды, бо, пэўна, кожны адчуваў, што нават самыя важныя словы тут будуць лішнімі.

У такія хвіліны не думаецца пра небяспеку, пра бяду. У такія хвіліны думаецца пра бясконцасць, вечнасць шчасця. I між тым яна, бяда, была побач, не далей, чым жучок, што рупліва, варушачы чорнымі вусікамі, поўзае па зніклай рамонкавай галоўцы.

Люба прапанавала пакупацца. Віктар, трохі саромеючыся ці то вінаватага, ці то насмешлівага яе позірку, падхапіў яе на рукі, і калі Люба даверліва і шчасліва прытулілася да грудзей, дурасліва загушкаў яе на руках, знарок паказваючы сваю сілу. Ля берага адпусціў, а сам з гарэзлівым крыкам «глядзі!» разбегся і даў нырца з кручы.

Яна са здзіўленнем, потым з трывогаю глядзела: чаму ён не выплывае? Нарэшце, далёка справа на сярэдзіне ракі яго раз, другі, трэці падкінула цячэннем. Віктар быў нейкі вялы, бездапаможны.