Выбрать главу

Люба спачатку нічога не зразумела, паклікала: Віктар! Віктар! Галава яго схавалася зноў, кінуліся ў вочы ружовыя плямы на вадзе. Кроў! Яна анямела ад жаху, аднак яшчэ не верыла... Не памятаючы сябе, кінулася ў ваду, зразумела: не даплыве, трэба забегчы наперад па беразе. Выскачыла, ірванулася ўправа па грудку. Хацелася крычаць, клікаць некага на дапамогу, але чамусьці не было голасу.

Зносіла цячэннем, яна выбівалася з сіл, намагаючыся плысці хутчэй, адчувала, што дзеравянеюць рукі, не хапае паветра, але ўсё плыла і плыла, не разумеючы, што плысці няма ніякага сэнсу. Віктара не было відаць... Ледзь жывая выкараскалася на бераг і толькі цяпер зразумела жахлівасць усяго, што здарылася. Знайшоўся голас, залямантавала дзіка і, забыўшыся пра адзенне, кінулася да вёскі.

Луг быў бязлюдны, да вёскі — далёка, ніхто не мог учуць яе крыку...

Віктара вылавілі пад канец наступнага дня ў дзесяці кіламетрах па цячэнню. Калі ныраў, ударыўся галавою аб нейкую карчажыну...

У суботу былі памінкі. Такіх памінак ніколі яшчэ не было ў Беражках. Ніхто не памятае ў Беражках, каб рыхтаваліся да вяселля, а зрабілі памінкі.

Калі ўбачыла ў труне нежывога, з забінтаванай галавой Віктара, адразу ж стала кепска, і жанчыны амаль беспрытомную завялі дахаты, паклікалі ўрача. Яна не памятае, што было далей, не бачыла, як пахавалі Віктара...

А неўзабаве адбылося тое, чаго не даруе сабе да скону дзен. Са страхам і радасцю заўважыла, што яна можа стаць маці. Спачатку не верыла, а к сярэдзіне жніуня не было сумненняў. Нікому нічога не казала, і толькі у верасні, калі пасля канікул прыехала ў тэхнікум, раскрыла свой сакрэт дзяўчатам, з якімі жыла ў інтэрнацкім пакоі. Тыя спалохаліся:

— Што ж будзе?!

— Сын будзе,— спакойна сказала яна.— Будзе падобны на бацьку, назаву яго Віктарам...

— Як жа так?! — яшчэ болып напалохаліся дзяўчаты.— Табе ж замуж трэба! А з дзіцём? Ты разумееш?!

— Усё разумею, дзяўчаткі,— задуменна адказала Люба і нават здзівілася: а чаго гэта яны хвалююцца?

— Табе ж толькі дзевятнаццаць,— не адступалі дзяўчаты.— Пакахает каго — і забудзет. Колькі выпа-аадкаў!

— I нічога вы не разумееце, дзяўчаты,— з жалем паглядзела на іх Люба.— Я буду любіць так свайго Віктара Віктаравіча, што, апроч яго, мне ўжо ніхто не будзе патрэбны...— і пяшчотна ўсміхнулася, уяўляючы, як будзе цешыцца, забаўляцца з маленькім карапузам, бы дзве кроплі вады падобным на Віктара. А па начах з затоенай трывогай прыслухоўвалася: чаму ён не варушыцца?

— Дзіцяці бацька патрэбны,— даймалі дзяўчаты.— Віктара не падымеш...

Ёй было смешна з іх клопатаў, іншы раз узлавалася б, наказала, як совацца ў чужыя справы, а цяпер ведала, што хвалявацца ей шкодна, таму прапускала паўз вушэй іх трывогі, здзіўлялася, што стала глядзець на жыцце, як глядзіць сталы, умудроны жыццём чалавек на жаўтаротую блазноту.

Потым зайшла «пагутарыць па душах» Жэнька. Мусіць, дзяўчаты сказалі, папрасілі «абразуміць неразумную».

Жэнька, нягледзячы на свае дваццаць два гады, была дзеўка кручаная: паспела двойчы пабыць замужам і пасля ўсяго ўжо зрабіць тры аборты. Пры тым не саромелася аб гэтым гаварыць, ахвотна расказвала пра свае шматлікія прыгоды кожнаму, хто толькі быў гатовы слухаць.

— У цябе што, глуздоў няма? — з ходу накінулася яна.— Падумаць толькі: звязаць сабе рукі, загубіць маладосць! А яна, дарэчы, толькі раз даецца. А ты што? — пакруціла пальцам ля скроні.— Ды з тваёю вывескай! Толькі свісні — як крумкачы накінуцца! Хочаш — у загс вядзі, хочаш — уцяшайся, усё роўна адзін адказ...

— Жэнька!

— Што Жэнька?! У бальніцу ідзі, не будзь ідыёткай — во што Жэнька! Запусціш — не возьмуцца...— I, усміхнуўшыся паблажліва, па-змоўніцку падміргнула.— Гэта першы раз страшнавата і няёмка, а глянеш, што ты не адна такая — і хоць бы хны... Урачам, дарэчы, за гэта грошы плоцяць, праз іх рукі, калі хочаш ведаць, штодзень па дзесятку такіх... праходзіць.

— Ідзі к чорту, Жэнька! Давай свае парады каму-небудзь іншаму,— абурылася Люба.

— Хм, ненармальная! — пакрыўдзілася тая.— Мне-то што — я пайду. Табе шурупіць трэба,— зноў пакруціла пальцам ля скроні і, пагардліва фыркнуўшы, пайшла прэч.

***

Але наперадзе была размова з маці. Яна аддала б усё на свеце, каб можна было пазбегнуць гэтай размовы. У мацi хворае сэрца, і заўсёды, як толькі перахвалюецца ці ператоміцца, пачынаюцца візіты ўрачоў, пакой напаўняецца пахам лякарстваў. Пасля Віктаравых памінак Клаўдзія Аляксееўна трыццаць дзён адлежала ў бальніцы. Акрыяла сяк-так, а тут...

Люба прыкладна ведала, што скажа маці: і замуж не пайшла, і ў дзеўках не засталася. Але ў глыбіні душы ўсё ж тлела маленькая надзея: а мо і зразумее? Каму ж зразумець яе цяпер, як не маці?