Выбрать главу

Клаўдзія Аляксееўна падазрона агледзела яе стан, спачатку не паверыла, потым збляднела, схапілася за сэрца.

— I адкуль столькі няшчасцяў звалілася на маю галаву! — хваравіта сказала яна.— А ты? Што ты думала?

Што яна магла адказаць? Ды хіба можа быць адказ, што яна думала...

— Мамачка, ды гэта ж шчасце, што Віктар пакіне пасля сябе сына — нездарма жыў...— і асеклася, убачыўшы, што маці не ўспрымае яе словы, глядзіць здзіўлена, як на вар’ятку, дрыжачымі рукамі не можа ўправіцца з цюбікам валідолу. У Любы сціснулася сэрца: не трэба было хваляваць, не трэба было нічога казаць. Але каб гэта можна было не казаць?!

— Што ты тады думала? Што ты тады думала? — з роспаччу паўтарала маці і, паклаўшы таблетку пад язык, прашапялявіла: — Калі гэта ў вас было?

Ёй быў непрыемны і брыдкі гэты допыт, а маці не ўнімалася:

— Чаго маўчыш? Што ты сабе думала?

— Нічога не думала! — узарвала Любу.

— Яно і відаць, што ні аб чым не думала,— глуха сказала маці.— Цяпер сама сябе за локаць укусі...

— Я ні ў чым не дакараю сябе, мама. Я кахала і кахаю Віктара. I а дна мне ўцеха — наш сын. А ты ведай ад мяне, а не праз якія брудныя плёткі.

— Так асароміцца! Так асароміцца! — больш для самой сябе, чым для Любы, абуралася Клаўдзія Аляксееўна.— З дзевятнаццаці гадоў пацягнуцца...

— Мама!

— Што мама? — бязлітасна-строга глянула Клаўдзія Аляксееўна.— Заўтра ж пойдзеш да ўрача!

— Нікуды я не найду,— вытрымала гэты погляд Люба.

— Што-о?! — У матчыных вачах мільгануў спалох.— Паглядзіце на яе, паглядзіце! Hi ўдава, ні дзеўка! Як ты людзям у вочы глянеш? Як я, твая маці, пагляджу людзям у вочы? Не-е, ты мяне проста рашыла загнаць у магілу! Дзякуй, дачушка. Выгадавала, называецца... Яна мне сабралася падаруначак у прыполе прынесці...

— Мама, разумны зразумее, дурню — усё роўна нічога не дакажаш,— памяркоўней, але стаяла на сваім Люба.

— Значыць, і я, твая маці, і ўсе навокал — дурні, адна ты — разумная?

— Не распусніца ж я якая...— адчайна абаранялася Люба.

— А хто ты? Мо скажаш: у капусце знайшла? Ці мо ад святога духа?

Матчына абраза не прыставала да Любы. Проста было да болю крыўдна, што маці разважае прыкладна так, як і дзяўчаты, для якіх усё проста і ясна. Горш таго — як Жэнька, распусная і цынічная Жэнька. I як гэта ні дзіка, на іх баку ёсць нейкая горкая і жорсткая праўда. На самай справе, на яе, Любу, будуць пальцам тыцкаць: во распусніца, байструка нагуляла. А ў блудлівай Жэнькі на лбе нічога не напісана... Распусная Жэнька можа знайсці ого якога жаніха! Такія на зайздрасць сціплым і прыстойным дзяўчатам часцей за ўсё і знаходзяць, ды яшчэ якіх жаніхоў знаходзяць! А на такіх, як яна, нават на яе дзіця бруднай плямай ляжа ганьба. Быццам даць жыццё новаму чалавеку — брыдкі, непрыгожы ўчынак, а загубіць будучае жыццё — прыгожы ўчынак. Аднак... Аднак, хочаш не хочаш, а кожны задумаецца: як гэта магло стацца, што і замужам не была, а дзіцё прыдбала? Што скажуць сваякі, таварышы, сябры, калі ўбачаць, што ўзяў жонку з прычэпам? Павагаецца-павагаецца і пойдзе да Жэнькі, у якой на лбе нічога не напісана. Вось і ўся праўда.

Людзі, якая ж тут праўда?! Хіба такое можа быць праўдай?!

Увесь дзень Люба не знаходзіла сабе месца. Потым, супакоіўшыся, стала думаць, каб як-кольвек зразумець маці: а мо ўсё ж ёсць нешта слушнае ў гэтай жорсткай несправядлівасці? Мо была свая мудрасць у продкаў, калі ўзводзілі ў культ, у прынцып дзявочую цнотнасць? Мабыць, фальш і яшчэ раз фальш у разважаннях розных «разумнікаў» і «разумніц» аб эмансіпацыі, архаічнасці, фармальнасці паняцця «дзявочая нявіннасць», аб свабодзе, па сутнасці, неабмежаванай, а таму ўжо не свабодзе? Мабыць, наскрозь фальшывыя сучасныя літаратурныя гераіні, якія ў сваім каханні ці проста захапленні падобны на машыны без тормазаў? Не-е, без тормазаў нельга, без тормазаў наробіш бяды...

Але ж нельга ўсіх мераць на адзін капыл! Але паспрабуй, дакажы некаму, на які капыл цябе трэба мераць! Крычы, хоць расперажыся крычы: я харошая, я нявінная — не паспачуваюць, памелюць удосталь языкамі, пасмяюцца...

Маці была сваім чалавекам у паліклініцы, і на трэці дзень сама ўзялася суправаджаць «неразумную» дачку да акушэра-гінеколага...

Тады Люба, разгубленая, прыбітая, была як у тумане, яна і не здагадвалася, што гэты ўчынак будзе лічыць самым вялікім сваім маральным падзеннем, за якое давядзецца разлічвацца ўсё жыццё. Тады ёй, дурной, разгубленай, ніхто не растлумачыў, чым усё можа гэта скончыцца...