Выбрать главу

З бальніцы выйшла праз два дні канчаткова спустошанай, злою на ўвесь свет. Адчувала, што нешта надламалася ў яе жыцці, яно згубіла ўсялякі сэнс, стала бясколерным, нават прыкрым. Думала, з цягам часу ўсё пройдзе, але ішлі месяцы, гады, нічога не хацела мяняцца.

У першы час яна, вядома, цікавіла хлопцаў. Да прыгожай дзяўчыны хлопцы хінуцца, як матылькі да святла. Але хлопцы зусім не цікавілі Любу, да іх у яе была нейкая ледзь не паталагічная нянавісць. Разумела, што гэта не толькі неразумна, а ненармальна, прымушала сябе перамяніцца, прыгадваючы жудасную чорную Антоліну постаць, і толькі пасля гэтага без усялякай ахвоты некуды ішла, з некім сустракалася.

Але па душы было пуста і холадна-холадпа.

Пасля адной-двух сустрэч хлопцы, якія прызначалі спатканні, заўважалі гэты холад, палохаліся — на тым і канчаліся залёты.

А тым часам равесніцы так ці сяк пазнаходзілі сваіх суджаных, павыходзілі замуж, прыдбалі дзетак — і ім стала не да забаў. Дом культуры, парк, танцпляцоўку запаланілі ўчарашнія няўклюдныя дзяўчаткі-падлеткі, якія заўсёды вырастаюць непрыкметна, нечакана, і Любе стала ніякавата хадзіць на танцы, не кажучы ўжо, каб вадзіць дружбу з малалеткамі. Толькі, бывала, як дойме невыносная туга і жах, навеяны чорнай Антолінай постаццю, ідзе ў Дом культуры. Пасядзіць сцішана ў куточку, іншы раз за ўвесь вечар так ніхто і не запросіць на танец. Хіба які падгулялы жанацік. Але і падгулялыя жанацікі не надта кідаюцца да строгіх, пераспелых дзевак-векавух. Трэба самой пабыць, каб да канца зразумець, наколькі страшнае, абразлівае гэтае слова — векавуха.

Адно збавенне — работа, вучоба, кнігі. Каб не ўсё гэта, пэўна, даўно звар’яцела б доўгімі, нуднымі вечарамі. Работа была для яе — усё, рабоце аддавала ўсю сябе без астачы, і гэта прыносіла задавальненне. Спачатку была рахункаводам, затым — бухгалтарам, а калі ў графе аб адукацыі мела права пісаць «незакончаная вышэйшая», узначаліла групу, а праз год прызначылі галоўным бухгалтарам. Адзін раз нават хацелі забраць у вобласць, але старшыня райспажыўсаюза — пажылы, з вечна пакутліва-стомленымі вачыма чалавек — зрабіў што толькі мог, каб не адпусціць. «Няма кім замяніць, будзе поўны завал у бухгалтэрыі...» — плакаўся ён перад начальствам. I ўважылі, дамогся свайго.

З аднаго боку, Люба пакрыўдзілася — ёй хацелася пераехаць у вялікі горад, з другога — было прыемна, што яе цэняць, без яе не могуць абысціся.

Аднак як добра ні складвалася на рабоце, як бы ні паважалі яе, Люба не магла ашукаць сябе, што для поўнага шчасця ў яе нечага не хапала. Асабліва востра і выразна гэта адчувала, калі вярталася ў свой акуратны, прыбраны, абстаўлены сучаснай і моднай мэбляю, але такі няўтульны і халодны пакойчык. А ў апошнія гады сталі па начах даймаць нейкія кашмары: то прысніцца, быццам забаўляецца пасярод беражкоўскага лугу, урослага дзівоснай прыгажосці кветкамі, з дзіцём — сваім сынам, якому не дала нарадзіцца; то раптам пасярод ночы раздаецца дзіцячы плач — і прачынаецца ў халодным поце, залазіць з галавою над коўдру і трасецца ад жудасці.

А потым неяк познім вечарам завітаў Міхась. Пачуўшы яго голас, так узрадавалася, што нават забылася накінуць на сябе паліто ці плашч. Чаго ўзрадавалася — сама не ведае. Потым гэта прайшло... А ўсё ж, калі шчыра, было прыемна чуць яго тыя словы... Чаму ж тады не згадзілася распісацца? Мусіць, таму, што хацела мець час, каб прывыкнуць, пакахаць, забыцца пра былое. А калі праводзіла на аўтобус, як хацелася, каб у апошнюю хвіліну ён перадумаў ад’язджаць, вярнуўся, застаўся! Пэўна, у той жа вечар стала б яго жонкай. Але ён не даўмеўся застацца. Потым было позна... Чаму позна? Хто яго ведае — мо таму, што ў душы затаілася нейкая неразумная крыўда, нечым падобная на крыўду жанчыны, якую адверглі, якой пагрэбавалі. Канечне ж, яна выдатна разумела, што яе не адвяргалі, ёю не грэбавалі, а зусім наадварот — яна сама крыўдзіла, адштурхоўвала, вадзіла за нос Міхася, аднак гэтая дурная, неразважлівая крыўда была ўсё ж не апошняй прычынай, што і зімой, калі ён прыязджаў на некалькі дзён, думала адно, рабіла — другое. Хоць к таму часу была амаль гатова згадзіцца выйсці замуж: і Міхась ёй стаў не абыякавым, і начныя кашмары прайшлі, і Віктар успамінаўся ўсё радзей і радзей. З’явілася, стала амаль рэальнай надзея на сваё бабскае шчасце, нават на рабоце ў ёй заўважылі перамены, і каб не тая эгаістычная жаночая прыхамаць: і нікуды ён не падзенецца, пачакаем да лета, пэўна, усё было б па-іншаму...

Летам даведалася, што Міхась ажаніўся, і зноў на тры гады стала пуста і глуха.

А потым быў Аляксей...

***