Выбрать главу

Яна спаткала яго выпадкова, калі можна назваць выпадковай сустрэчу двух незнаёмых людзей у невялікім раённым гарадку. Чаму ён кінуўся ў вочы? Мо таму, што знешне вельмі нагадваў Віктара, толькі старэйшы. Спачатку падумала: мо які далёкі Віктараў сваяк? Сама зачапіла, сама завяла знаёмства...

Аляксей быў амаль на дзесяць гадоў старэйшы за яе, меў жонку і двое дзяцей. Ён прыехаў працаваць у іх горад і пакуль што жыў у гасцініцы. Вядома, ніякім сваяком Віктару не даводзіўся і ведаць яго не ведаў.

I само сабою сталася, што неўзабаве пачаліся іх асцярожныя спатканні. Яны, гэтыя спатканні, заўсёды пакідалі ў душы нейкі нядобры, абразлівы астой, але з другога боку — мелі трохі змоўніцкае, страшнаватае, што аж дух займае, свавольства, накшталт таго, як колісь у дзяцінстве, калі намервалася залезці ў чужы сад. I на нейкі момант забывалася на ўсё, была нават шчаслівая. Але толькі на момант. Звычайна ж яе думкі былі куды больш празаічныя, мо нават практычныя... Праўда, іншы раз прыгадвалася недзе вычытаная смешная думка, быццам бы адзінокая жанчына здольна віць сваё гняздо хоць на гадзіну, хоць на вулкане. Ну, чым яна не тая жанчына? А ўсё ж не тая. Яна не мела ніякага намеру віць сваё гняздо з Аляксеем.

Неяк, праводзіўшы да хаты, ён намякнуў: мо пара б ёй і ў госці запрасіць? Люба не сказала ні слова, дакладней, сказала ўсё сваім маўчаннем — яна чакала гэтага. Што думала, на што спадзявалася? Думала надзвычай цвяроза, ні на што не спадзявалася. Яна хацела толькі аднаго — нарадзіць сына ці дачку. Гэтае рашэнне выспявала даўно, для таго, шчыра кажучы, і заводзіла раман з Аляксеем, суцяшаючы сябе свавольнай думкай: што-што, а ў яе ёсць нават нейкая перавага перад замужнімі — яна можа выбраць у бацькі свайму дзіцяці каго захоча...

***

Яна была пераканана, што клопаты аб маленькім, бездапаможным чалавечку напоўняць яе самотнае жыццё новым зместам, раз і назаўсёды пазбавяць ад дакучлівай адзіноты і начных кашмараў. Болей нічога ёй ад Аляксея не патрэбна. Ніколі і нізашто не дазволіць сабе адабраць бацьку ў дзяцей. Ды і ён таксама, мусіць, не змог бы пакінуць сваіх дзяцей сіротамі.

Але цікава, чаму ён, ужо не першай маладосці, сур’ёзны, салідны, муж і бацька, так лёгка пайшоў на гэтую сувязь? Запытацца б у яго... Ат, то яе не датычыць! Мусіць, самалюбства ўсіх мужчын яго ўзросту цешыцца ад аднаго ўсведамлення, што яны яшчэ здольныя закруціць галаву на дзесяць гадоў маладзейшай. Хай сабе цешыцца. Усё роўна яна прагоніць яго да сям’і, як толькі... I нічога не скажа, не дасць ніякай падставы здагадацца, чаму парывае гэтую сувязь назаўсёды. Ды і ён, пэўна, рады будзе, што так усё абышлося. Сказаць праўду? А навошта, каб яго мучыла сумленне? Яна, калі ўсё будзе ясна, звольніцца ці папросіць, каб перавялі куды-небудзь, і ён ні пра што не будзе здагадвацца.

Тры месяцы, месяцы надзей і расчараванняў, былі доўгімі, як тры гады. Потым, пераадольваючы сорам, пайшла ў жаночую кансультацыю, адтуль — на абследаванне ў бальніцу. Прысуд быў страшны, ашаламляльны: яна не можа стаць маці.

— Не адчайвайцеся — мо лячэнне, мо аперацыя...— супакойвала ўрач.

Усё рушылася, пераварочвалася, фарбавалася ў шэры колер, змрочны, бязлітасны. Яна заходзілася ад няўцешных слёз, праклінала сябе, маці, якая амаль сілком завяла тады...

Такою, усю ў слязах, застаў яе ўвечары Аляксей. Ён разгубіўся, зразумеў усё па-свойму, замітусіўся, спалохаўся так, што стаў заікацца. Ачомаўшыся, пачаў лісліва і вінавата супакойваць:

— Ну, кінь ты... Ну, перастань... Я, вядома, сваёй віны пе здымаю, але ж... разумееш...— I, умольна гледзячы, прасіў: — Ты ў мяне разумніца... Ну, сходзіш... Ведаю, няёмка. Але што рабіць? Сама разумееш... Я...

Яна заморгала, нібы прачнулася, здзіўлена паглядзела на гэтага разгубленага, збянтэжанага чалавечка — і раптам аж скаланулася, зразумеўшы, у якую гразь сама сябе вымазала. Ён быў ненавісны ёй, і ўся іх блізкасць, якую так і не прывыкла выносіць без гідлівасці, зараз зрабілася паганай, паскуднай, кашчуннай.

— Вон! Пайшоў вон!

— Ну-у, што ты... Ну, што ты...— зусім разгубіўся Аляксей.— Ты-ы сёння не ў гуморы... Мо супакоішся — тады абгаворым усё дэталёва... Я зайду-у праз пару дзён...

— Вон! Каб мае вочы цябе не бачылі! Вон! — аж калацілася Люба.— Ты нічога тут не згубіў! Вон! Нам няма пра што гаварыць!

Ён, здалося, з палёгкаю выскачыў за дзверы, забыўшыся нават развітацца, а Люба два дні не магла прыйсці ў сябе, было такое пачуццё, быццам дакранулася да нечага слізкага, агіднага, як вужака,— мыеш і ніяк не можаш адмыць рукі.

Праз тыдзень Аляксей, заклапочаны, збляднелы ад перажыванняў, прыйшоў зноў. Нерашуча спыніўся ў парозе, пакутна топчучыся на месцы. Ён быў смешны, варты жалю. Спачатку яна мела намер нічога не казаць, хай трохі пахвалюецца, але перадумала: цяпер для яе нават яго хваляванні былі брыдкімі, абразлівымі.