Выбрать главу

Пасля прысуду гінеколага і разрыву з Аляксеем Люба адчула, што ў яе адбыўся душэўны надлом, мо яшчэ больш страшны, чым той, які быў пасля таго, як яе завяла маці... Жыццё здавалася пустым, нікога не хацела бачыць, нават да работы, якая заўсёды прыносіла супакаенне, стала ставіцца без былога імпэту: а каму гэта патрэбна, а для каго яна стараецца? Па начах зноў сталі даймаць кашмары. Са страхам заўважала, што ў яе характары адбываюцца нядобрыя змены — усё часцей «зрываецца», робіцца злою, несправядлівай да людзей, з’яўляецца брыдкая зайздрасць да чужой радасці, да чужога шчасця. Гэтыя перамены жахалі, яна ненавідзела сябе, але перасіліць, зрабіцца такою, як колісь, не магла. Выдатна разумела, ад чаго ўсё гэта, часта былі такія змрочныя гадзіны, надыходзіў такі адчай, такая няўцешпая жуда, што, здавалася, альбо звар’яцее, альбо нешта зробіць з сабою. Але ведала: нiчога яна не зробіць, бо ўсё гэта глупства, і пачынала думаць, што ёй варта ўсынавіць ці ўдачарыць малое, калі ўжо так сталася, што сваіх нельга мець. Аднак зноў пачыналіся сумненні: а ці зможа яна, ачарсцвелая, злая, стаць ласкавай, пяшчотнай маці чужому дзіцяці, ці зможа выгадаваць з яго чалавека? А яшчэ можа здарыцца так, як у газетах не раз пісалі: вырасце дзіця — знаходзіцца родная маці, пачынаецца цяганіна па судах. Ды і, зрэшты, што за дзіця трапіцца, што яму перададзена з генамі? А раптам вырасце які дэбіл, алкаголік ці распусніца — тады кусай сябе за локаць...

Праўда, сяды-тады ўзнікала разумная і лагічная думка: трэба ісці ў бальніцу, класціся, калі спатрэбіцца, на аперацыю, і на нейкі час рабілася лягчэй. Аднак ці то сорам, ці то страх перад магчымай аперацыяй, а мо і тое, і другое, перашкаджалі зрабіць рашучы крок, і яна ўсё адкладвала з дня на дзень сваё рашэнне...

Яна ўбіла сабе ў галаву, што нікому не патрэбная, хоць і ведала, што, мусіць, гэта не так: яна яшчэ не старая, больш за сваіх равесніц захавала прыгажосць і прывабнасць, не такія яшчэ выходзяць замуж, аднак ніхто не рабіў і намёкаў на заляцанні, чаго яна тайна жадала і чаго баялася. Баялася, разумеючы: наўрад ці каго яна зможа палюбіць, душа была пустою і халоднай, як склеп, яе каханне, мусіць, назаўсёды забраў з сабою ў магілу Віктар. Нават у тыя тры месяцы, калі была блізкай з Аляксеем, не пакідала адчуванне граху, сваёй віны перад Віктарам, здавалася, ён увесь час сочыць, нізашто не даруе. I тады з жахам думала: а ці не звіхнулася?!

Пасля таго як прагнала Аляксея, заўважала, што адбыўся нейкі зрух і ў яе пачуццях да Віктара. Дагэтуль ніколі, ні ў чым яна не вінаваціла Віктара, цяпер накаплялася і пакаплялася нейкая горыч і крыўда, разабрацца ў якой пакуль што не магла. Якое права ён меў так бязглузда рызыкаваць, так па-дурному паміраць? З якой гэта ласкі ён будзе даймаць яе ўсё жыццё?!I калі заявіўся Міхась, з парога прапануючы выходзіць за яго замуж, магчыма, яна не задумалася б, адразу ж згадзілася, каб было так, што ён проста развёўся з жонкай: ну, не сышліся характарам, ну, яшчэ што-небудзь, а тут... Нешта нядобрае, брыдкае стаяла за гэтым разводам...

Hi тады, ні праз дзень, ні праз тыдзень не магла сказаць ні «так», ні «не». Яна думала, думала да бяссонніцы, то ўжо, здавалася, рашыла, то зноў пачынала вагацца. I ўвогуле было дзіўнае ўражанне, быццам яе ўнутранае «я» раздваілася, размежавалася, як святло і цемень, як плюс і мінус, і кожнае хоча перасіліць, прыцягнуць на свой бок.

Плюс, прыстойненькі, як анёлачак, абураўся: «Ты што, звар’яцела? Падумай толькі: забраць у калекі мужа, у дзіцяці бацьку! Да скону дзён табе не будзе спакою».

Нячысцік-мінус ставіў пытанне рубам: «Ну і дурная! Што ты траціш? Табе і траціць няма чаго. Не ўпускай апошні шанц,— і здзіўлена разводзіў рукамі: — Чаму ты ўсё жыццё павінна быць нешчаслівая? Не забывай, што некалі не ты ў яе, а яна ў цябе яго забрала...»

«Шчасце...— скептычна ўсміхаўся анёлак.— Ён колісь здрадзіў табе, потым у цяжкую хвіліну здрадзіў жонцы, дачцэ. Захацела шчасця, замешанага на здрадзе. Не бывае такога шчасця».

«А што табе засталося? Чаго дачакаешся? — хіхікаў чорцік і сцвярджаў: — Нічога не засталося! Ісці ў бальніцу, лячыцца, спакушаць новага Аляксея? Ха-ха-ха! Ды без законнага мужа нават у той бальніцы будзеш белаю варонай. Табе патрэбны законны муж, хоць на месяц, хоць на паўгода, але патрэбны. Грызе сумленне перад былой Міхасёвай жонкай? А ў чым ты вінавата перад ёю?

Ты ж яго не кахаеш. Шлюб без кахання — амаральна».

«Ха-ха-ха...— па-мефістофельску рагатаў нячысцік.— Хто верыць у гэтую лухту? — і здзекліва дадаў: — Зрэшты, твая справа — заставайся адна ў сваёй кватэры, дзе нават рэха, як у труне...»