Выбрать главу

«Лепш ужо адной векаваць, чым такое замужжа »

«I знойдуць некалі, як Антолю...»

***

«Так, пэўна, няма на свеце цяжэйшай спрэчкі, як спрэчка сама з сабою — сябе не падманеш,— думала Люба.— Канечне, можна хапацца, як тапелец за саломінку, спадзявацца, што ўсё абыдзецца, сцерпіцца-злюбіцца, аднак, у рэшце рэшт, мусіць, заўсёды наступае расплата за той падман, за кампраміс з сумленнем...» Гэтая думка апякала яе. Разгублена агледзелася па баках, нібы шукаючы нейкага ратунку. Але ратунку не было...

Госці сяк-так цягнулі знаёмую старую вясельную песню, памалу здымалася скаванасць са свата, гаманілі нешта дружкі з др у жкамі, старая Ступакевічыха выплакала свае слёзы. Выпітая гарэлка брала сваё. Люба ліхаманкава глядзела ў адны, другія, пятыя, дзесятыя вочы — і не знаходзіла таго, чаго так хацелася знайсці — спагады ці хоць якога разумення. Вочы былі то затуманеныя хмелем, то чужыя, няласкавыя, усё тут было чужым, недарэчным, і яна адчула. такую жуду, такую адзіноту, якой яшчэ ніколі не адчувала.

***

Старая Ступакевічыха была, бадай, адным чалавекам, хто не ўзяў яшчэ ні кроплі гарэлкі, таму магла глядзець на ўсё цвярозымі вачыма. Яна ўвогуле не п’е, а каб і магла выпіць — нельга, яна гаспадыня. Гасцям гуляць, а яе справа клапаціцца, каб не было пуста на сталах, каб залагодзіць кожнага. Такая ўжо гаспадыньская доля...

На душы было цяжка і неспакойна. Чаму ніхто не прыйшоу паглядзець на маладых? Чаму нават блізкія сваякі знайшлі сто прычын, каб адмовіцца прыйсці на вяселле? За што так зганьбілі? Тут, мусіць, і Яловікі прыклалі свае языкі. Усё не могуць забыцца, усё вінаватага шукаюць.

Але, пэўна, дарма яна на Яловікаў. Яловікі тут ні пры чым. Ніхто ніколі ўсур’ёз не прымаў, што Люба вінаватая ў смерці Яловічысінага сына. Не забіла ж, не маленькага ж утапіла! Зрэшты, сама Яловічыха не раз казала, што нічога не мае да Любы, дзівілася, чаму замуж не выходзіць — не быць жа ёй, не раўнуючы, прыдуркаватай Антоляй...

Тут, вядома, іншае... Ім не могуць дараваць за Іру. I праўда, непрыгожа, не па-людску сталася... I на якую трасцу было гэтае вяселле! Ну, сын шалапут, але яны, старыя людзі, навошта ўблыталіся? А ўсё праз тое, што яйка курыцу начало вучыць. Трэба было сказаць: ніякага вяселля — і хай сабе як хацелі б. Во цяпер і самі не рады — бач, што вычаўпляў! Не сп’яну вычаўпляў. А яна якая маркотная, быццам і не маладая, бы і не яе вяселле...

Ступакевічыха ўзяла з прыкрытых радзюшкай скрынак некалькі бутэлек «Экстры», занесла і паставіла на сталы, прыняла парожні посуд, рашыла, што на сталах няма нічога гарачага, вярнулася на кухню, запаліла духоўку газавай пліты, паставіла разагравацца адубелыя катлеты, а сама ўзялася чысціць бульбу — згадзіцца. З-пад нажа бегла спрытна доўгая тонкая лупіна, то абрывалася, то ўзнікала зноў, як і невясёлыя Ступакевічысіныя думкі.

Ах, Люба, Люба! Дай бог табе шчасця! Не галубіла цябе жыццё. Бацька з вайны вярнуўся ўвесь знявечаны, жывога месца не было. На руках твая маці насіла. А потым даў бог яшчэ і цябе. Вядома, не помніш бацькі — памёр небарака, здаецца, праз год, як нарадзілася. Не адракалася ад бязрукага, бязногага навучыцелька — твая маці, хоць час які быў! Разруха, галадуха, крапіву ды лебяду елі, адна пазыка чаго каштавала, але не кінула калеку — сумленне не дазваляла. I праўда, мусіць, цяжкасць і гора гартуюць людзей. Калі чалавек гора хлебане, то не пакіне ў бядзе другога, з гора чалавек выходзіць дабрэйшы, умее паўшчуваць, падставіць плячо, апопошнім кавалкам падзяліцца. Не-е, што б там ні казалі, а дастатак псуе людзей. Во і Міхась — рос, як сыр у масле, а вырас? Адрокся ад роднага дзіцяці, кінуў жонку-калеку — бач яго: не можа з інвалідам! А навучыцелька тады магла? Магла! Людзі ўсё бачаць, людзі помняць, па-свойму ўсё разумеюць.

Праўда, час цяпер іншы. I не дай бог ім, маладым, нацярпецца таго, што старэйшыя нацярпеліся. Мы нацярпеліся, каб ім было лепей. Ды нешта прагледзелі, нешта ўпусцілі са старым, як раслі дзеці. Лёгка ім усё давалася, хоць, праўда, і не заўсёды соладка было, але тады былі малыя, не помняць.

Ой, Люба-Люба, ці хоць будзе ў цябе шчасце? Чуе маё сэрца нядобрае. Праўду, мусіць, кажуць старыя людзі: на чужым няшчасці не пабудуеш шчасця...

I адразу ж прыгадалася Іра. Бог, за што ж ты пакараў так яе?! Яна ж і мурашкі ніколі не пакрыўдзіла, а ты на яе змалку беды і беды. Чаму ж такі бессардэчны і несправядлівы ты, бог?! I раптам жахнулася ад такіх нечаканых думак, спалохана перахрысцілася.