Выбрать главу

Перамыла, паставіла варыцца бульбу, узялася нарэзваць каўбасу, але рабіла ўсё амаль механічна — думкі, адна за другую маркотней, здавалася, хочуць даканаць яе. Прыгадаўся дзень, калі Міхась сказаў, што развёўся з Ірай. Яна-то стрыманая, а стары як разышоўся: вон з маёй хаты, каб нагі тваёй не было, каб вочы мае не бачылі такога вылюдка. Схапіў папругу і перацягнуў, як некалі у маленстве. А сам зусім ашалеў: заб’ю, сволач! Шкада, што малога не забіў — мо не нарабіў бы пакасці.

Параіліся тады, папрасілі ў старшыні калгаса машыну і паехалі мо за дзвесце вёрст па Іру. Прыехалі аж пад вечар, а дома не засталі. Прачакалі, пэўна, з гадзіну. Нарэшце, накульгваючы, з каляскай, у якой сядзела Верачка, на асфальтаванай дарожцы паявілася Іра.

— Тата?! Мама?! — здзівілася і ўзрадавалася яна, адпусціла каляску і кінулася абдымаць іх.— Ой, а я і не здагадвалася, што такія госці! Гуляем сабе, нічога не думаючы. То пойдзем у хату...

— Пойдзем, пойдзем, дочка. Час ужо на ноч хіліцца. Сабярэм твае мэтлахі — і паедзем,— рашуча сказаў стары— Мы тут спецыяльна з машынай.— I, беручы на рукі Верачку, сказаў да яе: — Паедзем да нас, унучачка...

— Як гэта паедзем? — не зусім зразумела Іра.

— А во так! Ты наша дочка — во і ўсё! Мы цябе ў бядзе не пакінем — во так. Хоць ён і кроў наша — ды не сын нам. Во што! Ты — наша дочка, Верка — наша ўнучка. Во што!..— блытана тлумачыў ён і аж пачырванеў ад узбуджэння.

— Татачка! — кінулася да яго Іра, уткнулася ў грудзі і закалацілася ад плачу.

— Ну-у, што ты... Ну-у, што ты...— няўмела супакойваў яе стары, гладзіў, як малую, па плячы і шчасліва ўсміхаўся, а потым не стрымаўся — і ў самога па твары пракацілася буйная слязіна.— Будзеш у нашай бальніцы рабіць, я з доктарам абгаварыў — во што... А таго нягодніка я прагнаў — бачыць паскудніка праціўна. Во як...

Яна таксама падышла да Іры, пагладзіла па валасах:

— У нас табе лепей будзе...

Іра раптам перастала плакаць, вінавата ўсміхнулася, выцерла хусцінкай слёзы, адразу ж зрабілася задуменна-сур’ёзнай.

— Якія вы харошыя людзі, тата і мама! — пасля некаторай паўзы мякка і сардэчна сказала яна.— Як я вас люблю — вы, пэўна, і самі не здагадваецеся. Ад шчырай душы вы прыехалі, ведаю, і ніколі нікому не далі б мяне ў крыўду, каб наехала да вас. Але я не магу паехаць. Зразумейце мяне — не магу.

— Як гэта не магу? — насцярожыўся стары.

— Не магу, тата...— аб сваім нечым думаючы, сказала Іра.— Калі хочаце ведаць праўду, то не Міхась мяне пакіпуў, а я сама яго адпусціла... прагнала, калі хочаце... Не здзіўляйцеся — прагнала.

— Ну-у, ты, вядома, гэта... не заступайся, на сябе не каці бочкі,— пачаў нервавацца стары.— Я, ведаеш, не люблю гэтага.

— Я не заступаюся, тата, але гэта праўда, што не Міхась, а я дамаглася разводу.

— Чаго ж гэта ты? — недаверліва глянуў той.— Ты кінь мне байкі баяць!

— Вам хочацца ведаць чаму? — задумалася Іра.— Па праўдзе кажучы, не хацела жаласлівасці. Жаласлівасць абражае.

— Ну-у, ты гэта ўжо і скажаш! — не здаваўся стары.— Чаго ў тым благога, калі паўшчуваюць? За што ж крыўдзіцца? Га?

— Добрыя людзі заўжды паўшчуваюць,— падтрымала яго Вольга Аляксандраўна.— Гэта толькі ліхадзей ці зайздроснік будзе радавацца чужой бядзе.

— Ушчуванне і жаласлівасць не адно і тое, мама,— самотна ўздыхнула Іра і яшчэ больш засмуцілася.— I горш за ўсё: дзе мяжа паміж спачуваннем і жаласлівасцю, не ведаюць людзі. — Задумалася і больш для самой сябе, чым для іх, начала расказваць: — Пазаўчора хацела на суботнік выйсці разам з усімі, а наш галоўны: заставайся дома — табе не ўправіцца нараўне...

— Ну, і што тут такога? — не даў дагаварыць ёй Мікалай Міхайлавіч.— Няўжо хацела, каб цябе яшчэ гойсаць па стадыёне прымушалі, ці што?

— Ды сціхні ты, дай чалавеку дагаварыць! — незласліва сыкнула на яго Вольга Аляксандраўна.

— Вы вечна гэта, бабскае племя, вам падай далікатнасці! — разышоўся стары.

— Ды не ў тым справа, тата...— прыцішана сказала Іра, і Мікалай Міхайлавіч аціх, хоць, адчувалася, маўчаць яму не так проста.— Не калецтва само па сабе страшна, а страшна, што табе ўвесь час напамінаюць пра яго. Змірыцца са сваей непаўнацэннасцю страшна... I разумееш, што людзі табе ад шчырай душы спачуваюць, а зрабіць з сабою нічога не можаш — крычаць, выць воукам хочацца. Няўцям людзям, што, спачуваючы, яны прычыняюць боль, нагадваюць тое, пра што сама хочаш забыць...

***

Ступакевічыха, занятая сваімі думкамі, не заўважыла, як на кухні з’явілася Люба.

— Цёця Оля, дзе тут мае боцікі і паліто? — нецярпліва запыталася яна.