Старую непрыемна кальнула гэтае «цёця», але падумала: ат, знайшла да чаго чапляцца, быдта ў самой некалі язык паварочваўся адразу клікаць свякруху мамай! Прывыкне...
— У шафе. Зараз падам,— устала з зэдліка.— А мо ў валёнкі ўступіся, накінь кажух на плечы — ён новы, чысты.
— Ды не, цёця Оля...
— Ну, як сабе хочаш...— трохі пакрыўджана сказала Вольга Аляксандраўна і пайшла шукаць Любіну адзежу, боцікі.
Любы доўга не было з вуліцы, і ў душы Вольгі Аляксандраўны неўзабаве стала варушыцца нейкая цьмяная трывога.
А ў святліцы п’яна басіў сват:
— Вальц для маладых! А дзе ж маладая? Малады, дзе маладая?! Дзе маладая, пытаюся?!
Вольга Аляксандраўна выйшла з кухні і незадаволена буркнула на вуха свату:
— Ды не гарлапань ты — зараз прыйдзе.
Усё-ўсё, цётка, зразумеў...— падміргнуў ёй сват і закрычаў: — Увага! Увага! Зараз прыйдзе маладая! Hiхто не танцуе, пакуль не прыйдзе маладая! Чакаем маладую! — I праз хвіліны дзве пагразіў пальцам Міхасю: — Ты глядзі ў мяне! Чаго добрага ўкрадуць маладую...
На душы ў Ступакевічыхі было неспакойна, не ўтрывала — нацягнула на ногі валёнкі, накінула на плечы кажух, выйшла на панадворак, думаючы: куды ж яна падзелася, даўно пара вярнуцца. Пратупала да хлява, нягучна паклікала:
— Люба! Люба!
Люба не адгукалася.
Вольга Аляксандраўна заглянула за хлеў, у сад — Любы нідзе не было. Куды ж яна падзелася? Як скрозь зямлю правалілася.
— Люба! Люба! Дзе ты? — гучней паклікала яна, пастаяла, прыслухалася — у адказ была глухая цішыня.— Хм, чорт ведае што...— неўразуменна паціснула плячыма і падумала: трэ сказаць Міхасю — мо яму адклікнецца.
А ў хаце бушаваў п’яны сват: «Куды падзелі маладую?! Падаць сюды маладую!» Голас яго быў чуваць нават тут, на вуліцы.
Вольга Аляксандраўна зайшла ў сенцы, потым — на кухню, павесіла на вешалку кажух, хацела пераабуцца, але перадумала, заглянула ў святліцу, паманіла пальцам Міхася, устрывожана сказала:
— Люба прапала, мо схадзі сам пакліч. З паўгадзіны, як пайшла, даўно пара вярнуцца... Такая халадэча на дварэ...
— Нікуды не прападзе-е! — бадзёра сказаў Міхась і памкнуўся да дзвярэй.— Зараз знойдзем!
— Не хадзі так! — спыніла яго маці.— Апраніся.
Міхась паслухмяпа пасунуў шапку, накінуў паліто, выйшаў за дзверы. На сходках агледзеўся і гукнуў на ўвесь двор:
— Іра-а! Іра-а! Дзе ты прапала?
У яго гэта атрымалася машынальна, і ён пават не заўважыў сваю памылку, сцяміў толькі, калі ў сенцы куляй выскачыла маці і злосна штурхнула ў бок:
— Ты што, ашалеў?! Якая табе Іра?!
Ён аж сціснуўся ад сораму за сваю прамашку, сарваўся з месца, таропка пайшоў да хлява. Пачакаў, пакуль маці скончыць сваё бурчанне на ганку і зойдзе ў хату, потым, згараючы ад няёмкасці, нясмела паклікаў:
— Люба, дзе ты?
У тую хвіліну яму не хацелася, каб Люба адклікнулася: канечне, яна чула, канечне, пакрыўдзілася. Але, прастаяўшы сцішана за вушаком хвілін з дзесяць, адчуў, што да яго не на жарт закрадваецца трывога: куды ж яна магла падзецца? Абышоў вакол хлява, пахадзіў па садзе, ля ўрослых у снег вуллёў, выйшаў праз весніцы пад хату, зноў павярнуў да хлява, заглянуў на сенавал, не ўтрываў і баязліва паклікаў:
— Люба! Люба! Люба-а...
Была такая цішыня, што аж звінела ў вушах. Толькі з хаты даносіўся прыглушаны шум ды недзе ў вёсцы заліваўся сабака. Ярка свяціў месяц, адкідваючы доўгія чорныя цені ад хаты, слупа, дрэў, ад яго самога, і гэтае святло стала раздражняць: пэўна, яна назірае за ім са свайго сховішча, бачыць яго разгубленасць. Зайшоў у цень, спыпіўся. Здаецца, чуваць нечыя крокі! Канечне, яна! Услухаўся, затаіўшы дыханне — не, нічога не чуваць. Выбег на вуліцу, сцішыўся ля плота — нідзе нікога, нават сабака замоўк дзесь пасярод вёскі.
— Люба! Люба!
Толькі гулкае рэха — «ба», «ба» — адгукнулася ад суседніх хат, і Міхася ахапіў страх. Ён і сам не разумеў, ад чаго больш гэты страх: ці ад таго, што Люба прапала, ці ад таго, што раптам хто ўбачыць, як ён туляецца ля платоў, шукае маладую, а яна — лататы! Зноў подбегам ірвануў да хлява, залез па гарышча. Сена было халоднае, уляжалае — сюды, канечне, яна не магла схавацца. А мо пайшла на суседскі двор, дзе некалі жыла? Ён мала верыў, што яна магла забрацца на суседскі двор, аднак рабіць нічога не заставалася — крадучыся, пайшоў туды. Прытаіўся ля плота, і слых яго быў чуйны, як у звера, аднак улавіць нічога не ўдавалася. Страх, брыдкі, крыўдны, прыкры, вырастаў з кожнаю хвілінай — і ён стаў заўважаць што ў яго ўсё дрыжыць усярэдзійе.
«А мо забрыла да Яваровічавай Ганны? — узнікла радасная здагадка.— Ганна не прыйшла на вяселле, спаслалася на недамаганне, то мо рашыла адведаць — даўнія ж сяброўкі. Але хіба можна так: пайсці з уласнага вяселля, нічога нікому не сказаўшы? Не-е, наўрад яна магла пайсці да Яваровічаў у такі час...»