Выбрать главу

I верыў, да сённяшняга дня верыў, што вяселле будзе збавеннем, той мяжой, пераступіўшы якую, ён набудзе душэўную раўнавагу. Сёння стала ясна, што ўсе надзеі былі марныя і зараз рассеяліся, як туман, як сон. О, каб усё гэта магло быць проста сном!

Але вяселле было рэальнасцю, сумныя госці рэальнымі, і тое, што ўжо немагчыма нічога перайначыць, немагчыма нічога паправіць,— таксама было рэальнасцю.

Круг звужваўся, і цяпер у яго не заставалася ніякага выйсця, апроч таго, каб цярпліва чакаць, пакуль усё скончыцца, ды суцяшаць сябе: ат, чаго забягаць наперад — мо якраз і ўсё будзе добра, мо ўсё, як заўсёды, уладзіцца, чаго не бывае ў жыцці!..

Канечне, гэта было слабое суцяшэнне. Спакваля падкрадваўся страх, жахлівы, панічны. Трэба было нешта рабіць, а то, адчуваў, гэты страх даканае, але не ведаў, што рабіць, ды яшчэ разумеў, што ў яго проста не хопіць сілы, каб нешта рабіць... Мо напіцца, заснуць, каб не бачылі вочы, а там што будзе — то будзе?..

Каторая бліжэй да яго бутэлька была пустая, а прасіць, каб падалі поўную — няёмка. Глянуў на засмучаных маці, бацьку — і жахнуўся ад свайго намеру: што б было, каб напіўся, зваліўся пад стол! Старыя ж ні ў чым не вінаватыя. За што ж іх сароміць на ўсю вёску? А ён ужо і без гэтага асароміў...

Невідушчы позірк яго ўпёрся ў сцяну, абклееную жоўтымі шпалерамі, і раптам балюча кальнуў успамін... Непал! Іра выбірала — ёй вельмі падабаўся гэты вясёленькі колер. Шпалеры ніяк не хацелі прыставаць да пабелкі, адвальваліся разам з ёю, давялося счышчаць усе сцены, аж два дні быў у хаце вэрхал, але выклеілі, як хацела Іра, і маці была вельмі задаволена, хоць да гэтага незласліва бурчала: прыехалі, то адпачылі б, як людзі, на Нёман пахадзілі, а то за рамонт узяліся, на вясне сама пабяліла б, ні халеры не сталася б... А потым вадзіла суседак і хвалілася: во паглядзіце, якую красу мне нявестка навяла.

Ён намагаўся думаць пра што-небудзь іншае, адарваць свой позірк ад шпалераў, пераводзіў то на гасцей, то на ўстаўлены закуссю і гарэлкай вясельны стол, а шпалеры, трохі выцвілыя, жоўтыя, колеру здрады, прыцягвалі, як магніт; позірк зноў і зноў, злева, справа, спатыкаўся на іх, і не было куды схавацца, хацелася енчыць, выць воўкам. Ён стаміўся ад гэтай невыноснай барацьбы, разумеючы, што не будзе ратунку ад былога, не ў яго сілах нешта зрабіць, каб ураз адняло памяць, і, здаючыся, няўцешна падумаў: не ўцячы ад сябе, не схавацца, сябе не ашукаеш... I ўжо не рабіў спробу абараняцца ад былога, і неўзабаве стаў адчуваць, што яно прыносіць аблягчэнне... Нечакана для сябе зрабіў яшчэ адно дзіўнае адкрыццё: а былое запісана ў памяці, як на магнітнай стужцы! Захочаш — можаш адкруціць назад і зноў паслухаць, хочаш — круці з самага пачатку, хочаш — з сярэдзіны, хочаш — пракручвай любое на выбар...

Шкада толькі, што нельга ўжо нічога перапісаць, нельга нічога перайначыць.

I пабегла-пабегла нябачная стужка памяці, уваскрасаючы то зусім яркія, свежыя, то паўзабытыя падзеі, эпізоды, твары. Яны ўсплывалі з самых далёкіх, глухіх завулкаў, здаваліся казкаю, чароўным сном, на нейкі момант, нейкую хвіліну дазвалялі адкараскацца ад сённяшняй рэальнасці...

Усе хлопцы дзевятага «А» класа былі закаханы ў Любу — дачку настаўніцы матэматыкі Клаўдзіі Аляксееўны. Люба расцвіла неяк непрыкметна, адразу. Яшчэ вясной на экзамене за восьмы была худая, нязграбная. Форменны фартушок вісеў на ёй, як на пудзіле, а дзве касічкі былі недарэчнымі і смешнымі, быццам існавалі толькі для таго, каб за іх патузаць.

На лета яна з маці паехала некуды на Гомельшчыну, а калі вярнулася к восені — сваім вачам ніхто не хацеў верыць: няўжо Любка гэта? Яна падрасла, паправілася, з’явілася мяккасць у рухах, таямнічая загадкавасць у поглядзе. Нават недарэчная чорненькая радзімка каля рота стала загадкава-прывабнай. Гэтая радзімка адразу ж захвалівала Міхася. I ўвогуле ён адчуў, што з ім робіцца нешта незразумелае...

Яны з самага маленства жылі па суседству. У малодшых класах дружылі, сядзелі за адной партай, а недзе з пятага, як усе хлопцы, не схацеў «сядзець з дзеўкай», рабіў усё на шкоду: то падручнік схавае, то бант у косах запэцкае ў чарніла, то без прычыны тумака ўлепіць, то забярэцца ў яе кветнік, з карэньмі павырывае кветкі.