Пастаяў яшчэ некалькі хвілін, вагаючыся: ісці ці не ісці да Яваровічаў, заўважыў, што прабірае холад і ўвогуле няма ніякага сэнсу тырчаць, як злодзею, пад суседскім плотам, рашыў ісці. От жа дасць наганяю!
Яшчэ здалёк заўважыў, што ў хаце Ганны Яваровіч няма святла, хацеў быў павярнуць назад, але чамусьці не павярнуў. Збаўляючы хаду, прайшоўся ля хаты, чуйна прыслухоўваючыся. Ціха. Толькі фасфарычнае месяцава святло няўтульна і холадна паблісквае ў шыбах.
А мо яна, пакуль ён шукае ветру ў полі, даўно ў хаце? Пэўна, у хаце. Подбегам памчаў назад, усё яшчэ верачы і ўжо не верачы, што яна знайшлася. Хацеў заглянуць у акно, але мароз размаляваў шыбы так, што нічога не відаць. Раптам позірк затрымаўся па засунутай у шчыліну на дзвярах газеце. Здаецца, яе тут раней не было. Мусіць, паштальён пасаромеўся зайсці. Але чаму не апусціў, як звычайна, у паштовую скрынку? Міхась машынальна ўзяў газету і заўважыў, што рука не падымаецца адчыніць дзверы — а раптам яе няма? Што рабіць тады? Ён не ведаў, што рабіць. Няўжо на самай справе збегла? Чаму? Хіба ж можна?!
— Ну, дзе яна? — трывожна наляцела маці.— Знайшоў?
— А не прыходзіла? — не сваім голасам запытаў ён, заўважаючы, наколькі недарэчнае яго пытанне.
— То каб прыходзіла...
— Няма нідзе...— разгублена і бездапаможна развёў рукамі, патупіўшы позірк.— Дзе ж яна можа быць?..
— Маладых сюды! Куды падзелі маладых?! — грымнуў сватаў бас.
Міхась разгубіўся яшчэ больш: ці паказацца яму ў святліцы, ці зноў ісці на вуліцу? Збянтэжана сеў ля стала, не чуючы, што гаворыць затрывожаная маці. Заўважыў, што яго калоцяць нейкія дрыжыкі, прабіваецца халодны пот. Каб хоць чым заняць рукі, разгарнуў прынесеную газету і — заморгаў: наўскос губной памадай было напісана: «Даруйце, я не магу больш. Я вінавата перад усімі, але не магу. Нічога дрэн. са мной не здарыцца. Бывайце. Люба».
Першае, што ўдарыла ў галаву: што будзе зараз, калі вясельнікі даведаюцца?! Што будзе заўтра?! I з’явілася адчуванне, быццам яго раптам ударылі па галаве нечым цяжкім, ды так ударылі, што захістаўся, ледзьве ўстаяў на нагах. У вушах гудзеў сватаў бас:
— Дзе маладая? Куды падзелі маладую? Дзе малады?!
Не памятаючы сябе, ледзь не збіўшы з ног маці, ён кiнуўся ў сенцы, затым — на вуліцу. /p>
«Дагнаць! Дагнаць! Вярнуць!» — была толькі адна думка.
Выскачыўшы за вароты, спыніўся, утрапёна гледзячы па баках: куды бегчы? Справа ў вёсцы забрахаў сабака — і, не раздумваючы, кінуўся туды — мо на яе брэша.
Ён бег па бязлюднай вуліцы, не чуючы пад сабой ног. За што яна?! За што?! Я ж ёй пакажу! Я ж ёй пакажу!
Раптам аднекуль проста пад ногі з залівістым брэхам кінуўся кудлаты сабака.
— Каб ты здох! — прастагнаў Міхась і, прыпыніўшыся, сярдзіта сыкнуў: — Пайшоў вон!
Сабака адскочыў убок, сеў на заднія лапы, не так злосна, але брахаў, задраўшы ўверх зяпу. Аднак варта было Міхасю прыбавіць кроку, як сабака зноў кінуўся на яго, лямантуючы на ўсю вёску.
«Зараз з хат павыскакваюць»,— са страхам падумаў Міхась, прыглядваючыся, дзе б раздабыць які кій, аднак, як на злосць, нічога не траплялася пад рукі. Нарэшце заўважыў плоскую рудую льдзіну з-пад конскага капыта, нагнуўся і схапіў яе. Сабака змікіціў — адбег далей, яшчэ агідней лямантуючы. Міхась пабег, адчуваючы, што сабака прэ за ім з усіх лап, потым рэзка затармазіў — і сабака, войкаючы, клубком пакаціўся пад ногі. Міхась з усяе сілы шпурпуў у яго льдзінай — ы-ых, прамазаў! Сабака рвануў назад, скуголячы: я-й-яй-яй-і-і... Ну во, мо, нарэшце, адчэпіцца, воўчае мяса!
Але варта было прыбавіць кроку, як сабака зноў, праўда, на небяспечнай адлегласці, залямантаваў на ўсю ваколіцу. Гэты лямант падхапілі іншыя сабакі, аж ірваў ланцуг ваўкадаў Хведара Канцавога, і неўзабаве падняўся такі вэрхал, быццам у вёску пранікла сотня зладзеяў.
Міхась кінуўся з усіх ног па цаліку, наўпрасткі праз выган; хоць снег быў уляжалы, але ногі сям-там правальваліся, потым натрапіў на лыжню, якая неўзабаве зноў вывела на дарогу...
Ад бегу стала займаць дых — збавіў крок. Нейкі час ішоў, ні пра што не думаючы, але не думаць было немагчыма. За што яна? За што так аплявала?! Якое яна мела права?! Што яна нарабіла?!
Бяссільная злосць паліла яго, даводзіла да шаленства.
— Дурань! Ідыёт! Асёл! — крычаў Міхась, не баючыся, што хто пачуе яго адчайны крык, раз-пораз падфутбольваючы што толькі траплялася па дарозе. Нейкая неразумная, неўтаймаваная сіла стала ўлівацца ў яго, хацелася біць, ламаць усё наўкол, некаму за нешта помсціць, некага лупцаваць і перш за ўсё лупцаваць самога сябе. На вочы трапіўся даволі вялікі ўледзянелы камяк, з адчаем саўгануў яго нагою — і ледзь не завойкаў ад болю, пакульгваючы, пакалдыбаў далей.