Выбрать главу

Цяпер усё перайначылася, перайначылася самым неверагодным чынам. Ён быў шчаслівы, калі ўдавалася на перамене хоць хвілінку пасядзець поруч, і наогул яна магла з ім рабіць што захоча. Больш таго: штодня даводзілася хлусіць Клаўдзіі Аляксееўне, што яны разам з Любай вучаць урокі, хоць, вядома, яны разам ніякіх урокаў не вучылі, а Люба з Віктарам Яловікам з дзесятага класа прападалі за ваколіцай, на Нёмане. Ад пякучай і горкай крыўды не раз хацелася выдаць Любу, аднак нечага баяўся, працягваў хлусіць Клаўдзіі Аляксееўне, спадзеючыся, што Люба ацэніць яго подзвіг. Яна і на самай справе была ўдзячна яму — і толькі...

У дзесятым класе Люба зусім занядбала вучобу, чым давяла маці аж да бальніцы, нахапала ў атэстат троек, правалілася на ўступным экзамене ў інстытут.

Ён паступаў у медыцынскі, без асаблівай ахвоты, абы наступаць, і не надта бедаваў, калі не прайшоў па конкурсе — ведаў, што Люба нізашто не паступіць, застанецца ў вёсцы. На нешта спадзяваўся — Яловіка ўвосень альбо будучай вясною забяруць у армію. Аднак спадзяванні яго не апраўдаліся: Люба, забраўшы дакументы, паехала ў Навагрудак і паступіла ў гандлёва-кааператыўны тэхнікум. Яму паступаць куды-небудзь было позна... У душы была страшэнная крыўда на Любу, быццам яна ва ўсім вінаватая, быццам яна яму здрадзіла, пакінула з носам. Але крыўдней за ўсё было, што Яловіку па нейкай прычыне далі адтэрміноўку ў армію.

Расчараваны і абражаны Міхась застаўся ў вёсцы, працаваў у калгасе на розных работах, а ў кожную вольную хвіліну з помслівай упартасцю сядзеў над падручнікамі.

Вясною яго прызвалі ў армію. А праз тры месяцы з бацькавага пісьма даведаўся, што ў Любы з Віктарам Яловікам мелася быць вяселле, але здарылася няшчасце...

Міхась ненавідзеў сябе, бо ведаў — пагана, брыдка, подла радавацца чужой бядзе, але не мог задушыць радасць, што Люба не выйшла замуж. Пачакаўшы з месяц, напісаў ёй пісьмо, потым — другое, трэцяе, праз паўгода — яшчэ, аднак ні на адно Люба не адказала. Больш, вядома, і не пісаў, супакоіўшы сябе, што на ёй не сышоўся свет клінам.

А потым, калі даведаўся, што Клаўдзію Аляксееўну перавялі ў местачковую школу і яны з’ехалі з вёскі, рашыў, што іх з Любаю сцежкі разышліся назаўсёды, што ўсё былое быллём парасло...

Спаткаліся яны праз шэсць гадоў, калі ён быў на чацвёртым курсе політэхнічнага інстытута, куды паступіў пасля арміі. На трох першых курсах летнія канікулы праводзіў у студэнцкіх будаўнічых атрадах, у вёску заглядваў перад самымі заняткамі, на некалькі дзён. На чацвёрты год нікуды не паехаў — рашыў адпачыць у бацькоў, пакупацца ўдосталь, нарыбачыць на Немане.

— Ах, божачкі! — успляснула рукамі маці, ледзь ён зайшоў у хату.— Гэта ж толькі што забягала Люба. Ты яе не спаткаў на аўтобуснай?

— Не-е...— Адчуў, як закалацілася сэрца, аднак узяў сябе ў рукі, каб не падаваць знаку, што гэтая навіна кранула, усхвалябала яго.

Маці паглядзела ўважліва, і ў яе поглядзе мільгнулі пытанне і трывога адначасова.

— Пра цябе распытвала... То ніколі не заходзіла, то раптам успомніла... Яна кожны год сюды на дзень-два прыязджае... да Яваровічавай Ганны...— У матчыным голасе адчуваліся і нейкая недамоўленасць, і, здалося, асуджэнне.

— Шкада, што размінуліся...— наколькі мог, абыякава сказаў Міхась, а сам са шчымлівай ці то радасцю, ці то смуткам стаў разумець, што не, не зарасло быллём-палыном былое...

Тое, пра што расказала маці, не выходзіла з галавы, не давала спакою. Ужо назаўтра не знаходзіў сабе месца і занятку. Нейкая невядомая, неадольная сіла цягнула яго ў той далёкі раённы гарадок, дзе жыла і працавала Люба. Ведаў, што неразважліва адразу ж кідацца ўслед за ёю, было брыдкавата: а раптам здагадаецца маці, аднак, сам таго не разумеючы, шукаў і шукаў зачэпку, каб можна было, не выклікаючы падазрэння, вырвацца ў той гарадок.

Люба, калі ён неспадзеўкі познім вечарам пастукаў у дзверы, вачам сваім не хацела верыць, глядзела, як на цуд які, узрадавалася і разгубілася, не заўважала нават, што стаіць перад ім у начной кашулі, якую толъкі для блізіру можна назваць адзежынай.

— Мі-і-хась?! — Узрушана, утрапёна кінулася на шыю.— Якімі вятрамі цябе?

Ён быў аглушаны, прыдушаны, шалеў ад шчасця — такой не малявала сустрэчу самая смелая яго фантазія. Праз хвіліну, сам таго не жадаючы, адчуў таемную цеплыню яе блізкага пругкага цела; яно клікала, вабіла, палохала, сэрца забілася, як птушка ў сілку; не памятаючы сябе, пацалаваў Любу ў шчаку, яна падалася яшчэ бліжэй, адчуў яе бёдры, хмялеючы, пацалаваў яшчэ раз за вухам. I гэта нечакана разбудзіла Любу — яна рэзка адштурхнула яго, адскочыла ўбок, і невядома чаго больш было ў яе поглядзе — здзіўлення, збянтэжанасці, жаху ці мо нават нянавісці. У той момант яна была падобная на кошку, якая не дае сумненняў, што ўчэпіцца кіпцюрамі, толькі паспрабуй працягнуць руку.