Выбрать главу

— Ой! — мусіць, здагадаўшыся, што за адзежына на ёй, Люба машынальна прыціснула локці да грудзей, зардзелася і шмыгнула за шырму.

Міхась стаяў як укопаны, не зусім разумеючы, што здарылася, але ўжо пачынала садніць расчараванне, нейкая прыкрасць.

— Прысядзь, чаго стаіш?! — узбуджана, але не сярдзіта, здалося, нават па-змоўніцку, з намёкам, азвалася з-за шырмачкі Люба, і ў яго зноў замерла сэрца, з’явілася прадчуванне, ад якога стала займаць дух.

Неўзабаве яна, апранутая ў шэрую сукенку і такога ж колеру світэр са стаячым каўняром, што рабіла яе строгай і афіцыйнай, выйшла са свайго сховішча. Ніякаватая ўзбуджанасць у яе яшчэ не прайшла, яна пазбягала глянуць яму ў вочы, быццам саромелася нечага, і Міхась, пакутуючы ад незразумелай няўтульнасці, адчуваў, што павінен нешта сказаць, аднак патрэбныя словы ўпарта, як на грэх, не ішлі.

— Пачакай трохі, я на стол накрыю.

Ён нават абрадаваўся, што яна выйшла на кухню, і пакуль была там, пакутліва думаў, як сябе паводзіць, што будзе далей... За шырмай, якую Люба чамусьці (ці гэта не намёк?) забылася зашморгнуць, відзён быў ложак...

Люба заслала абрусам нізенькі столік, паставіла сподачкі з чаркамі па доўгіх ножках, прынесла бутэльку каньяку, лёгкую закусь, падумаўшы, выключыла святло, застаўся гарэць толькі таршэр ля століка. У Міхася салодка зайшлося сэрца: ён недзе бачыў у кіно ці чытаў у кніжцы, што гэта значыць, калі жанчына ствараѳ такі інтым... Таемна-незвычайнае, што мелася адбыцца паміж імі, кружыла галаву, адбірала розум і мову. Міхась адно разумеў: яна самая прыгожая, самая жаданая ва ўсім свеце, ён кахае яе па-ранейшаму, не, не так, як раней, а кахае больш, інакш, яна абуджала ў ім пачуцці, пра якія раней не адважваўся, саромеўся нават думаць.

Люба выпіла за сустрэчу чарку да дна, прапанавала закусваць. Ён затрымаў яе руку і адразу ж злавіў на сабе ўважлівы позірк: Любіны вочы глядзелі насцярожана строга, здавалася, яна нейкім чынам прачытала яго думкі.

— Міхась, ты што?!

— Ні-і-чога...— зніякавеў ён, адчуўшы нейкую горыч.

Яна зрабіла ўсяго адзін глыток са зноў налітай чаркі і заклапочана нагадала пра позні час. Ён яшчэ раз крадком кінуў позірк на незашморгнутую шырму, раскладзены ложак і з заміраннем сэрца згадзіўся, што час сапраўды позні...

Люба пайшла нанач да суседкі, а ён, расчараваны, абражаны, варочаўся, ніяк не мог заснуць на яе пасцелі, якая, нягледзячы на свежую бялізну, хавала нейкія незнаёмыя, таемныя пахі. Стаў супакойваць сябе і думаць, што ўвогуле Люба зрабіла правільна — нельга ж адразу... Ён нават з ёй і не пагаварыў па-чалавечы, не кажучы, каб адкрыць сваё сэрца, і разумна, што Люба пайшла начаваць да суседкі,— каму трэба, каб папаўзлі плёткі...

Назаўтра ўладкаваўся ў гасцініцы, вечарам схадзілі ў кіно, пасядзелі ў рэстаране, і, калі праводзіў дадому, у кватэру Люба не запрасіла. Яго гэта кранула, але не падаў знаку. А мо ў яе хто ёсць, толькі не прызнаецца? Чаму яна была без настрою ўвесь вечар, чаму нават абняць не дазволіла? А ён намерыўся быў сказаць пра свае пачуцці, магчыма, прапанаваць запісацца...

У наступныя дні падазрэнні закрадваліся ўсё часцей, і здавалася, што яны мелі рэальную падставу — Люба зусім перамянілася: ухілялася быць адзін на адзін, здавалася, нават не рада, што ён прыехаў. Адно было дзіўна і незразумела: чаму яна так ахвотна бывае з ім на людзях, нават у клуб на танцы зацягнула? На людзях — памяркоўная, рахманая, а калі няма нікога — зусім іншая, нібы падмяняюць... Самая элементарная логіка падказвае, што павінна быць усё наадварот...

За тыя дні ён паспеў добра разглядзець Любу, прывыкнуць да яе, зусім не такой, як шэсць гадоў назад. Пасталела, вядома, нават, здаецца, стала вышэйшая ростам, новай, трохі насцярожваючай была яе строгасць, нейкая сухаватая, бязлітасная — пэўна, бухгалтарская работа зрабіла свой адбітак. I яшчэ, што не зусім падабалася яму,— вечны смутак і холад у вачах. Яна нічога не расказвала пра сваё жыццё, апроч таго, як вучылася, якія клопаты мае на рабоце, і ён асабліва не дапытваўся, разумеючы, што ёй не дужа прыемна прыгадваць былое. А ўвогуле, яна была прыгожая, прывабная, вядома, не такая, як колісь — што ні кажы: гады, але ён кахаў яе такую. Праўда, прымешвалася, не давала спакою нейкая горыч, і ён не ведаў, ад чаго гэтая горыч: ці то ад таго, што Люба не хацела пускаць яго на парог, ці то ад таго, што па-здрадніцку давала знаць аб сабе былая крыўда — прамяняла некалі на нейкага Яловіка, ці ад таго, што і цяпер, калі даўным-даўно няма Яловіка, яна застаецца, як і колісь, недасягальнай, халоднай. I гэта абражала, даводзіла да роспачы, а па вечарах, калі заставаўся адзін у гасцінічным нумары,— асабліва.