Выбрать главу

— Чагось ты там згубіў?

Адась разумеў: тое, што ён задумаў,— не бабскага розуму справа, аднак яго распірала ад нецярпення некаму сказаць, з некім падзяліцца — хай ведаюць, які ён смелы!

— Ляксея Купцэвічавага праганяюць, то паеду пагавару з райкомам, ідры яго матары — важна надзьмуўся Адась.— Хай не смеюць! А то яшчэ тога піліпавіцкага ахламона ўздумаюць прыслаць...

— Э-эй...— адразу ж страціла цікавасць Адасіха.— Нехта цябесь, старога дурня, будзесь слухаць...

— Цыц! Не твайго розуму дзела! — ускіпеў Адась.— Давай медале!

— Там, у скрынцы! — і дадала здзекліва: — То мо і мае навесіш, і бацькавы георгіеўскія крыжы — тадыка можась і паслухаюць...

— Ты-ы-ьт...— збляднеў Адась, кінуўся да стала, адчыніў шуфлядку, выграб са скрынкі ўзнагароды, сунуў у кішэню і кінуўся да выхада.

— Паеш хоць...— прымірэнча кінула Адасіха.

Ён спыніўся на парозе, глянуў пагардліва, мацюкнуўся, са злосцю бразнуў дзвярыма і, разнерваваны, пакалдыбаў па вуліцы, абапіраючыся на сваю кульбу...

7

Усю дарогу Кунцэвіч сядзеў засяроджаны, хмуры, маўчаў. Шафёр Міша бесперапынку расказваў нейкія свае байкі, намагаючыся «разварушыць шэфа», адцягнуць ад маркотных думак. Гэтых баек і розных гісторый у Мішы бясконцае мноства, невядома, дзе ён іх бярэ, пэўна, сам выдумляе. Іншы раз ён да колікаў забаўляе Кунцэвіча, і тады дарога здаецца карацейшай: не паспееш і агледзецца, як на месцы.

Зараз ён не слухаў Мішу. Байкі яго былі не смешнымi, нават прыдуркаватымі. Але не спыняў: хай трашчыць сабе, менш будзе прыставаць з рознымі пытаннямі. Ён любіць свайго шафёра, сам не ведае за што, але любіць. Міша хлопец не дурны, хоць трохі і балбатун, што, вядома, не ўпрыгожвае мужчыну, але машыну даглядае добра, не кідаецца ў паніку, знойдзе выйсце з любой сітуацыі. Неяк зімою прыхапіла ў дарозе такая кудаса, што трактары сядзелі ў гурбах, а Міша звярнуў на поле — і наўпрасткі, па цаліку, выехалі. Думаў, усё: тэпаць вёрст дзесяць, а тут аж пад хату прыехалі. Ас! Праўда, не заўсёды гладзіць па галоуцы Мішу, калі трэба, дае ого якога наганяю, асабліва калі без дазволу на машыне зрываецца куды-небудзь. У апошні час улёг у Селішча да Батуравай дачкі. Што ж, яно дзела маладое, але нашто машыну ганяць, калі да тых Селішчаў усяго вярсты тры? Старыя і то гэта за дарогу не лічаць, а ён... Бывае, спатрэбіцца да зарэзу, як учора, напрыклад, а яго — шукай ветру ў полі. Як завезці ўчора Апанаса ў бальніцу, каб не Лазовік аказаўся выпадкова? Во цяпер, пэўна, таму і паддобрываецца, віну сваю чуе, байкамі зубы загаворвае. А варта было б гіцлю запусціць вожыка ў парткі, каб ведаў. Але лаяць Мішу не было настрою...

Уехалі ў горад. Заўважыўшы, што з латка ля прадуктовага магазіна прадаюць апельсіны, Кунцэвіч схамянуўся, загадаў Мішу спыніцца. Выйшаў з машыны і прыладзіўся ў хвост чаргі. Чарга рухалася марудна. Адчувалася, шмат хто заўважыў апельсіны знячэўку, не меў ні сумкі, ні сеткі, ні нават цэлафанавага мяшочка, таму прадаўшчыца траціла шмат часу, робячы кулькі з газет. Гэтыя кулькі распаўзаліся, як толькі клала на вагу, буйныя ярка-жоўтыя з чорненькімі ромбікамі «марок» апельсініны вывальваліся на стол, а то і скочваліся на зямлю, падымала адзін — падала два. Словам, не работа, а адна марока. Чарга нервавалася, сыкала на тых, хто прыйшоў з пустымі рукамі. Таксама парадкі, падумаў Кунцэвіч, не маглі дадумацца даць прадаўшчыцы клееныя капшукі альбо цэлафанавыя мяшочкі — нябось, у магазіне гэтага дабра навалам.

Прайшло з паўгадзіны, і ён захваляваўся: было падобна, што пры такіх тэмпах апельсінаў не купіць. Праз паўтары гадзіны яго чакае Радзевіч, а да гэтага трэба пабыць у бальніцы ў Апанаса — спецыяльна раней паехаў. А мо махнуць рукою на гэтыя апельсіны ды пашукаць чаго ў магазіне? Свет клінам не сышоўся на апельсінах... Але нешта ўтрымлівала выйсці з чаргі — надта ж вялікая спакуса была парадаваць Апанаса гэтымі рэдкімі ласункамі. I, у рэшце рэшт, крыўдна: прастаяў столькі і вярнуцца ні з чым... А мо пакінуць Мішу ў чарзе, самому пайсці ў райком, а пасля ўжо ў бальніцу? Разумна, так трэба і зрабіць... Мо, калі Радзевіч на месцы, удасца пагаварыць раней.

Аднак чым больш пераконваў сябе, што гэта найлепшае выйсце, тым больш разумеў, што яно непрыймальнае. Па-першае, размова ў Радзевіча, пэўна, зацягнецца, будзе непрыемнай і совацца да Апанаса з кіслаю фізіяноміяй не з рукі. Па-другое, к таму часу ў бальніцы пачнецца абед, «мёртвая гадзіна» — не прапусцяць, давядзецца чакаць да вечара. I, па-трэцяе, незразумелы неспакой за Апанаса, які пачаўся з учарашняга дня, нейкае нядобрае прадчуванне, падсвядомая няясная трывога. У апошнія гады Апанас хварэў часта, але такога, як цяпер, прадчування і трывогі ніколі не было...