Выбрать главу

— Звані! — і сама сабе прабурчала: — Ходзяць усялякія!

Урач, даведаўшыся, хто ён і каго хоча бачыць, папрасіў зайсці.

Санітарка неахвотна паплыла за бар’ерчык, моўчкі па­дала не першай свежасці халат. Выгляд у яе быў незадаволены — не па ёй выйшла.

Урач чакаў на пляцоўцы трэцяга паверха, заклапочаны, строгі. Па яго выгляду Аляксей Сцяпанавіч адразу ж зразумеў, што з Ананасам дрэнна. Сціпла павіталіся, урач запрасіў у ардынатарскую.

— Што-небудзь сур’ёзнае, доктар? — апалым голасам запытаўся Кунцэвіч.

Урач адказаў не адразу — узяў цыгарэту, пстрыкнуў запальнічкай, прыкурыў, падышоў да акна, адчыніў фортку.

— Хваліцца няма чым. Інфаркт міякарда. Ацёк лёгкіх. На кіслародзе трымаем...

Аляксей Сцяпанавіч адчуў, што ногі перастаюць тры­маць яго, цяжка прысеў на канапу.

— Ён быў нетранспартабельны,— працягваў урач.— Нельга было везці, выклікаць «хуткую» трэ было...

— Можна да яго? — не сваім голасам спытаў Кунцэвіч.

— Яму кепска. Нельга! — коратка сказаў урач, але, мусіць, на яго падзейнічаў прыбіты Кунцэвічаў выгляд, бо падумаў і перамяніў сваё рашэнне: — Пасядзіце. Я зараз пагляджу...

Яго не было хвілін з дзесяць, і Аляксей Сцяпанавіч не знаходзіў сабе месца. Трэба было ўчора, калі прыбегла Марта, схадзіць паглядзець самому. А што, каб схадзіў, паглядзеў? Усё роўна павезлі б, як сказала фельчарка. Але ўсё ж...

Нарэшце зайшоў урач і прапанаваў:

— Пайшлі... Толькі не больш пяці мінут — нельга яго хваляваць.

Апанасаў ложак стаяў упоперак палаты, ля акна. Злева і справа ўздоўж — былі яшчэ два. На адным ляжаў бе­лы, як смерць, мужчына гадоў пяцідзесяці, на другім — падшыванец з надзвычай сінімі цікаўнымі вачыма. Ля Апанаса сядзела медыцынская сястра, побач на падлозе ляжаў вялізны курдзюк з кіслародам, а за спінкай ложка быў нейкі апарат.

Апанас ляжаў збляднелы, дыханне яго было цяжкім, раз-пораз нешта хрыпела ў грудзях. Як толькі яны з урачом наблізіліся, Апанас расплюшчыў вочы — пазнаў Кунцэвіча, не здзівіўся, спрабаваў усміхнуцца і зноў самкнуў павекі. Ляжаў спакойна, нерухома, выставіўшы ўперад падбародак, на якім з учарашняга дня прабілася сівая шчэць. Дыханне яго паступова рабілася больш роўным, не такімі сталі хрыпы, вусны трохі паружавелі, і Аляксей Сцяпанавіч падумаў, што ён спіць. Ужо намерыўся ўстаць з табурэткі і ціхенька выйсці, але Апанас адкрыў вочы і прашаптаў:

— Добра, што ты прыехаў.

— Ляжыце ціха — вам нельга размаўляць,— мякка, але настойліва загадаў урач.

— А чаму гэта і размаўляць няможна? — ні то запытаў, ні то запратэставаў Апанас і зрабіў спробу падняць галаву.

— Ды ляжы ты! — спалохаўся Кунцэвіч.

Урач паглядзеў на хворага трохі здзіўлена, але стро­га, сеў на табурэтку ля ложка і, узяўшы Апанасаву руку, стаў лічыць пульс. Ён палічыў раз, потым другі, уважліва гледзячы на гадзіннік.

— А мне стала зусім добра,— сказаў Апанас.

— Канечне! — супакоіў яго ўрач, устаў і папрасіў Кунцэвіча: — Толькі вы не доўга,— і выйшаў з палаты.

— А добра, што ты прыехаў...— яшчэ раз сказаў Апаиас, але голас яго быў сумны, трохі абыякавы.

— Мацуйся, браце мой, слухай, што дактары кажуць,— падбадзёрыў Кунцэвіч.— Каб мне да цяпла на нагах быў, браце мой!

Апанас паглядзеў яшчэ больш сумна, паляжаў заду­менна і ціха сказаў:

— Не-е, Аляксей, да цяпла я не дацягну. На гэты раз узяло — не вычухаюся... Чую дыхание яе, кашчавай,— недзе зусім побач ходзіць, аж холадам аддае.

— Здурэў! Дальбог, здурэў, браце мой! Гэта ж трэба даўмецца да такога! — спрабаваў абурыцца Аляксей Сцяпанавіч, а ў самога аж мурашкі пайшлі па целе.— Немец нас не даканаў, а хваробы мы асі-і-і-лім, браце мой!

Апанас нічога не адказаў, паглядзеў адчужана і маркотна, потым спыніў погляд на цэлафанавым мяшочку з апельсінамі:

— Гэта ты мне?

— Табе! — схамянуўся Аляксей Сцяпанавіч.— На во ласуйся, браце мой, ды папраўляйся скарэй.

— Дзякуй, Ляксей, але лепей унучцы завязі — я іх усё роўна не ем, ніякага смаку не чую.— Перавёў позірк на суседа-падшыванца і, заўважыўшы, як у таго гарэлі сінія вачаняты, усміхнуўся: — Ладна, пакінь...

Аляксей Сцяпанавіч выбраў у мяшочку самы вялікі апельсін, павярнуўся да хлапца, падміргнуў:

— Лаві, герой!

Той на ляту злавіў апельсін, адразу ж узяўся абдзіраць з яго скуру, забыўшыся ад радасці сказаць дзякуй. Кунцэвіч хацеў яшчэ пачаставаць суседа справа, але той ляжаў з закрытымі павекамі — пэўна, драмаў.

— Ты мне ведаеш што прынёс бы...— задуменна сказаў Апанас.— Так захацелася-я-я...