Выбрать главу

— Чаго табе захацелася? Зараз жа прынясу...— з гатоунасцю згадзіўся Кунцэвіч.

— Каньяку.

— Што!

— Схадзі, Ляксей, вазьмі пляшку.

— Во мне піток знайшоўся! — падняў яго на смех Кунцэвіч.— I трэба ж дакумекаць!

Апанас прапусціў міма вушэй яго смех і з тою ж сур’ёзнай разважлівасцю працягваў:

— А я гэтага каньяку з тых часоў — памятаеш, у Германii — так больш ніколі і не каштаваў. Не чуў у ім ніякага смаку — клапом пахне і дарагі, халера. Чысценькая — лепей. А цяпер, во, нешта захацелася. Здаецца, хоць з паўмензурачкі выпіць — і стане зусім добра. То схадзі, Ляксей, будзь другам — схадзі! Паглядзіш, мне не пашкодзіць, лепей стане.— Голас у яго быў умольны, такі, што і адказаць немагчыма, а бегчы па каньяк было б вар’яцтвам.

— Другі раз... Яшчэ як вып’ем у другі раз! А цяперака набірай сіл, браце мой.

— Не будзе другога разу, Ляксей...— сумна сказаў Апанас.— Не будзе...

— Ды выкінь ты, нарэшце, з галавы гэтае глупства! — спрабаваў зазлаваць Кунцэвіч.— Цяперака, браце мой, ого якая медыцына! У раз на ногі паставяць.

— Значыцца, не прынясеш? — пакрыўджана ўздыхнуў Апанас.— Я і ведаў, што ты не прынясеш. Шкада — сам не магу... Сцеражэш... Ты ўсё жыццё сцярог мяне, як анёл які. Дабро рабіў. А ці па нутру мне было тое дабро — не пытаў. А яно іншы раз мне во дзе сядзела! — Правёў па горле аслабелай далонню.— Ты мне даруй, я не маю на цябе ніякай злабы, ты заўсёды быў мне добры друг. Я во ляжу і думаю: чаму гэта так — хочацца, а няможна? Чаму гэта чалавек усё жыццё павінен сабе адмаўляць у нечым?

— Што за лухту пляцеш? — паціснуў плячыма Кунцэвіч.

Зайшоў урач.

— На сёння хопіць, хопіць! Хвораму спакой патрэбны,— настойліва сказаў ён, і Аляксей Сцяпанавіч зразумеў, што доктар будзе няўмольны.

— Ну, што ж, браце мой, мацуйся і будзь здароў,— нахіліўся ён над Апанасам.— На днях я да цябе заскочу.

— Будзь здароў, Ляксей! Дзякуй, што прыехаў. Мяне і ўпраўду штось на сон пацягнула...

Апанас поглядам праводзіў яго да дзвярэй, і гэты погляд быў сумны, развітальны...

Радзевіч быў не ў гуморы. Гэта адразу кінулася ў вочы, як толькі Аляксей Сцяпанавіч пераступіў парог. Ці мала чаго можа быць не ў гуморы першы сакратар! 3 каго-каго, а з першага за ўсё пытаюць. Чым большая пасада, тым больш і пытаюць.

Прывіталіся стрымана і даволі суха.

— Скажы, Аляксей Сцяпанавіч, за што ты так не любіш Сурмілу? — нечакана запытаў Радзевіч.— Я вось сяджу, думаю — і ніяк не магу ўзяць уцям, што вы з ім не падзялілі?

— А што нам дзяліць было? — паціснуў плячыма Кунцэвіч.— Ён — па сабе, я — па сабе. I чаму я павінен любіць Сурмілу? Што ён, дзеўка, і мне з ім жаніцца?

— Вам з ім працаваць.

— Ну, і будзем працаваць...

— Хацелася б, каб дружна працавалі.

Купцэвіч усё яшчэ быў пад уражаннем сустрэчы з Апанасам, яго дзіўнай просьбы, ніяк не мог адкараскацца ад тужлівага і дакорлівага Апанасавага погляду. Заселі ў памяці асцярожныя, але трывожныя словы ўрача: гэта дрэнна, што яму раптам так стала добра... Усё, пра што пытаўся зараз Радзевіч, было малаістотным, нават смешным.

— Нібы так важна, ці дружыць будуць старшыня калгаса і радавы калгаснік...— абыякава махнуў рукою Кунцэвіч.

— Чаму радавы калгаснік? — здзівіўся Радзевіч.— Хіба табе Лазовік не гаварыў, куды збіраемся рэкамендаваць?

— Чаму ж не гаварыў... Гаварыў! I я гаварыў: не хачу.

— Чаму?

— А таму...— буркнуў Кунцэвіч.— 3 мяне хопіць...

Радзевіч глядзеў уважліва і строга, гаворачы вачыма: не круці, не муці мне мазгі, кажы прама, што за прычына?

Кунцэвіч спакойна, нават абыякава вытрымаў гэты позірк, адчужана маўчаў, даючы зразумець, што рашэнне яго цвёрдае і гаварыць на гэты конт няма ніякай патрэбы. Радзевічу ж хацелася гаворкі па шчырасці, каб самому разабрацца, чаму Кунцэвіч не хоча ісці ў намеснікі, пераканаць па-добраму, а калі спатрэбіцца — націснуць сілаю аўтарытэта і ўлады першага сакратара райкома. Кунцэвіч, між тым, не хацеў раскрываць душу, паводзіў сябе хоць і сціпла, але незалежна, падкрэслена незалежна, быццам перад ім быў не першы сакратар, а звычайны субяседнік, якога можна ігнараваць, з якім можна не лічыцца. Гэта кранула Радзевіча за жывое, аднак не падаў знаку, і раптам са здзіўленнем зрабіў для сябе адкрыццё: а і на самай справе ён бяссільны прымусіць загаварыць, яго ўлада над гэтым чалавекам скончылася... Ён меў уладу над гэтым чалавекам, пакуль той быў старшынёю. Дзіўна... А мо ўзяў не той тон? Не з таго трэба было пачынаць. Не з таго... Вядома, Кунцэвіч пакрыўдзіўся... А чаму б Кунцэвічу і не пакрыўдзіцца?.. Быццам сам ён не пакрыўдзіўся б, каб абышліся так, як з Кунцэвічам. Каб, калі давядзецца пакідаць пасаду, першы сакратар абкома не палічыў натрэбным сказаць усё сам, не знайшоў часу пагутарыць шчыра напаследак, падзякаваць, урэшце?.. Канечне, пэўна затаіў бы крыўду, ва ўсякім разе — было б дужа непрыемна... Чаму ж не падумаў аб гэтым тады, калі перадаручыў Лазовіку?.. Праўда, спахапіўся, але было позна... Як цяпер паправіць? Не паправіш... Што падумаюць іншыя старшыні, што людзі падумаюць? Кунцэвіч — гэта гісторыя, мо самая яркая і цяжкая яе старонка. Такія, як Кунцэвіч, заслугоўваюць таго, каб ім у ногі пакланіцца. Гэта яны, малапісьменныя, сёння часта забытыя альбо паўзабытыя, выцягнулі на сваім гарбе цяжар пасляваеннага аднаўлення, першых гадоў калектывізацыі з пустымі працаднямі, а асобныя самародкі з народа, як Кунцэвіч, дзесяцігоддзі вялі карабель, цвёрда і надзейна трымаючы ў сваіх руках штурвал. I гэтыя людзі заслужылі, яшчэ як заслужылі, каб да іх ставіліся з павагаю і ўдзячнасцю.