Выбрать главу

— Аляксей Сцяпанавіч,— перамагаючы горыч, пякучую сваю віну, выйшаў з-за стала і сеў бліжэй да субяседніка Радзевіч.— Ты ўжо даруй мне, што ўчора не сам цябе паклікаў. Сам сабе, ну чэснае слова, не магу дараваць, а ты, калі можаш, прабач. Непрыгожа атрымалася. Чорт яго ведае, як гэта магло атрымацца... Не падумаў...

Кунцэвіча здзівіла гэтая Радзевічава шчырасць, нават брыдка стала, што ён так хвалюецца праз нейкую дробязь. Па праўдзе кажучы, яму і ў галаву не прыходзіла крыўдзіцца, што паклікаў і сказаў не Радзевіч, а Лазовік. Падумаеш, далікатнасці! Якая розніца, хто сказаў?!

— Ну, што вы, Андрэй Паўлавіч! За што прабачаць?! — замахаў ён рукамі.— Я і не падумаў нічога, дальбог, не падумаў!

I зноў на хвіліну ўзнікла няёмкая паўза.

А калі расказаць усё Радзевічу? Мо, дазнаўшыся ўсю праўду, перадумаюць, не будуць ставіць Сурмілу — раптам там асяніла Аляксея Сцяпанавіча думка. Радзевіч якраз у добрым настроі, мо якраз самы зручны момант папрасіць, каб вярнулі Цярэшку ці паставілі яшчэ каго, талковага?

— Вы пытаецеся, Андрэй Паўлавіч, чаму я да Сурмілы не хачу ісці ў намеснікі? — з ледзь схаваным хваляваннем пачаў ён.— Я Лазовіку казаў, калі хочаце, і вам паўтару...

— Хачу, Аляксей Сцяпаиавіч,— шчыра і прыязна наглядзеў Радзевіч.

Кунцэвіч трохі памяўся, не ведаючы, як пачаць і, галоўнае, як павярнуць непрыкметна гаворку да самага важнага.

— Я, Андрэй Паўлавіч, болей за дваццаць пяць гадоў адкіраваў. Усяго было: і добрага, і благога. Адно магу кожнаму, як на споведзі, сказаць: ніколі не крывіў душою перад народам. Дзела прошлае — перад начальствам, ды і перад вамі, чаго там хаваць, здаралася, а перад народам — ніколі. Ніколі на шкоду калгасу, на шкоду людзям не рабіў нічога. Як жа цяперака, на старасці гадоў, магу ўзяць грэх на душу?

— Які грэх?

— Развальваць тое, што ствараў, што людзі стваралі гадамі. Мне паверылі, з першага дня паверылі, а цяперака я іх павінен ашукваць, па-вашаму? Каб потым пляваліся, пальцам тыцкалі...

— Ты думаеш, Сурміла праваліць калгас?

— Каб не думаў — не гаварыў бы...

— Даруй, а ўсё ж, чаму ты так думаеш?

Кунцэвіч паглядзеў насцярожана, але, заўважыўшы ў яго вачах добразычлівасць, шчырую зацікаўленасць, супакоіўся.

— Не любіць Сурміла зямлі — во чаму! Чужак ён для сялянскай справы, не ад зямлі чалавек, хоць і вучоны...

— А між іншым, Сурміла абараніў дысертацыю па аграноміі...

— Зямлю трэба не па кніжках ды дысертацыях ведаць, а любіць зямлю трэба, карэннямі ў яе ўрасці, а не так: сёння — тут, заўтра іншую знойдзе...— Заўважыў, што Радзевіч не зусім разумев яго.— Ну, што, напрыклад, будзе з Сурмілам, калі ён пусціць калгас у трубу? Чым ён рызыкуе?

— Ясна што: пакараем, прагонім...

— I на новую пасаду ўвапхнеце!

— А што, па-твойму, вешаць трэба? — іранічна ўсміхнуўся Радзевіч.

— Не вешаць, вядома... А на добры розум рабіць так: напаскудзіў — трымай адказ перад людзьмі, на радавой пасадзе змывай сваю ганьбу. А так што: чхаў ён на ўсё — радавым усё роўна не пакінеце, знойдзеце пасаду ў іншым месцы. Ноччу, як злодзей, будзе вывозіць свае мэтлахі, каб людзям у вочы не глядзець...

Радзевіч слухаў і думаў: а ў старога ёсць доля праўды. На самай справе, чаго больш за ўсё баяцца скампраметаваўшыя сябе кіраўнікі? Каб не пакінулі, не дай бог, у тым жа калектыве — самалюбства не дазваляе. Летась Ігнацюк з «Дружбы» ледзь не на каленях умольваў: куды хочаце, на любую пасаду, абы не на месцы заставацца. I ўважылі. Пашкадавалі яго светласці самалюбства. Ды хіба аднаго Ігнацюка ўважылі... А, мусіць, дарма гэта робім, дарма шкадуем. Калі аскандаліўся, хай шукае аўтарытэт там, дзе згубіў яго, хай глядзіць у вочы людзям, якіх падвёў...