Выбрать главу

— А ўвогуле ты слушную думку падказаў,— ажывіўся Радзевіч.

Кунцэвічу было прыемна, што, нягледзячы ні на што, з ім лічацца, і гэта надало ўпэўненасці, заахвоціла сказаць яшчэ больш.

— Я мяркую, павінна быць так: калі ўпрогся хто у старшынскі вазок, трэба зрабіць перш за ўсё так, каб шляхі да адступлепня адрэзаць — хай рогам варушыць, выкладваецца без астачы, не думае, што можна беспакараннa даць дзёру. Узяць таго ж Сурмілу... Хто-хто, а гэты сабе шляхі назад ого як зарэзерваваў! Так зарэзерваваў, што нават для вас, райкома, стаў недасягальны...

— Ну, што ты заладзіў: Сурміла, Сурміла! Зрабіў нейкае страшыдла, бы на Сурмілу і ўправы няма! — нечакана ўзлаваўся Радзевіч, але тут жа схамянуўся, памяркоўна сказаў: — Канечне, Сурміла не святы. Яго церці і церці трэба! Малады, гарачы, вопыту не стае, але галава не дурная,

— Я ж не кажу, што дурная. Толькі розум не ў той бок...

— Ну, і суб’ектывіст жа ты, Аляксей Сцяпанавіч! — з лёгкім дакорам сказаў Радзевіч.— Сам жа ведаеш: у Сурмілы ёсць усё, каб стаць добрым гаспадаром. Памочнік яму талковы патрэбны. Во і памагай! Зробім праваю рукою, мо сакратаром партбюро рэкамендуем. Кіраўнік — галава, партыйны сакратар — душа калектыву...

— Не такая, як я, Сурмілу душа патрэбна, не-е...

— А якая?

— Каб у пятках сядзела, як Клімовіч...— горка ўсміхнуўся Кунцэвіч і рашыў да канца гнуць сваё, не паддавацца, ухіляцца ад прыкрай тэмы, якую навязваў яму Радзевіч. — I не такі малакасос гэты Сурміла, як вы кажаце. Чалавеку за трыццаць пяць, лысіна ва ўсю галаву, а вы ўсё ў маладых, нявопытных трымаеце. Ды ў яго гады людзі франтамі кіравалі, як, напрыклад, Чарняхоўскі, Іван Данілавіч. У яго гады Пушкін стаў Пушкіным. Ці вазьміце Цярэшку... Во, і аддайце нам Цярэшку, а?

Радзевіч задумаўся, і Аляксей Сцяпанавіч глядзеў на яго з надзеяй, амаль умольна.

— Не-е, Аляксей Сцяпанавіч! Цярэшка на месцы, і аб’ядноўваем вас не з Цярэшкам, а з Сурмілам — сам ра­зумеет... Цярэшка, сапраўды, харошы, з галавою гаспа­дар. Дзякуй табе за яго. А цяпер, Аляксей Сцяпанавіч, вазьміся, выпраўляй Сурмілу, памажы яму стаць на ногі. Ад нас будзеш мець самую моцную падтрымку...

— Крывое ды дзіравае выпраўляць цяжка...— расчаравана ўздыхнуў Кунцэвіч.— Надта ж я ведаю Сурмілу, каб можна было спадзявацца на яго выпраўленне, даверыць што важнае яму...

— I адкуль жа ты яго ведаеш так? — недаверліва паглядзеў Радзевіч. Яму чамусьці было дужа непрыемна, што Купцэвіч ніводнага добрага слова не хоча сказаць пра Сурмілу, сам толкам не ведаў, чаму гэта так кранае, проста было нейкае неасэнсаванае, цьмянае адчуванне, быццам, гаворачы толькі благое пра Сурмілу, Кунцэвіч кідае каменьчыкі ў яго, Радзевічаў, агарод. Што гэта атрымоўваецца? Атрымоўваецца, што Сурмілу ўсе ведалі, апроч яго, першага сакратара! Лазовік ведаў, Антоненка ведаў, Купцэвіч ведае, мо нават сакратарка з прыёмнай ведала. Усе вакол аналітыкі, празарліўцы, адзін ён, выяўляецца, быў сляпым, лапавухім дурнем... Во дажыўся!

— То адкуль жа ты яго ведаеш?

— Сусед пра суседа заўжды больш знае, чым той здагадваецца...— ухіліста, трохі зацята адказаў Кунцэвіч.

— Чаму ж маўчаў дасюль? Загаварыў, калі на хвост наступілі. Усе мы робімся прынцыповымі, як пачнуць наступаць на хвост...

— Чаму маўчаў? — не зважаючы на іронію, спакойна сказаў Кунцэвіч.— Думаеце, калі на пленуме ці якой нарадзе не выступіў, то і маўчаў? Мо і выступіў бы, але прамоўца з мяне — самі ведаеце які... А Сурмілу не раз перасцерагаў. I каб з людзьмі лічыўся, і каб носа не драў, менш з трыбун балабоніў, а больш рабіў, і калі надумаў сілком вёскі сцягваць, таксама перасцерагаў сур’ёзна. Мы ж, ведаеце, з «Гігантам» даўно спаборнічаем. Калі там быў Язылец, вялікую дружбу вадзілі, патрэбу мелі сустрэцца, параіцца, памазгаваць разам, талковае — пераняць адзін у другога, благое — пакрытыкаваць адкрыта, па-суседску. Харошы быў мужык, пухам яму зямля, заўчасна з’ела гэтая хвароба. А як стаў Сурміла — усё пайшло наперакос. Касавурыцца нечага, быдта ў тым, што у яго горш, не сам, а я вінаваты. Іншы раз так душа баліць, гаворыш: не рабі гэтага, падумай, а ён наадварот, бы спецыяльна на злосць мне робіць. Летась, помніцца, дажджы аблажылі з ранку да вечара, барометр на непагадзь паказвае, радыё перадае: цыклон над усёй еўрапейскай тэрыторыяй, а ён касілкі на луг павыводзіў. Людзі хмурыя, знарок не спяшаюцца — каму гэта хочацца дурную каманду выконваць. Пачакай, кажу, траву папсуеш, яна яшчэ і забучнець не паспела, пранясе дажджы — тады і касі на здароўе. Рагоча: мы не можам сядзець ля мора і чакаць пагоды, мы не можам чакаць міласці ад прыроды, нам карацін патрэбны... I што? Спляжылі гектараў сто — гной сабралі. Во табе і карацін! Давыскаляў зубы: міласці ад прыроды...