Выбрать главу

Радзевіч слухаў няўважліва — яго адольвалі сумненні. Па праўдзе кажучы, сумненні яго адольвалі з учарашняга дня, мо нават з пазаўчарашняга, калі на бюро раздзяліліся думкі. Спадзяваўся, што, выслухаўшы Кунцэвіча, развеецца, усё стане на сваё месца, аднак размова з Кунцэвічам не аслабляла, а ўзмацняла сумненні і не думала прыносіць той душэўнай раўнавагі, на якую спадзяваўся. У нечым стары, канечне, памыляецца, глядзіць аднабока, у нечым з ім цяжка не згадзіцца... Аднак што б там ні было, а паддавацца эмоцыям нельга. Машына запушчана, спыніць яе ўжо немагчыма... Большасць членаў бюро лічыць рашэнне правільным, і адступаць няма ніякага сэнсу... Вядома, Сурмілу заносіць, і, пэўна, Антоненка мае рацыю: былі аслеплены яго вучонай ступенню, яго ініцыятывамі і прамовамі. Праз тое і стала заносіць. Што ж, трэба папраўляць, вучыць. Гэта ў нашых сілах... Хоць, на добры розум, зрабіць гэта трэба было ўжо даўно. Насцярожыць павінны былі ананімкі, эканамічныя паказчыкі, тое, што калгас тры гады топчацца на месцы, а па некаторых пазіцыях нават здаў назад. Канечне, ён не заўсёды гладзіў Сурмілу па шэрсці, але надта ж падкупляла, як кранала Сурмілу за жывое, што Кунцэвіч вырваўся наперад. Калі старшыню калгаса кранае за жывое, што яго абышоў сусед, заўсёды радуе — такі старшыня будзе варушыцца, не схоча плесціся ў хвасце...

Але зараз адно ясна: трэба разводзіць Сурмілу з Кунцэвічам. Толку не будзе... Толькі куды падзець Кунцэвіча? Эх, каб яму адукацыю! Хоць бы які тэхнікум! Прашляпілі, ох як прашляпілі, што ў свой час не змусілі вучыцца! Ця­пер не паправіш, і спісваць з рахунку рана — такімі, як Кунцэвіч, не раскідваюцца... От каб яго сялянскую жылку ды Сурмілу!

А мо паслаць старшынёю сельсавета? Не згодзіцца, ды і ў аблвыканкоме ўстануць на дыбкі з-за адукацыі... А мо рызыкнуць — паслаць у «Вымпел»? Пятручак галаву адурыў — усё просіцца, каб вызвалілі, а старшыню туды знайсці не так проста. «Вымпел», пэўна, толькі і пад сілу такому, як Кунцэвіч... Для раёна гэты «Вымпел» — што бяльмо на ваччу. Дванаццаць цэнтнераў збожжа, восемдзесят бульбы з гектара — і ўжо тут рэкорд. Пятручака пяць разоў да ўзнагароды прадстаўлялі, і кожны раз — асадзі назад: паказчыкі слабыя. Каб у тым жа «Гіганце» ўкладвалі столькі працы, як у «Вымпеле»,— у героях усе хадзілі б. Якія могуць быць паказчыкі, калі палі — пясчаныя астраўкі пасярод пушчы, брыгада ад брыгады за дваццаць кіламетраў. Пашы — лес ды хмыз, летам авадні жывёлу да смерці сцінаюць, толькі мясцовая пушчанская парода і вытрымлівае. Спрабавалі заводзіць пародзістых кароў — не прыжываюцца. А для «пушчанкі» паўтары тысячы кілаграмаў малака ў год — немаведама які рэ­корд. Тэрыторыю з чвэрць раёна займае калгас, а толку? I не далучыш да каго багацейшага — па ўсёй пушчы вёсачкі параскіданы, хай і пастаршынствуе там Кунцэвіч — яго там яшчэ па партызанцы ведаюць. Мо і толк будзе. Якія падсобныя промыслы завядзе, напрыклад, грыбаварню, нарыхтоўку ягад. Чаго-чаго, а гэтага дабра там — хоць касою касі. Такі, як Купцэвіч, з тапара суп зварыць... — Аляксей Сцяианавіч, а калі табе ўзначаліць «Вымпел»? A-а?

Купцэвіч трохі здзівіўся, але ўспрыняў гэтую незвычайную прапанову спакойна і абыякава.

— А чаго гэта мне ад сваіх людзей уцякаць? Хм... Не-е, я ўжо да канца буду са сваімі людзьмі...

— Ты ж не хочаш да Сурмілы ў намеснікі... А мо на­думай?

— Не!

— То што: мо брыгадзірам?

— Ды зразумейце ж нарэшце: не начальніцкія пасады мне патрэбны! Адначальстваваў я сваё, а на старасць вачэй пазычаць не хачу... Адно прашу: не губіце калгас — не стаўце Сурмілу!

Гэта было падобна на крык душы — шчыры, адчайны, і Радзевічу стала не па сабе. Але што рабіць? А мо ўвогуле нічога не рабіць — пакінуць пакуль што ўсё так, як ёсць? Мо і на самай справе трохі спаролі гарачку з гэтым узбуйненнем? Магчыма... Ва ўсякім разе, перш чым рэзаць, трэба было сем раз адмераць. Хоць бы рашыць, ку­ды падзець Кунцэвіча. 3 абласным упраўленнем сельскай гаспадаркі ўзгаднілі, у абкоме партыі атрымалі згоду, а з Кунцэвічам нават не пагаварылі, не даўмеліся спытаць, згодзіцца ці не згодзіцца пайсці намеснікам да Сурмілы. Але хто мог падумаць, што не згодзіцца? Між тым, трэба было падумаць... А мо ўсё ж затрымаць гэтае аб’яднанне? Не, узбуйняць гаспадаркі ўсё роўна трэба, і пыканне-мыканне нічога не дасць, апроч шкоды... А Кунцэвіч? Hiкуды не дзенецца Кунцэвіч — пераканаем, угаворым, пойдзе на «Вымпел» як міленькі...

8

Ужо трэці год смерць бокам абыходзіла Забор’е, таму вестка, што яна зноў убілася ў вёску і выбрала не таго, каму ўжо на самай справе пара, а Апанаса Бакуна, які яшчэ і дзяцей не паспеў паставіць на ногі, усхвалявала кожнага.