Выбрать главу

Кунцэвіч спачатку не паверыў, памчаў у кантору, каб самому пазваніць у бальніцу. Гэта была праўда...

Трэба было нешта рабіць, а ён разгубіўся, ніяк не мог надумацца, што трэба рабіць у такіх выпадках, хадзіў з кута ў кут сам не свой, пакуль не сталі збірацца члены партбюро, праўлення калгаса...

Апанаса Бакуна хавалі ўсім калгасам.

Уперадзе неслі партрэт з крэпавай стужкай, потым — Зорку Героя, ордэны і медалі на чырвоных падушачках. Іх было шмат — аж васемнаццаць: дванаццаць за вайну і шэсць — пасляваенныя. Усе іх Апанас зарабіў на віду ў Кунцэвіча, і ён да драбніц ведаў, калі і за што ўзнагароджваўся Апанас... За ордэнамі і медалямі на падушач­ках дзяўчаты неслі вянкі, потым рухалася прыбраная машына з труною, за машынай ішла Марта ў чорнай хустцы. Яе падтрымлівалі пад рукі Валодзька і Галя. Тут жа былі сваякі, члены партбюро і праўлення калгаса, затым — духавы аркестр (прывезлі з горада), за ім — на­род. Працэсія расцягнулася амаль на ўсю вёску...

Дарогу да могілак зусім развезла, і аркестранты, хлюпаючы па гразі сваімі моднымі чаравікамі, былі хмурыя, незадаволеныя, але гралі спраўна і ладна.

На могілках яшчэ ляжаў снег, наздраваты, пачарнелы, не ўтаптаны — зімою ніхто сюды не ходзіць, ходзяць на раданіцу і тады, калі каго хаваюць...

Могілкі на гэтым месцы ў Забор’і з незапамятных часоў. Калі прыгледзецца пільна, то на пахіленых, урослых у зямлю каменных слупках з астаткам з’едзеных іржою крыжоў можна яшчэ прачытаць «умер в 1880 году». Пасля вайны нават на раданіцу па гэтыя магілы ніхто не прыходзіць, ніхто не дагледжвае, і хто, чый прашчур там ляжыць — мала хто ведае. Свежыя магілы капаюць там, дзе ёсць роўнае месца, і, бывае, выкопваюць нечыя зусім сатлелыя косці. Сельсавет яшчэ пяць гадоў назад адвёў пад могілкі новае месца — саснячок на прыгорку з крывымі каржакаватымі дрэвамі. Нават поп прыходзіў, пасвянціў гэтае месца, аднак усё роўна ніхто нікога там не хавае — не рашаецца першы. Кунцэвіч прапанаваў пахаваць Ананаса на новых могілках, але Марта заўпарцілася:

— Не, прадсядацелько, хай ужо ляжыць з усімі ра­зам...

Для Апанаса выбралі месца на ўскрайку, ля старой сасны, якой, пэўна, за сто гадоў. У выкапанай магіле тырчалі абрубкі жоўтых карэнняў, з якіх сачылася ні то смала, ні то вада.

Труну знялі з машыны, пранеслі на руках і паставілі на горку свежага жвіру ля выкапанай магілы. Пачаўся жалобны мітынг. Пра жыццё Апанаса расказаў сакратар партбюро Кардаш, хоць, пэўна, падрабязна расказваць пра жыццё Апанаса і не было патрэбы: Апанас жыў ва ўсіх на віду, яго кожны ведаў. Потым сказаў слова Кунцэвіч, камсамольскі сакратар Міша Кургун, настаўніца Вера Іванаўна...

Аляксей Сцяпанавіч не мог глядзець на нябожчыка. На бледна-васковым Апанасавым твары, здавалася, застыу дакор, і ўвесь час даймала неадчэпная згадка: а калі гэты дакор адрасаваны менавіта яму? Хоць, кажучы па шчырасці, каму-каму, а Апанасу на яго не было чаго крыўдаваць. Не было... Але з галавы не выходзіла тая апошняя сустрэча ў бальніцы, тая неразумная, дзівацкая Апанасава просьба. Цяпер яна набывала іншы, нейкі злавесны сэнс... А ўсё ж трэба было ўважыць, прынесці таго каньяку, калі яму так захацелася. Але... Але каб прынёс, сёння, пэўна, лічыў бы сябе Апанасавым забойцам... Каб гэта мог ведаць, што яму ўжо нічога не паможа! А мо як­раз і памагла б тая кропля каньяку? Вунь нават у газеце пісалі, што недзе пры інфаркце сталі даваць па кроплі каньяку — сасуды расшырае. Мо ў Апанаса на мяжы жыцця і смерці абудзіўся невядомы інстынкт, які бывае ў шмат якіх жывых істот: бягуць, шукаюць, немаведама як знаходзяць патрэбную траўку — і вылечваюцца? Мо і праўда, у сваю смяротную гадзіну чалавек спасцігае тое, чаго не можа спасцігнуць усё жыццё? Але ўрачы... I ні xaлеры не ведаюць урачы, і не такая ўсясільная медыцына, як яе малююць. Во косяць рак, інфаркты людзей, а зрабіць нічога не могуць, лякарстваў пе знойдуць... На Месяц забраліся, атамы пад мікраскоп разглядваюць, а тут нічога зрабіць не могуць. Во табе і вучоныя! А мо дзе пад нагамі якая непрыкметная траўка расце, ходзяць, топчуць, а што толькі ёю гэтую заразу можна вылечыць — не здагадваюцца. Быць таго не можа, каб у прыродзе ніякага сродку не было! У прыродзе ўсё збалансавана: калі ёсць хвароба, значыць, і сродак супроць яе павінен абавязкова быць. Толькі не ведаюць, шмат яшчэ чаго не ведаюць, хоць і пахваляюцца, што ўсё ведаюць, усё спасціглі...

Ударылі медныя трубы, у такт ім забухаў бубен — і жалобная мелодыя зноў абудзіла санлівы спакой могілак. Гэты раз мелодыя была чамусьці надзвычай вострая, гучная, шчымліва-жаласлівая, бы трубы плакалі і трагічна ўсхліпваў бубен не па адным Апанасе Бакуну, а па ўсіх разам вяскоўцах, што з немаведама якіх часоў зна­ходзяць свой апошні прытулак пад крыжамі і слупкаміпомнікамі на гэтым цесным кавалачку роднай зямлі. Зда­валася, трубы плачуць і па тых, каго яшчэ памятаюць, і па тых, хто спіць у безыменных ужо магілах, і па тых, каму рана ці позна суджана закончыць свой шлях тут...