Выбрать главу

I раней у вёску прыходзілі прышлыя людзі — дваццаціпяцітысячнікі, як, напрыклад, нябожчык Язылец, але яны ужываліся, угрызаліся ў сялянскую справу, спасцігалі душу сялянскую, з павагай ставіліся да добрых сялянскіх традыцый, не ламалі-крушылі без разбору ўсё навокал, ехалі са шчырым намерам дапамагчы вёсцы, і тыя, хто прыжыўся, пакінулі добры след. У іх нешта святое за ду­шою было. Сурмілы іншыя... Для сурміл вёска — дойная карова, трамплін для пасады ў горадзе. Пуп надрываюць, крычучы: для народа стараемся, нясём народу прагрэс i культуру, а калупніся глыбей — толькі пра сябе і думаюць. Хіба можна несці народу прагрэс і культуру, з найвялікшай пагардай ставячыся да народа? Пыхлівымі бажкамі, фанабэрыстымі князькамі робяцца гэтыя сурмілы. Узбрыдзе ў галаву — смяротны прысуд вёсцы вынесе — неперспектыўная. Хаты — пад бульдозер, хто жывы — у небаскроб: радуйцеся, цешцеся гарадскім жыццём, у пояс кланяйцеся мне, дабрадзею. А ці даспадобы селяніну гэты небаскроб, спытаць не давуміцца. Яму лепш відно, ён лепш за селяніна ведае, што селяніну патрэбна! Слава богу, хоць над мёртвымі яны не маюць улады і сілы — мёртвых-то нікуды не перавязеш. Ляжыце, дагнівайце, як і вёскі, памечаныя смяротным кляймом — неперспектыўныя. А там праз гадоў дваццаць — трыццаць знойдзецца новы разумнік Сурміла і да мёртвых дабярэцца, мёртвым не дасць спакою. Пачнуць таму новаму Сурмілу мазоліць вочы закінутыя могілкі, загадае зраўняць з зямлёю, які-небудзь свінарнік пабудуе...

Не-е, канечне ж, ён перабольшвае, наўмысна ўскладняе, наганяе страхаў. Канечне ж, так не будзе! Нават калі прыйдзе Сурміла, то доўга не пратрымаецца... Не можа быць такога, каб не спахапіліся ды не асадзілі сурміл! Асадзяць, дадуць па руках, не дазволяць без разбору ламаць і крушыць усё, што стваралася стагоддзямі. Знойдуцца разумныя людзі, скажуць: досыць! Дрэва жыцця павінна расці так, як яму наканавана прыродаю... Быць таго не можа, каб розум не ўзяў верх. Падумаць толькі, што робіцца, што вычаўпляюць сурмілы: гараджане з муроў на прыроду, на дачы пацягнуліся, а сялян сілком у муры гоняць? Так скора і для сялян дачы спатрэбяцца... Альбо: харошыя ўрадлівыя землі кустаўём урастаюць, а яны ў балоты лезуць, рэчкі нішчаць? I гэта для іх проста, як некалі з кукурузай... Кукуруза-то што: не расце - можна перасеяць, а рэчку не адновіш... Вядома, і вёсачкі сякія-такія трэба зліваць, і балоты, дзе трэба, асушаць, і нiхто не супроць вaдaпрaвода, каналізацыі, ванны, але рабіць усё трэба з розумам, падумаўшы, а не так, як сурмілы: стрэліла нешта ў галаву — крушы, ламі! Асушайце так, каб калодзежы не перасыхалі, лясы не гінулі, рэчак не чапайце, не знішчайце вёсак, а пракладвайце да іх дарогі, аўтобусы пускайце, упрыгожвайце быт, але ў звыклых для селяніна хатах — з садам, агародам, хлеўчыкамі для жывёлы. Не заганяйце людзей у клеткі пад неба, не адрывайце ад зямлі, ад прыроды. Скаціна і тая не можа без прыроды. Вунь мацёраў пазамуроўвалі ў бетонныя клеткі — і што сталася? На трэці год — выбракоўка. А мацёра сябе на трэці год толькі паказваць пачынае. Спахапіліся, калі парасят не стала, даўмеліся, што мацёры трэба і лычом у зямлі парыцца, і на сонейку паляжаць, і ў лужыне пакачацца — тады і прыплод харошы, і ніякі цыроз печані не бярэ. Прырода свайго патрабуе, вышэй прыроды не скокнеш. Не скокнеш...

Але ўсё ж, хто прыйдзе ім на змену? Толькі б не сурмілы! Калі і прыйдуць сурмілы, то доўга не затрымаюцца, век у іх будзе кароткі — не большы, чым некалі ў кукурузнікаў Баранавых. Быць таго не можа, каб сурмілы прыходзілі пазаўсёды, быць таго не можа! Сурмілаўшчына — супярэчыць прыродзе, і адцвіце яна пустацветам, як адцвіла некалі баранаўшчына. Маладыя прыйдуць, разумныя, адукаваныя, улюбёныя ў зямлю, у хлебаробскую справу, такія, як Цярэшка, Лазовік, Жылінскі, Сурмач, Апанасаў Валодзька, яго Сцяпан, Лёшка, Пятра Прымака дзеці, заступяць, каб яшчэ лепей павесці начатую імі справу. Інакш і жыць было не варта...

9

Для чаго збіраюць сход — у Піліпавічах усе ведалі, хоць ніхто і не аб’яўляў, для чаго. Два дні назад аднекуль выплыла і пайшла гуляць чутка пра аб’яднанне з «Забор’ем», і гэтая чутка была ўспрынята глуха і нема, з нейкім дваістым пачуццём...