Выбрать главу

За гадзіну да вызначанага часу сабралі камуністаў. Адкрыў сход сакратар партбюро Клімовіч і адразу ж даў слова старшыні райвыканкома Дзевяценю. Ігар Пракопавіч сказаў аб рашэнні бюро райкома партыі, заклікаў камуністаў аднадушна падтрымаць гэтае рашэнне на агульным сходзе калгаснікаў. Потым, зрабіўшы невялікую паўзу, пачаў даказваць, якую перавагу будзе мець буйная гаспадарка ў эканамічным і сацыяльным плане. Яго слухалі ўважліва, панура маўчалі, і гэтае маўчанне не падабалася Дзевяценю. Адпіўшы глыток вады, ён абвясціў далей, што бюро райкома партыі рэкамендуе на пасаду старшыні ўзбуйненага калгаса Аляксандра Уладзіміравіча Сурмілу, павярнуўся ад трыбуны і эфектным жэстам паказаў на столік, за якім сядзеў Сурміла, важны, трохі надзьмуты, быццам яго тут і не ведалі.

У першым радзе перад самай трыбунай нехта запляскаў у далоні, аднак ніхто яго не падтрымаў, і гэтае адзінокае плясканне было трохі недарэчным, нават смешным, рабілася ўсё больш нясмелым і ніякавата заціхла.

У зале лягла магільная цішыня. Дзевяцень глядзеў налева, направа — і нічога пе мог зразумець. Цішыня была дужа няўтульнай, рабілася гнятлівай. Ён не збіраўся гаварыць яшчэ нешта, але сам таго не жадаючы, мусіць, каб разрадзіць атмасферу, раптам пачаў на ўсе лады хваліць Сурмілу як маладога, адукаванага спецыяліста, кандыдата навук, добрага арганізатара, спахапіўся: а хваліць Сурмілу якраз і не трэба было б, і ўвогуле, ён загаварыўся, занесла, стаў крывіць душою. Але і ці той выпадак, каб пачаць з крытыкі Сурмілы?! Тым не менш, паправiуся — стаў гаварыць пра Сурмілавы недахопы, а сам ліхаманкава блукаў па спахмураных, насцярожаных тварах, спатыкаўся па халодных, недаверлівых позірках, ні ў адных з іх не знаходзячы ні адабрэння, ні падтрымкі. Гэта быў рэдкі, выключна рэдкі выпадак, калі ён не знаходзіў кантакту з аўдыторыяй. Сярод кіраўнікоў раёна ён лічыўся самым здольным аратарам, нават ідэолаг Антоненка не ішоў з ім ні ў якое параўнанне. Цяпер рабілася нешта незразумелае: ён намагаў усё сваё красамоўства, даўно сказаў больш, чым думаў гаварыць, патраціў прызапасеныя для агульнага сходу фразы і павароты (не любіў паўтарацца), а ў зале было ледзяное, адчужанае маўчанне. Такога з ім яшчэ ніколі не здаралася. Апаноўваў незразумелы страх, нейкая асуджанасць.

— У мяне ўсё, таварышы. Прашу выказвацца...— Таропка пайшоў да століка на сцэне, за якім сядзелі Сурміла, Клімовіч і эканаміст, таксама выбраная ў прэзідыум.

Эканаміст нешта пісала для пратакола, Сурміла сядзеў насуплены, ні адзін мускул не варухаўся на яго гладка паголеным твары. Толькі лысіна на галаве-стаўбуне, не па гадах ранняя лысіна пакрылася ружовымі плямамі, што выдавала яго хваляванне. Клімовіч апусціў галаву, не ведаючы, куды падзець рукі. Дзевяцень прыкінуў: ні адзін з іх як прамоўцы нічога не вартыя — хай трохі ачухаюцца, хай выступіць хто іншы.

— Таварышы, хто хоча ўзяць слова? — прыўстаўшы за столікам, запытаў ён і схамянуўся: а сход-то вядзе Клімовіч!

Ахвотнікаў выступаць не было. У зале па-ранейшаму вісела насцярожанае, наэлектрызаванае маўчанне.

«Вядзі сход»,— шапнуў Дзевяцень Клімовічу.

Той без асаблівай ахвоты, але паслухмяна ўстаў з мес­ца, нейкім пустым, траскучым голасам пачаў:

— Таварышы, прашу выказаць свае адносіны да ўзбуйнення калгасаў і вылучэння на пасаду старшыні таварыша Сурмілы, Аляксапдра Уладзіміравіча, як нам рэкамендаваў па даручэнню бюро райкома партыі таварыш Дзевяцень Ігар Пракопавіч...

Прайшла хвіліна, другая, трэцяя, а ў зале была цішыня.

— Хто выступіць першы?

Маўчанне рабілася гнятлівым.

— Лявончык, мо ты скажаш? — глянуў на таго, хто апладзіраваў перад трыбунай, Клімовіч.

— Не-е...— збянтэжана, нават спалохана замахаў рукамі той.

— То хто выступіць? Прашу, таварышы, актыўнасць!

Было падобна, што і на самай справе выступаць ніхто не збіраецца, глядзяць на Сурмілу: хай ён кажа!

— Аляксандр Уладзіміравіч,— нахіліўся Дзевяцень.— Бяры слова...

Сурміла павольна і салідна ўстаў з месца, правёў па зале сярдзітым, строгім позіркам, выйшаў за трыбуну, пастаяў хвіліну, яшчэ больш напальваючы атмасферу, потым ненатуральным, казённым голасам пачаў:

— Таварышы! Дазвольце мне ад вашага імя выказаць вялікую падзяку бюро раённага камітэта партыі, выканкому раённага Савета народных дэпутатаў, а таксама партбюро, усім камуністам нашай партыйнай арганізацыі за высокі давер, які мне аказаны...