Выбрать главу

— А мы вам яшчэ не аказвалі даверу! — як стрэл, як гром з яснага неба, раздаўся дзёрзкі голас з сярэдзіны залы.

Па зале прайшоў прыглушаны шумок, і было відавочна, што гэты шумок не асуджае, не абураецца, а наадварот — падтрымлівае таго, хто кінуў рэпліку.

Сурміла анямеў ад нечаканасці, лысіна, твар яго налiлiся чырванню, але не прайшло і хвіліны, як пагрозліва захадзілі жаўлакі, на шыі сталі ўздувацца жылы, расціраючы каўнер моднай у пасачку кашулі. Ён нерухома глядзеў на залу і ў тую хвіліну быў падобны на раз’юшанага быка, які вось-вось кінецца, каб растаптаць, знішчыць, разарваць на шматкі, змяшаць з граззю ненавісны прадмет.— Хто-о... та-ам... нешта... хацеў сказаць?! — прамармытаў ён, бляднеючы.

Вядома, Сурміла пазнаў, хто гэта азваўся: Ганчарэвіч, заатэхнік. Во хто пісаў ананімкі! Была амаль неўтаймаваная злосць, неадольнае жаданне зараз жа тыцнуць гэ­тага Ганчарэвіча, як паганага шчанюка, аднак націснуў на тормаз, нутром адчуваючы, што нельга цяпер сарвацца. «Я ж з табою разбяруся пасля! Я ж табе рожкі абламаю! Вузлом завяжу — пабадаешся!» Ён стаяў нерухома за трыбунай, сваім маўчаннем усё больш і больш напальваючы і без таго выбуховую атмасферу, і ўсё выразней разумеў, што над ім згушчаецца пагроза. Імгненна, амаль аўтаматычна спрацаваў інстынкт самааховы, які падказваў: адзіны яго паратунак зараз, адзіная магчымасць выйграць — пачаць самалупцаванне, як бы гэта прыкра і балюча ні было.

— Дарагія таварышы! — Голас яго стаў здранцвелы, нацяты, як струна.— Я выдатна разумею, што ў мяне, як і ў кожнага з тут прысутных, ёсць пэўныя недахопы, пралікі, памылкі. Шмат чаго ў мяне як кіраўніка не атрымалася — не хапала вопыту, шмат што рабіў няправільна... Я абяцаю вам, даю слова, што з вашай дапамогай пераадолею памылкі, разам з вамі прыкладу ўсе намаганні, каб слава нашага «Гіганта» расла і множылася...

Дзевяценю быў зразумелы Сурмілаў тактычны ход, і ў прынцыпе гэты ход, канечне, быў правільны. Але выклікала прыкрасць, раздражняла адно — няшчырасць Сурмілавых слоў. Іх робленасць, ненатуральнасць былі такія відавочныя, што спадзявацца, быццам яны здольныя крануць некага, мог толькі апошні дурань. Глянуў яшчэ раз на Сурмілу, які нават у гэтай сітуацыі нічога не разумеў, не змог ці не схацеў загаварыць з людзьмі шчыра, скінуць з сябе маску напыжанай саліднасці, самаўпэўненасці, і нейкая пякучая непрыязь раптам узнікла ў яго да гэтага чалавека. Па праўдзе кажучы, ніколі ў яго да Сурмілы не было сімпатыі. Невядома чаму, але заўсёды ён насцярожваў, пакідаючы пасля сустрэчы нейкі нядобры астой... Чаму ж тады не выступіў на бюро, не падтрымаў Лазовіка і Антоненку, якія лепш за яго ведаюць Сурмілу? Чаго апусціўся да таго, што з трыбуны стаў расхвальваць на ўсе лады чалавека, да якога ў цябе няма ні даверу, ні сімпатыі? Ды яшчэ перад кім стаў расхвальваць?! Перад тымі, хто знае Сурмілу як аблупленага... Змаладушнічаў на бюро, пакрывіў душою, збаяўся ісці насуперак Радзевічу, утульненька суцяшаючы сябе: не зусім этычна, у раёне працую нядаўна, не ўсё ведаю, і ўвогуле, ніколі да дабра не прыводзіць, калі старшыня райвыканкома пачынае заядацца з першым сакратаром райкома... А заўжды так: адзін кампраміс цягне за сабою другі — вось і даводзіцца прасоўваць рашэнне, за якое галасаваў і з якім не згодны па сутнасці...

Сурміла, чырвоны, як бурак, ад узбуджэння ці мо сораму, што, хоць з аглядкаю, але ўсё ж давялося лупца­ваць самога сябе, нарэшце скончыў гаварыць, пакланіўся зале кіўком галавы, чакаючы належнага эфекту.

У зале панура маўчалі. Толькі бялявы, сярэдніх год чалавек перад трыбунай, якога Клімовіч, запрашаючы выступаць, назваў Лявончыкам, занёс рукі, каб пляснуць у далоні, аднак у самы апошні момант перадумаў — разгублена апусціў, не ведаючы, куды падзець іх.

Дзевяцень разумеў, што набліжаецца самае горшае, чаго можна было чакаць, нутром адчуваў усю недарэчнасць свайго становішча. Так табе і трэба! Хай гэта табе будзе навукаю, добрай навукай! Хоць яшчэ невядома, чым усё скончыцца. Гэта — партыйны сход, а хто ведае, як павядуць сябе калгаснікі на агульным сходзе? Магчыма, калгаснікі павядуць сябе па-іншаму, Сурміла таксама зробіць вывады... А чаго адмоўчваецца Клімовіч? Хай скажа і ён, паглядзім, як ён тут кіраваў, які аўтарытэт мае ў камуністаў?

-- Сакратар партбюро, ваша слова! — Сказаў знарок гучна, каб чулі ў зале.

Апатоль Іванавіч Клімовіч, гадоў пад пяцьдзесят чалавек з пышнай чарнявай чупрынай без сівізны, што нават дзіўна для яго ўзросту, без ахвоты падняўся з месца, паглядзеў адданымі вачыма па Сурмілу, нібы чакаючы ад яго дырэктывы, спалохана ўсміхнуўся і ніяк не мог пачаць сваю прамову. Дзевяцень ніколі не сутыкаўся блізка i фактычна не быў знаёмы з Клімовічам. Ведаў толькі, што той засядзеўся ў інструктарах райкома, здаецца, казалi, гадоў пятнаццаць, а летась паслалі сакратаром партбюро да Сурмілы.