Выбрать главу

— Таварышы! — нарэшце прарвала Клімовіча.— Пытанне, пра якое гаварыў перад намі Ігар Пракопавіч Дзевяцень, ёсць пытанне надзвычайнай важнасці і надзённасці. Мы думаем, што бюро раённага камітэта партыі дэталёва і ўсебакова прааналізавала становішча і прыняло адзіна правільнае рашэнне. Камуністы, усе калгаснікі нашага калгаса горача і аднадушна падтрымліваюць рашэнне бюро райкома...— Пераможна глянуў у залу.— 3 узбуйненнем калгаса перад намі адкрываюцца светлыя далягляды, шырокія і ясныя перспектывы, гаспадаранне ў нашым калгасе будзе пастаўлена на прынцыпова новы ўзровень, на рэйкі навукова-тэхнічнага прагрэсу. Таварыш Сурміла Аляксандр Уладзіміравіч, каго рэкамендуе нам бюро раённага камітэта партыі і якога мы ўсе добра ведаем як таленавітага арганізатара калгаснага будаўніцтва, надзвычай кампетэнтнага, на ўзроўні навукова-тэхнічнага прагрэсу спецыяліста сельскай гаспадаркі,— ёсць іменна той кіраўнік, які патрэбен сёння вёсцы. Сярод старшынь калгасаў і дырэктараў саўгасаў вобласці толькі наш Аляксандр Уладзіміравіч мае высокае навуковае званне кандыдата навук. Я лічу, што на агульным сходзе, які адбудзецца адразу ж пасля нашага партыйнага сходу, мы ўсе як адзін праявім высокую свядомасць і дысцыплінаванасць, дружна і арганізавана прагаласуем за аб’яднанне калгасаў і за выбранне старшынёю Аляксандра Уладзіміравіча Сурмілы! Нам выпаў вялікі гонар...— Словы ў Клімовіча былі нейкія круглыя, нежывыя, халодныя як градзіны. Ён натхнёна і шчодра сыпаў іх у залу, а яна не рэагавала. Гэтыя словы, нікога не кранаючы, скакалі як тэнісныя шарыкі, і выгляд прамоўцы рабіўся ўсё больш прыбітым, вартым жалю, на Клімовіча глядзелі хто са спачуваннем, хто з усмешкай. Тым не менш, калі скончыў, яму нават паапладзіравалі — ці то для смеху, ці то спачуваючы.

Пасля Клімовіча выступаць больш ніхто не схацеў, і сход закрылі, нават забыўшыся прагаласаваць.

Дзевяцень з нейкім дваістым пачуццём і прыкрым астоем на душы глядзеў, як спешна пакідаюць залу камуністы, і бачыў, што кожны з іх выносіць адсюль глухую незадаволенасць, нават пратэст. А што, калі на агульным сходзе возьмуць ды праваляць Сурмілаву кандыдатуру? Гэтая думка цяпер ужо не здавалася малаверагоднай, мо нават наадварот... Во будзе скандал! Старшыня райвыканкома праваліў, не правёў рашэнне бюро... Але страху за магчымы скандал ужо не было, з’яўлялася нейкае незразумелае, цьмянае, помслівае пачуццё, невядома на каго скіраванае — ці то на Сурмілу, ці то на Радзевіча, ці то на самога сябе, а магчыма, на ўсіх разам... Гэтае пачуццё не давала спакою, Ігар Пракопавіч не знаходзіў сабе месца. Да ўсяго страшэнна назаляў Сурміла са сваім ідыёцкім аптымізмам і недарэчнымі прапановамі разам павячэраць пасля сходу.

— Аляксандр Уладзіміравіч, — папрасіў ён, каб хоць па нейкі час адкараскацца ад Сурмілавай апекі.— Схадзіце паглядзіце, як збіраюцца людзі...

У Сурмілавых вачах з’явілася пытанне і палахлівае здзіўленне, аднак, не дачакаўшыся больш ніякіх тлумачэнняў, паслухмяна выйшаў, здагадаўшыся, мусіць, што яго проста справаджваюць з вачэй.

Дзевяцень адразу ж кінуўся да тэлефона. Радзевічаў нумар не адказваў. Ага-а, Радзевіч жа паехаў у вобласць — паклікалі тэрмінова на нейкую нараду. Мо пазваніць Чыжэўскай? Гэта яна больш за ўсіх насілася з Сурмілам, як з пісанай торбай...

Другі сакратар райкома партыі Галіна Пятроуна Чыжэўская моўчкі выслухала яго інфармацыю, занепакоена спыталася:

— Ты лічыш, што гэта сур ёзна?

— Думаю, так. Сурмілу, пэўна, праваляць...

Трубка напружана замоўкла.

— Што б там ні было, а ты павінен касцьмі легчы, а лінію правесці! — нарэшце ачомалася Чыжэўская.— Мы не можам стварыць прэцэдэнт!..— Голас у яе быў напорысты, рашучы. Яна заўсёды такая: каб толькі было па ёй, калі што надумае: здаецца, і не ведае, што такое сумненні, што такое адступіць. Нават дзіўна: як у гэтым кволым стварэнні можа жыць такая крутая, непахісная мужчынская хватка? А зрэшты... А зрэшты, у яе ужо і ад жаночага нічога не засталося — не жанчына, а проста кіруючы таварыш.

Дзевяценю па-чалавечы шкада Чыжэўскую, шкада ўсіх, як яна, жанчын-адзіночак, што па волі лёсу трапілі на свае кіруючыя пасады, праз якія так і не займелі свайго бабскага шчасця. I прывабнасцю многіх бог не абдзельвае, і нявесты відныя, а не асабліва знаходзяцца смельчакі, каб, страціўшы галаву, кідацца ў залёты. Ды і кіруючым нявестам гэтыя залёты быццам бы не з рукі: што скажуць, што падумаюць людзі, чаго добрага, папаўзуць плёткі. Бягуць гады, сплываюць апошнія шанцы, і як ні храбрыцца тая ж Чыжэўская, а глянеш у вочы — у іх туга, глухая, няўцешная, адчайная, а перад святамі i выхаднымі — асабліва. I нічога не паправіш, нікому не паскардзішся... Неяк у кампаніі на свята пасля выпітага залпам бакала віна Чыжэўскую пацягнула на шчырасць, потым пажартавала горка: калі б жанчыны ўздумалі пратэставаць, яна першая выйшла б з заклікам: «Далоў эмансiпацыю!» Жарт жартам, а і на самай справе наўрад ці хто пазайздросціць лёсу Чыжэўскай, лёсу ўсіх старых дзевак, якія, пэўна, ні разу і не адчулі сябе жанчынамі.