Выбрать главу

— Калі ласка...— перамагаючы разгубленасць, паказаў на трыбуну Дзевяцень. — Калі ласка...

Мужчына стаяў на месцы, камечачы ў руках шапку, можна было падумаць, што ён раптам завагаўся: а ці трэба выступаць?

— Калі ласка, калі ласка... — настойлівым жэстам паказаў яшчэ раз на трыбуну Дзевяцень.

— А я згэ-этуль! — рашуча махнуў шапкаю мужчына і стаў напаўабарот да залы.

— Вас чутно не будзе. Ідзіце за трыбуну,— настойваў Дзевяцень, толкам і сам не ведаючы, для чаго настойвае.

— Учу-уем!

— Хай гаворыць з месца...

— Ды з яго галасінай дынамікі палопаюць...

Гэта было і праўда: падобнага басу Дзевяцень ніколі не чуў. 3 такім голасам толькі ў оперны ці ў дзякі...

— У газетах пішуць, па радыё, тэлевізары кажуць: партыя і ўрад пра людзей клапоцяцца... — камячыў шапку ў руках прамоўца. — Чыстая праўда — клапоцяцца! Аднаму нашаму старшыні загад партыі і ўрада — не ўказ. Не клапоціцца ён пра рабочага чалавека, за чалавека яго не лічыць... — Паглядзеў вакол, шукаючы падтрымкі, адразу ж стаў смялейшы: — Узяць кармы. Як калгасніку пракарміць карову, калі яна яшчэ засталася? А калгасніку без каровы нельга... Во козы пазаводзілі... Козаў у нас нiхто век за скаціну не лічыў, а пры Сурміле дакаціліся да гэтай рагатай ганьбы. А што рабіць застаецца? Што ў хмызе ўваб’еш, на гарбе ў радзюшцы прыцягнеш ці, давай праўду казаць, украдзеш — тое і мець будзеш... — Павярнуўся і глянуў на Дзевяценя, сказаў да яго: — Хай лепей згніе, чым калгасніку даць — во якія ў нас парадкі. Летась палова сенакосу клякнула, шыш даў...— Глянуў на Сурмілу.— Мо няпраўда? А ўзяць выган, дзе пасем. Там блох пасвіць толькі, а не каровы. Ды і то збіраюцца заараць. Куды ж падзецца калгасніку?

— Ой, праўду, Пятровіч, кажаш! — ускочыла з месца кабета са звонкім сварлівым голасам. — Вам-то, піліпавіцкім, яшчэ што-о?! А нам, глінянскім, навасёлкаўскім, ройшанскім, каго ў гэтыя клеткі пад неба пазганяў, як жыць? Hi хлеўчыка, ні гуменца ля хаты. У вас кураняты, гусяняты, качаняты, хоць якое, а свінчо кожны выгадуе. А нам па тое няшчаснае яйко пасярод лета на базар прыся. Гэта ж розум трэба згубіць, каб на вёсцы чаўпці такое! Дальбог, людцы добрыя, гэта...— тыцнула пальцам на Сурмілу.— Нейкі вораг! Паглядзіце, дзе вобшчы хлеў для наглых каровак збудаваў! За вярсту ад хаты. Гэта ж адно мучэнне. Зімою пакуль прынясеш тое малако — замерзне, а ўлетку — глядзі што скісне. Спіціяльна робіць, каб каровы папрадавалі. I папрадаем — хай яны спрэндзяцца. Пакупляем матацыклы, машыны, пачнём ездзіць па кефір і малако ў гэтых пакетах у горад. Дзе ж гэта бачылі, каб сельскі чалавек па малако, мяса ў горад ездзіў? Ці мо знайшлі, як яго вырабляць на якім заводзе?! Трасцу! А мо я не хачу малака ў пакетах, мо мне не з рукі без курэй і без свінчаці!

— Затое жывяце па-панску! — падкузьміў вусаты дзядзька.— Hi табе дроў, ні табе чаго, плёхайся сабе ў ванне...

— То давай памяняемся, калі такі мондры?! Ага, спалохаўся! — Перавяла погляд на Сурмілу.— Ці мо з вамі, таварыш прадсядацель, памяняемся? Маўчыце... Нябось, самі-то на пяты этаж не палезлі, футар зрабілі для сябе ды яшчэ кус саду прыхапілі. Чаму ж не хочаце разам з намі жыць, калі гэтыя небаскробы такія салодкія, га? Вы ж самі-то да горада прывыклі, апроч сабакі, нічога не трымаеце? I для Клімовіча, нябось, таксама футарок робіце...

— Правільна!

— Безабраззе!

— Такога безабраззя свет не бачыў!

— Вон Сурмілу!

Людзі ўскоквалі са сваіх месцаў, махалі рукамі, намагаючыся перакрычаць адзін аднаго, і ўжо немагчыма было зразумець, што хто крычыць...

Дзевяцень гатовы быў скрозь сцэну праваліцца: каго ён падсоўваў людзям?! Закончыць, як мага хутчэй закрыць прыкры сход! Праз што ўтравілі яго ў гэтую гісторыю?

Аднак закрываць сход ужо не хацелася — расло, разрасталася тайнае злараднае пачуццё: хай скажуць усё людзі, хай паслухае Сурміла, што пра яго думаюць! I адначасова з гэтым пачуццём рабілася ўсё больш вострай непрыязь да гэтага чалавека.

— Таварышы! Давайце выступаць па адным, тавары­шы! Тут не базар, таварышы!

Узбуджэнне ў зале неўзабаве стала аціхаць, і, калі стала зусім спакойна, з сярэдзіны залы паднялася жанчына гадоў сарака і таропка пайшла да трыбущы.

— Як ваша прозвішча? — невядома для чаго запытаў Дзевяцень.

— Неўгень...— трохі збянтэжылася жанчына.— Неўгень, Тарэса Іванаўна, даяркай раблю...— Яна пераступала за трыбунай з нагі на нагу, бы забылася, пра што сабралася гаварыць.— Я таксама хачу сказаць: дайце нам за старшыню заборскага Кунцэвіча. Чалавек ён сталы, гаспадарскі — хай і наш Аляксандр Уладзіміравіч у яго павучыцца. Я ўсё сказала...— Неяк ціха і вінавата паглядзела на Дзевяценя, быццам хацела паспачуваць яму, стала асцярожна спускацца па сходках.