Выбрать главу

Ёй паапладзіравалі, праўда, не так дружна, як ранейшым прамоўцам. I адразу ж з сёмага рада падняўся чалавек у гадах, за якім даўно назіраў Ігар Пракопавіч. Устаўбучаныя валасы вакол лысіны, тонкі кручкаваты нос, адтапыраныя вялікія вушы, калючыя вочкі надавалі яму драпежны выгляд. Ну, гэты вылье жоўці, падумаў Дзевяцень.

— Я хачу во што сказаць, таварышы... — на здзіўленне, голас у чалавека быў мяккі, амаль жаночы. — 3 коньмі ў нас непарадак... На ўсе Піліпавічы тры кані засталося, і тыя пааддавалі штатным, прыватную лавачку развялі — захоча дасць, захоча не дасць, без бутэлькі не сунься...

— Пра-а-вільна! — загулі ў зале.

— Па дровы паехаць — бутэлька,— узбадзёрыўся прамоўца,— гной на соткі вывезці — бутэлька, да доктара па­ехаць — і то бутэльку гані. Што ж гэта такое? Аляксандр Уладзіміравіч кажа, што коні ўстарэлі, на іх месца машыны. Для калгаса-то машыны, а для калхозніка? Не аб’елі б калгас тыя коні. Вунь у Забор’і... — ён гаварыў блытана і сам разумеў гэта, пачырванеў, разгублена глядзеў па баках. — Я, як і ўсе, за тое, каб за старшыню ў нас быў Кунцэвіч...

— Хто яшчэ просіць слова?

— До-осыць!

— Што гаварыць!

— Усё сказалі...

Дзевяцень глянуў на Сурмілу, нахіліўся і, ледзь хаваючы іронію, запытаў:

— Вы будзеце выступаць?

Сурміла быў аглушаны, збянтэжаны, тупа глядзеў на людзей у зале, быццам гэта ўвогуле былі і не людзі, а нейкія мурашкі, якія здольныя толькі ўкусіць, а знішчыць яго не змогуць... Па праўдзе кажучы, ён яшчэ не зусім разумеў, што здарылася, не хацела ўкладвацца ў галаве, што аддаюць перавагу нейкаму невуку Кунцэвічу. Гэтага ніколі не будзе! Райком не дапусціць... Прыедзе Радзевіч ці Чыжэўская — і ўсё стане на месца. Ён глядзеў абыякава, нават здзіўлена на залу, і не было ні злосці, ні абурэння — на іх проста не хапала сілы. Быў толькі сорам, вялікі, агідны; ён, гэты сорам, муціў свядомасць, душыў да спазмаў у горле.

_ Не-е-е...— пакруціў галавою Сурміла, спалохаўшыся Дзевяценевага пытання.

Ігар Пракопавіч вычакаў хвілінку і сказаў у мікрафон:

— Таварышы, вашу думку я перадам бюро райкома партыі... А пакуль што сход аб’яўляю закрытым...— I адразу ж злавіў сябе на прыкрым: трэба, каб сход закрываў Сурміла, а не ён, але ат...

10

Кунцэвіча разбудзіў нецярплівы і настойлівы стук у акно.

— Каго ж там прынесла нячыстая...— спрасонку незадаволена прабурчаў ён, і адразу ж ёкнула трывога, разагнаўшы астаткі сну,— нешта здарылася! Так сабе старшыню калгаса пасярод ночы не паднімаюць. Кінуўся да акна — да шыбы прыліп прыплюснуты нос шафёра Мішы. Міша на мігах прасіў выйсці да яго. На хаду нацягваючы спартыўны касцюм, кінуўся да дзвярэй, пстрыкнуўшы на кухні выключальнікам.

Міша стаяў на асветленай палосцы і нецярпліва пераступаў з нагі на нагу.

— Што такое? — Аляксей Сцяпанавіч не хаваў трывогі, нават спалоху.

— Даруйце...— ніякавата памуляўся Міша.— А вы ўжо спалі?

— Што здарылася?!

— Я толькі што з Піліпавіч...— таемна сказаў ён, нецярпліва пераступаючы з нагі на нагу.

— Ну і што?!

- Сурмілу правалілі...— I Мішаў твар расплыўся ўсмешкаю да самых вушэй.

— Ты што, п’яны? — сумеўся Кунцэвіч, напускаючы на сябе сярдзітасць.

— Hi грамулькі! Дальбог, Сурмілу правалілі... Во, чэснае слова, праўда!

— I ты з-за гэтага мяне пабудзіў? — спрабаваў нахмурыцца Аляксей Сцянанавіч. Ён яшчэ не зусім верыў, але і не мог лічыць чыстай брахнёй, бабскай плёткаю тое што гэтак нечакана пасярод ночы прынёс Міша.

— Не ўтрываў, дальбог, не змог утрываць да раніцы...

— Цьфу, блазен! — плюнуў Кунцэвіч, павярнуўся і таропка пайшоў у хату, баючыся, каб Міша не заўважыў яго радасць.

Навіна ўзбударажыла Забор’е. 3 першымі промнямі сонца яна разнеслася па ўсёй вёсцы, абрастала падрабязнасцямі, фантастычнымі дэталямі, і ўсё прымалася за чыстую манету. К абеду, напрыклад, гаварылі, быццам Сурмілу ўжо арыштавалі, быццам нехта сваімі вачыма бачыў, як яго вялі ў каталажку аж тры канваіры — адзін з аўтаматам, двое з пісталетамі. Але гэтую недарэчнасць неўзабаве катэгарычна абвергла Тэкля Канцавая, якая ўсё ж не ўтрывала — з’ездзіла да дачкі ў Піліпавічы і, выведаўшы, адразу ж кінулася назад, каб паведаміць вяскоўцам падрабязнасці з першых рук. Сурмілу ў Забор’і рэдка хто нават у твар бачыў, але, як кажуць, добрая слава далёка ідзе, а ліхая — яшчэ далей, таму вёска пасля столькіх дзён непрыемнасцей уздыхнула з палёгкаю: слава богу, застанецца Кунцэвіч, нават Піліпавічы прагаласавалі за Кунцэвіча. Кунцэвіч — чалавек свой, надзейны...