Выбрать главу
11

Нешта надламалася, анямела ў душы ў Аляксандра Уладзіміравіча Сурмілы. Гэта быў шок, нейкі страшэнны кашмар. Адразу ж пасля сходу навалілася незразумелая апатыя і такая санлівасць, што ледзьве сіл хапіла даплесціся ад клуба да дома. Жонкі яшчэ не было — пэўна, педсавет ці яшчэ якая сходка, і ён на хвіліну абрадаваўся, што няма жонкі. Але і гэтая мізэрная радасць была нядобрай, прыкрай. Сілы пакідалі яго. Хацеў не распранацца, заваліцца на канапу адзетым, але ўсё ж змусіў сябе сцягнуць пінжак, штаны, кашулю. Не разбіраючы пасцелі, залез пад коўдру — заснуў імгнепна.

Прачнуўся ад яркага сонца ў вочы, здзівіўся: гадзіннік на сцяне паказваў адзінаццаць. Столькі ён ніколі не спаў. Тым не менш, галава была цяжкая, як з перапою.Толькі цяпер пакрысе стаў даходзіць ва ўсёй сваёй жахлівасці сэнс таго, што здарылася. Гэта было настолькі непраўдападобна, неверагодна, што аж засумняваўся: а ці не прыснілася ўсё? Але то быў не сон, ён дакладна ведаў, што не сон. Ускочыў з ложка як уджалены, зноў бездапаможна сеў, адчуваючы, як глухі, агідны страх пачаў душыць яго, і, нібы ратуючыся ад гэтага страху, кінуўся да тэлефона, стаў спешна набіраць нумар, яшчэ не ўсведамляючы, навошта звоніць. Нумар доўга не адказваў, потым, нарэшце, азвалася сакратарка.

— Мяне ніхто не шукаў?

— Ніхто,— без звычайнай пачцівасці, суха, нават, здалося, з насмешкаю адказала сакратарка, і яе тон кальнуў непрыемна, балюча.

— Калі што — я дома. Хай сюды звоняць! — са звы­чайнай строгасцю загадаў ён, ледзьве стрымліваючыся, каб не падаць знаку, што сакратарчын тон яго абразіў. — Я захварэў! — Шпурнуў трубку, а сам аж кіпеў ад злосці, не ведаючы, на кім спагнаць яе...

Пахадзіўшы па пакоі, трохі супакоіўся. А мо лепш было б паказацца ў канторы? Пэўна, лепш... Што, уласна кажучы, здарылася? Нічога асаблівага — маленькая замінка. Прыедзе Радзевіч — і ўсё паставіць на месца... Але чаму так доўга ён не азываецца? На добры лад, даўно павінен быў пазваніць... А мо яшчэ не вярнуўся з вобласці? Ці мо засядае бюро, «чысцяць» Дзевяценя? Ой, недзе «пачысцяць»! Падумаць толькі: так апраставалосіцца! Такога чэпэ яшчэ не ведаў раён... Знайшлі ж каго пасылаць?! Што, не мог прыехаць сам Радзевіч?! Ці хоць бы Чыжэўская? Гэтыя не завалілі б рашэнне бюро...

А мо сам больш за ўсіх вінаваты? На якога чорта трэ­ба было збіраць агульны сход, сцягваць усіх, каб схаўрусіліся? Сабралі б упаўнаважаных — і рашылі б без агульнага сходу. Падабралі б надзейных людзей, каб сядзелі, як мышы пад мятлой... Во дзе прамашка! Ай, трэба было думаць...

Цяпер недзе радуюцца, зубы скаляць... Хай сабе парадуюцца — радасць-то будзе нядоугай! Радзевіч не адступіць, да канца будзе гнуць сваю лінію...

А калі не будзе? Не захоча калі?! Што тады?..

I адразу ж стала не хапаць паветра, зрабілася млосна і душна, аднак праз хвіліну адчуў, што праймаюць дрыжыкі.

Трэба нешта рабіць, але што?!

Падышоў да акна, упёрся лбом у халодную шыбу, шукаючы, за што зачапіцца поглядам. Ля шпакоўні на клёне ўвіхаліся два чорныя шпакі. Прыляцелі...

А раптам і праўда Радзевіч адвернецца? Не можа быць! А чаму, уласна кажучы, не можа быць? Ад Радзевіча можна чаго хочаш чакаць — гэта яшчэ бацька казаў. Усе гэтыя гады Радзевіч так і не падпусціў да сябе, трымаўся на адлегласці. Хто ён, зрэшты, для Радзевіча? Звычайны старшыня калгаса. Радзевічу ў свае гады трэба пра сябе клапаціцца, з-за нейкага там Сурмілы на ражон ён не палезе...

Па праўдзе кажучы, ён ніколі не меў павагі да Радзевіча. Пабойваўся, а павагі не было. Разважаў: а што, уласна кажучы, за выключнасць такая Радзевіч, каб яго паважаць? Толькі што відную пасаду займае... А за ду­шою ўсяго ВПШ, і тую гадоў дваццаць назад скончыў завочна, ніякай прафесіі. Цяпер і настаўнікам ніхто не возьме, калі што... I ён бярэцца павучаць Сурмілу!

Іншы раз аж дух займала ад такой дзёрзкай смеласці, хоць гэтая смеласць і была схавана за сямю пячаткамі, нават у думкі дапускаць яе асцерагаўся, каб часам, выпіўшы, не ляпнуць перад кім. Перад начальствам у ім жыла нейкая заячая душа, былі моманты, калі і сам не ведаў, чаго баіцца, і быў праціўны сам сабе, але перайначыцца не мог. Разам з тым знаў сабе цану. I яшчэ ведаў: рана ці позна наступіць яго зорны час, хоча таго Радзевіч ці не хоча, а зараз эпоха кандыдатаў навук, ім у рэшце рэшт дыктаваць палітыку... А кожнаму ясна, што Радзевіч доўга не пратрымаецца — за пяцьдзесят пераваліла не сёння, то заўтра пацягнуць у вобласць на які прафсаюз ці сабес.