I яшчэ яго заўсёды вельмі краналі звесткі, калі недзе старшынь калгасаў ставілі адразу першымі сакратарамі райкома партыі. Звычайных старшынь, нават не кандыдатаў навук, а ён... Праўда, паўгода назад ішлі настойлівыя пагалоскі, што яго збіраюцца паставіць на райвыканком, нават Радзевіч неяк асцярожна намякнуў: маўляў, як паглядзеў бы, каб перабрацца ў горад... Канечне, прапанова была няпэўная і адказ, натуральна, быў такі ж, але ў душы ён згадзіўся, упэўнены, што гэта часовае рашэнне, свайго роду перасадка... А потым выйшла закавыка, сарвалася, прыслалі нікому не вядомага Дзевяценя. Не сядзець жа і чакаць, склаўшы рукі? Дзейнічаць трэба было разумна і хітра, і перш за ўсё абставіць так, каб імя тваё мільгала пад рознымі пачынамі, круцілася на вуснах у начальства, не сыходзіла са старонак газет, радыё, тэлебачання: самы вучоны старшыня, самы першы пачаў, самы першы закончыў, узяў самыя высокія абавязацельствы, самы, самы, самы... Завёў сяброў сярод газетчыкаў, ахвотна пазіраваў перад тэлекамерай, запісваўся ў спрэчках на кожным пленуме, нарадзе. А потым нечакана прыйшла геніяльная ідэя — прыбраць «Забор’е», і Радзевіч адразу ж клюнуў на гэтую нажыўку... А во як сталася: аказваецца, сам сабе яму капаў...
Дзень падбіраўся к поўдню, сонца стаяла высока, гурба бруднага снегу пад акном асела, распаўзалася жылкамі раўчукоў, у паветры насіліся чорныя як смоль галкі, паўзбіраўшыся на плот, гарлапанілі суседскія пеўнi.
Чаму не звоніць Радзевіч? Чаму маўчыць Чыжэўская.
Невядомасць мучыла, выбівала апошні грунт з-пад ног, ён як ратунку, як збавення чакаў званка з райкома. Чакау і сам сабе палохаўся прызнацца, што страшэнна баіцца гэтага званка. Гэты званок мог перакрэсліць у адзін момант апошнюю надзею...
Недзе трыумфуюць Лазовік з Антоненкам, хто-хто, а яны не упусцяць моманту, каб падвесіць яму камень на шыю, падліць масла, ды што масла — бензіну плёхнуць у агонь!
Рыпнула калітка. Ён апантана кінуўся да суседняга акна, што ад вуліцы, і засмучана адступіў — жонка! Чаго гэта яна так рана? Хоць бы які педсавет надумалі, ці што! Зараз жах як не хацелася бачыць, дакладней — каб яго бачыла жонка. Ён даўно пакінуў звычку расказваць ёй пра свае службовыя справы, тым больш — пра непрыемнасці. На свой жаночы розум, яна заўсёды ўсё брала блізка да сэрца, хвалявалася за розную дробязь. Спачатку хаваў, «перапальваў» у сабе свае непрыемнасці, шкадуючы, не хочучы турбаваць яе, потым з цягам часу жончыны хваляванні і спачуванні зрабіліся прыкрымі, сталі раздражняць, а ў апошнія гады — асабліва. Адным словам, непрыкметна ішло-заходзіла, зрабілася нормаю, што ўвогуле перастаў мець патрэбу гаварыць жонцы, дзе быў, што рабіў, з кім сустракаўся, з якой нагоды ўзяў добрую чарку. Іншы раз яна спрабавала далікатна выпытваць, але гэта заўсёды выклікала злосць — адказваў коратка і раздражнёна, даючы зразумець, што ёй да таго няма ніякай справы. Яна сціскалася ўся, хаваючы крыўду, а потым перастала цікавіцца. Ды і сама ўсё менш і менш расказвала пра свае школьныя клопаты, бачачы, што гэта яго не цікавіць. Часта ім і гаварыць не было пра што, і, пэўна, каб паглядзеў хто збоку, мог бы падумаць, што тут, у гэтым прасторным доме, жывуць двое глуханямых.
Ён разумеў, што іх сямейны човен дае трэшчыну, аднак не спяшаўся ні канапаціць яго, ні садзіць на мель...
Жончын цень мільгануў у акне, пачулася, як яна адмыкае паштовую скрынку. Чаму, чорт вазьмі, не надумалі на сёння там які педсавет, яшчэ раз з прыкрасцю падумаў ён... Канечне, ужо даведалася, нябось, па ўсёй ваколіцы недзе паспелі раззваніць... Мо таму і на педсавеце не засталася — спяшаецца суцешыць, паспачуваць...
Трапляць на вочы жонцы чамусьці было брыдка, а выслухоўваць яе спачуванні — гэта ужо вышэй усякіх сіл, і ён ліхаманкава думаў, што рабіць?.. Мо выклікаць машыну і з’ехаць куды-небудзь? З’ехаць, вядома, з’ехаць... А раптам азавецца Радзевіч?!
Рашэнне прыйшло нечакана — шмыгнуў у спальню імгненна распрануўся, залез пад коўдру, заплюшчыў вочы, затаіўся.
Рыпнулі дзверы, стукнуў аб падлогу цяжкі партфель — пэўна, была кантрольная... Распранае паліто, вешае ў шафу, ідзе... Ён спіной адчуў яе позірк, доўгі, дапытлівы, заклапочаны, і гэты позірк, здалося, прасвечвае навылет, працягваецца вечнасць. Сцяўся, баючыся выдаць сябе і ўмольна думаючы: толькі б хутчэй пакінула ў спакоі! I калі скрыпнулі-зачыніліся дзверы і аддаліліся яе крокі, уздыхнуў з палёгкаю: нарэшце...
Прайшла хвіліна-другая, і стала нясцерпна ляжаць лежнем. Ніколі дагэтуль не заўважаў, што ложак такі мулкі — вось-вось з матраца павылазяць спружыны. Асцярожна, каб не заскрыпела, павярнуўся на другі бок, заплюшчыў вочы. Эх, каб на самай справе заснуць! Лёг на спіну — стала трохі зручней. Каб толькі зноў не ўздумала прыперціся!