Выбрать главу

Матор аніяк не хацеў заводзіцца, толькі сяды-тады чыхаў смуродам. Хлопец папрасіў адкрыць капот, пакорпаўся ў маторы і скамандаваў:

— Ану, пробуйце!

Матор чхаў, фыркаў, хапаўся не ўсімі цыліндрамі, дрыжаў, як прыпадачпы, нарэшце, прарвала — запрацаваў роўна, амаль бясшумна.

— Ну, во і парадак! — весела сказаў хлопец.— Можна ехаць! — і добразычліва параіў: — Толькі будзьце абачлівы, не суньцеся ў любую лужыну...

— Не буду,— падміргнуў Сурміла і, пакуль хлопец падбіраў трос, пашарыў у кішэні, знайшоў пяцёрку. — Спасіба, друг, за помач. Вазьмі! — Сунуў грошы.— Прыедзеш — сагрэешся, а то, нябось, ніткі сухой няма...

— Вы што?! — спалохана глянуў хлопец, рашуча і сярдзіта адводзячы руку з грашыма. — Вы што?!

— Бяры-бяры — не саромся!.. — паблажліва падміргнуў Сурміла.— Як знойдзеш, прыехаўшы...— I тут жа пашкадаваў — хлопец узлаваўся не на жарт.

— А каб я, напрыклад, аказаўся на вашым месцы? — іранічна спытаў ён.— Няўжо вы грошы ўзялі б?

Аляксандр Уладзіміравіч зніякавеў, разгублена камячыў у руцэ пяцёрку, не ведаючы, што рабіць з ёю.

— То яшчэ раз вялікае дзякуй...— нарэшце знайшоўся ён і нечакана для сябе — для прыліку, ці што, а мо проста, каб не маўчаць,— запытаўся: — Адкуль хоць сам будзеш?

— 3 Забор’я. Чулі?

— 3 Забор’я?! — сумеўся Сурміла.— Чуў, брат, чуў...— I таропка пайшоў да сваёй машыны...

12

Пра тое, што Сурмілу пракацілі ў сваім жа калгасе і нават Дзевяцень з яго аратарскімі здольнасцямі не мог нічога зрабіць, назаўтра з раніцы толькі і гаворкі было ў райкоме партыі, райвыканкоме, упраўленні сельскай гаспадаркі. Сурмілу ніхто не любіў, таму хто адкрыта, хто спадцішка радаваліся і з нецярпеннем чакалі з вобласці Радзевіча — што ён скажа, як зрэагуе?

Радзевіч з’явіўся ў другой палове дня, недзе гадзін каля чатырох, калі ўжо стаміліся яго чакаць, на ўсе лады абгаварылі тое, што здарылася ўчора ў «Гіганце». Не паспеў Радзевіч і распрануцца, як у кабінет да яго кінулася ўстрывожаная Чыжэўская — яе абавязак першай далажыць...

— Што здарылася, Галіна Пятроўна? — стомленым голасам запытаў Радзевіч.

— Чэпэ, Андрэй Паўлавіч... Сурмілу...— У Чыжэўскай не хапала духу сказаць.— Словам... Пра-а-валілі...

— Правалілі Сурмілу, кажаш?.. — спакойна, нават, зда­лося, з палёгкаю перапытаў Радзевіч. — А я-то думаў... — Ён не сказаў, што думаў, але было ясна — чакаў нечага горшага. — Значыць, правалілі... — Усміхнуўся незразумела і загадкава, быццам пацвельваецца, пасмейваецца з яе трывогі.

Чыжэўская была збіта з тропу, у вачах яе застыла пытанне, здзіўленае, разгубленае: як гэта разумець? Як можа ён, першы сакратар, так спакойна, болей таго — абыякава ўспрымаць тое, што кідае цень на рэпутацыю бюро, увогуле райкома партыі?! Чаму не абураецца, не распытвае, у рэшце рэшт, чаму, як усё гэта здарылася?!

Радзевіч маўчаў, нібы знарок сабраўся выпрабоўваць яе нервы.

— Дзевяцень не правёў лінію бюро...— глуха сказала Чыжэўская.— Такога мы яшчэ не мелі...

Радзевіч глянуў, як глядзіць сталы, умудроны жыццём чалавек на нейкія дзівосы падлетка,— трохі паблажліва, трохі сур’ёзна, трохі дакорліва, нічога не сказаўшы, сеў за стол, стаў машынальна перакладваць паперы. Гэтая падкрэсленая няўвага непрыемна ўразіла Чыжэўскую, на­ват абразіла, аднак яна не падала знаку, села ля прыстаўнога століка і з выклікам стала чакаць.

— Значыць, ва ўсім вінаваты Дзевяцень?..— насмешліва запытаў Радзевіч — такі тон ён дазваляе толькі тады, калі яна гаворыць відавочнае глупства. Звычайна ж ставіцца да яе сур’ёзна, як да дарослай дачкі — без натацый і наганяяў, але заўсёды з выразным намёкам: думай, май сваю галаву на плачах, не рабі хуткаспелых высноў...— А мо усё ж не адзін Дзевяцень вінаваты? А-а?..

— А хто? — сумелася Чыжэўская.— Дзевяцень не меў права адступаць!

Радзевіч адказаў не адразу, толькі паглядзеў на яе выразна, і ў яго трохі журботным позірку Чыжэўская заўважыла не проста нязгоду, неадабрэнне, іронію, а нешта большае — адчужанасць, асуджэнне, суровае, бязлітаснае.

— А што вы прапануеце? — нечакана перайшоў на афіцыйнае «вы» Радзевіч, і Чыжэўская адчула, што гэтае халоднае «вы» нічога добрага для яе не абяцае. Яна хацела і ніяк не магла зразумець, адкуль, з якой ласкі Радзевічава няміласць? Што гэта ўсё значыць? Ніякай віны, ніякіх грахоў за сабою яна не адчувала, тым не менш...

— Я лічу, што прэцэдэнт варты таго, каб абгаварыць на бюро! — трохі ніякавеючы, але энергічна адказала Чыжэўская.

— Што ж...— падумаўшы, згадзіўся Радзевіч.— Нам і праўда ёсць пра што пагаварыць... Толькі не на бюро, а на пленуме райкома...