Распытаўшы пра гаспадарчыя справы, сакратар стаў пільна дапытвацца пра кадры раённага звяна. Перш за ўсё пра Дзевяценя: як прыжыўся, як да яго ставяцца людзі, што ён, Радзевіч, можа сказаць пра асабістыя Дзевяценевы якасці? Пытанні, канечне, натуральныя: Дзевяценя прыслалі ў раён, чаму ж і не пацікавіцца, чаго ён варты, як бярэцца за справу.
Ён станоўча ахарактарызаваў Дзевяценя, не ўтаіўшы, як таго настойліва дамагаўся сакратар абкома, і некаторых, на яго погляд, слабых бакоў: пэўная нерашучасць, боязь іншы раз узяць на сябе ўсю адказнасць... Потым перайшлі да Чыжэўскай, Антоненкі, Лазовіка... Сакратар патрабаваў шчырасці, аб’ектыўных ацэнак, і, натуральна, ён, Радзевіч, гаварыў, што думаў, што ведаў, пазбягаючы катэгарычнасці, увесь час падкрэсліваючы, што гэта яго асабістая, суб’ектыўная думка. Адчувалася, што яго спакойныя і ўзважаныя характарыстыкі падабаюцца сакратару абкома. Разам з тым за яго заклапочана-ўніклівымі пытаннямі і рэплікамі хавалася нейкая недамоўленасць, і гэта не магло заставацца незаўважаным. I раптам непрыемная згадка: а ці не збіраюцца яму прапанаваць нейкую іншую работу? Логіка, шматгадовы вопыт падказвалі, што менавіта так. Але чаму? Няўжо на самай справе састарыўся, выходзіць у тыраж?..
— Вы колькі ўжо першым?
— Чатырнаццаты год...— насцярожыўся Радзевіч.
— Не стаміліся?
— Я зразумеў, што хочаце запхнуць на спакойную, ціхую работу... Устарэў... — Ен нявесела ўсміхнуўся, даючы зразумець, што гэта яго крыўдзіць і абурае.
— Ды не...— трохі зніякавеў сакратар, памяркоўна і мякка сказаў: — Мы так не думаем... Вы забяспечваеце свой участак работы... Асаблівых прэтэнзій да вас няма. Раён адзін з перадавых у вобласці — гэта гаворыць само за сябе. Калі адчуваеце ў сабе сілы — працягвайце працаваць на здароўе, ніхто вас не збіраецца ні здымаць, ні запіхваць, як вы кажаце, на спакойную работу. Мы цэнім ваш вопыт, вашу энергію. Аднак, наш абавязак адкрыта i шчыра запытаць... Мы не маем права змушаць людзей працаваць на зноc. Учора, дарэчы, у мяне быў Васілец: на прамілы бог просіцца ў вобласць на спакайнейшую работу — цяжка, выдахся, нервы здаюць... А вы і па гадах старэйшы, і ў два разы больш за яго на пасадзе першага... Сёлета, як вы ведаеце, партканферэнцыі, і мы загадзя павінны ведаць і думаць...
— Вы сумняваецеся?..
— Не сумняваемся. Проста — наш абавязак запытаць... Так што лічыце, не было гэтай гаворкі, пытанне будзем лічыць закрытым...— I, падумаўшы, дадаў: — Тым больш вы сабе раўнацэннай замены не падрыхтавалі...
«Лічыце, не было гаворкі»... Хм... Не-е, была гаворка, быў першы званочак — гэта факт. Нявесела, канечне, калі табе даюць званочак... Хай сабе і першы, але званочак...
А мо дарма даў у хамут? Трэ было хоць пацікавіцца, што яны збіраліся прапанаваць. Канечне, трэ было пацікавіцца. А мо праўда, як ні маладзіся, а гады бяруць сваё. Магчыма... Сядзеў бы ў якой ціхай канторы, як таго, напрыклад, захацеў на шэcць гадоў маладзейшы Васілец. Прыходзіў бы сабе да дзевяці, адыходзіў бы — у шэcць пятнаццаць, спакойна пакідаючы за парогам ціхай канторы ўсе клопаты і хваляванпі. Чым не жыццё? Хм, жыццё... Хіба гэта жыццё?..
Падышоў да акна, адчыніў фортку — і ў кабінет адразу ж дыхнула свежасцю, нейкім не зусім зразумелым шматгалоссем вясны. Гэта супакойвала, бадзёрыла. Стаў думаць пра ўчарашні сход у «Гіганце» і ніяк не мог уявіць, як там усё адбывалася. Трэба паклікаць Дзевяценя — хай раскажа... Цікава, а як там адчувае сябе Сурміла? Як ён усё гэта ўспрыняў?.. Мо пазваніць? Не, не трэба: хай падумае — гэта для яго карысна... А ці пацягне Кунцэвіч такую гаспадарку — во пытанне? Пацягне... Канечне, пацягне. Трэба падмацаваць талковымі спецыялістамі, мо хто і прыглянецца старому: глядзіш, праз год-два і падрыхтуе сабе змену... А што, цікава, скажуць у абласным упраўленні сельскай гаспадаркі? Якога коніка выкіне Сурміла-старэйшы?
Пахадзіў па кабінеце, зноў вярнуўся да акна, з палёгкаю адчуў, што магчымыя непрыемнасці з Кунцэвічавай кандыдатурай у абласным упраўленні не дужа хвалююць яго...
А на вуліцы бралася вясна. Сонца хілілася к заходу, але ўсё яшчэ свяціла ярка і шчодра...