— Аксана,— Чэсь азірнуўся, тады апусціў галаву, пакалупаў вялікім пальцам нагі пясок.— Аксана,— хутка прамовіў ён,— ты прабач... Я больш не буду цябе тапіць...
Вось дык фокусы! Што гэта з ім?
— Добра, глядзі,— жартуючы, паківала яму пальцам Аксана.
— Дык ты не крыўдуеш? — адразу павесялеў Чэсь.— А хочаш, мы гэтым летам будзем сябраваць?
— Як?
— Ну, разам быць... Я пакажу табе вір, дзе ловяцца падлешчы. І будан... не, я хацеў сказаць, пакажу, дзе арэхаў можна будзе назбіраць поўна...
— Пачакай, што за будан?
— Не, нічога. Ніякага будана няма. Я хацеў сказаць, яго можна зрабіць,— з прыкрасцю на сябе, што прагаварыўся, пачаў апраўдвацца Чэсь.
«Я ў цябе ўсё выпытаю, ты мне ўсё пакажаш, і той будан»,— падумала Аксана. Ёй ільсціла прапанова сяброўства, прыемна было — і ўсё ж... Яна са здзіўленнем адчула, што такі Чэсь — пакорлівы, ветлівы, прыніжаны — цікавіць яе менш, чым раней. Калі б ён толькі што не папрасіў прабачэння, ёй, напэўна ж, не захацелася б зараз крышку памучыць яго.
— А я не змагу быць тут улетку,— сумна ўздыхнуўшы, сказала яна.
— Як не зможаш? Чаму?!
— Тату адпраўляюць у экспедыцыю. У... у Бразілію. І ён бярэ мяне з сабою.
Чэсь нават забыў пра шчаку. Ён глядзеў на дзяўчынку ва ўсе вочы, смешны і няшчасны.
— А надоўга? — спытаў ён з рэшткамі надзеі ў голасе.— Можа, хоць у канцы лета прыедзеш?
— Не, наўрад ці. Мы там доўга будзем, у Бразіліі.
— А ты сама хочаш ехаць? — спытаў Чэсь.
— Вядома, хачу. Там так цікава... Папершае, цэлых дзесяць гадзін ляцець самалётам. Падругое, там акіян, розныя кракадзілы, джунглі, пальмы, какосавыя арэхі...
— А ў нас хіба нецікава? — вырашыў пакрыўдзіцца Чэсь.
— Параўнаў! Кракадзілаў — і вашыя падлешчыкі, какосы — і вашыя арэхі...
Чэсь быў проста знішчаны. А ён хацеў зацікавіць яе буданом... Будан — і Бразілія!..
Ён пахмурнеў. Разам з тым у яго вачах пачало з'яўляцца штосьці ранейшае, задзірліваганарыстае.
Раздзел 11. МІХАЛ
— Ну і едзь,— панура сказаў Чэсь, зпад ілба пазіраючы на дзяўчынку.
— Ну і паеду.
— Едзь, едзь...
Помста за ранейшыя крыўды была поўная. Аксана, з'ахвоціўшыся, нацешыўшыся, зараз жа пашкадавала яго. Толькі яна збіралася прызнацца, што Бразілія — лухта, і яна сама не ведае, дзеля чаго выдумала ўсё гэта, як Чэсь падступіў да яе на якіх паўкрока і перакрыў ёй дарогу да веснічак.
— А хочаш, я табе зараз тваю Бразілію пакажу...
Не паспела Аксана адскочыць, як Чэсь схапіў яе двума пальцамі за нос і пацягнуў уверх.
На міг дзяўчынка знямела ад нечаканасці, ад гэтага нахабства; да таго ж так балюча і непрыемна было... Але праз міг, сілячыся вырвацца, яна знянацку наступіла цвёрдай, рыфленай падэшвай красоўкі на Чэсеву босую нагу. Чэсь войкнуў і выпусціў яе нос. Ад злосці Аксана яшчэ раз паўтарыла гэты «прыём», ужо знарок.
— Ты што?! — ускрыкнуў Чэсь і, сагнуўшыся, схапіўся за нагу.
Дужа няўстойлівай, заманлівай была такая яго поза, каб не паспрабаваць перамагчы яго дарэшты... Аксана лёгка штурхнула яго ў плячо. Чэсь згубіў раўнавагу, упаў на спіну, але адразу ж пругка падхапіўся:
— Ну, пачакай!..
Але хуткай і суровай расплаты Аксана чакаць не стала. Не паспеў Чэсь абцерці пясок з шортаў, як яна ўжо сядзела на высокім плоце,— балазе ў красоўках лёгка было ўзабрацца па гладкіх калках, падэшвы не коўзаліся.
Бы кошка, зверху дзяўчынка цікавала за Чэсем, гатовая пры першым яго падазроным руху саскочыць у двор.
— Ах! — усклікнула раптам яна і схапілася за кішэню, стараючыся затрымаць манету, што вывальвалася адтуль.
Але позна! Манета выслізнула з рукі і шпокнула недзе ў траву пад плот. Праз імгненне яна была ўжо ў кулаку ў Чэся. Чамусьці хлопчык таксама, перш чым схаваць манету, схапіўся за сваю кішэню, запусціў туды руку.
— Дзірка,— збянтэжана прамовіў ён.
— Чэсік, аддай! — узмалілася Аксана.
— Яшчэ чаго.
— Аддай, гэта не мая манета!
— Вядома, не твая, а мая.
(Яшчэ б — хто б адмовіўся ад такога трафею, здабытага ў «чэсным баі»?!)
— Чэсік, ну хочаш, я прызнаюся, што наманіла табе?
— Гм... Хачу.
— Тады аддасі?
— Аддам.
— Пакляніся!
— Ну, клянуся.
— Я нахлусіла табе пра Бразілію... Нікуды я не еду, тут буду, у Паплавах. І мы будзем сябраваць, як ты хацеў...
— Вось як? Ну, калі прыедзеш на канікулы, тады і пагаворым.
І Чэсь, спакойна пасвістваючы, павярнуўся да дзяўчынкі спіною з яўным намерам — пайсці.