Выбрать главу

— Ну, яна з табою — якая розніца? Што яна сказала табе на вуха?

Міхал загадкава пасміхаўся і маўчаў, нібы хацеў набіць цану тым словам, якія можа зараз сказаць сябру, а можа і не сказаць.

— Не забывай, што манета мая,— нагадаў Чэсь.

— Добра. Аксана шапнула, што ў нашых Паплавах схаваны скарб. І разгадка, як яго знайсці — у манеце.

Чэсь недаверліва гмыкнуў. Ён чакаў зусім іншага... А тут — нейкі скарб... Усё гэта дзіцячае, з кніжак і фільмаў. Калі б пачуў гэта не ад Міхала, а ад кагосьці іншага, дык падняў бы таго на смех. Але Міхал ніколі не хлусіць...

— Ты сур'ёзна? — спытаў Чэсь, прыпадняўшыся на локці.

— Аксане сказаў бацька. А яе бацька, не забывай, вядомы гісторык, археолаг, і проста так казкі расказваць не стане.

— А падрабязней? — адразу загарэўся Чэсь.— Што за скарб? Пры чым манета?

— Я ведаю не больш за цябе. Ты ж сам чуў: Аксана абяцала, што сёння ўвечары яе бацька раскажа гэтую гісторыю. Я схаджу, паслухаю — і тады будзем штосьці думаць.

— А чаму ты адзін?

— Таму, што мяне аднаго звалі. Можа, яшчэ ўсёй кампаніяй завалімся — я, ты і Зміцер?

— Так, і Зміцер! Мы павінны быць усе разам. Або мы ідзем усе ўтрох, або... або я зашпурну гэтую манету ў Бярэзіну! — рашуча заявіў Чэсь.

Часціна другая. ПАПЛАВЫ

Раздзел 13. БУДАН

Будан быў зроблены на вышыні метраў чатырох, у кронах сярод пераплеценага голля дуба і таўсценных вольхаў, што раслі разам на абрывістым беразе ракі. Вада ціха плыла ўнізе, часам закручвалася ў віры і тады хвалі плёхалі ў бераг, лізалі жоўты пясок, вымываючы абламаныя, голыя карані дрэў.

Месца для будана недзе з месяц назад выпадкова знайшоў Чэсь. Тады, у канцы красавіка, калі ўсе вакол было ўжо добра зялёным, прыпякала сонца; рыба, найбольш плоткі, нераставала, падымалася са сваіх цёмных глыбокіх ямаў да паверхні, заходзіла ў прыбярэжную шапаткую траву, на мель, дзе хапае ежы і дзе зусім цёпла, дзе можна нават падрамаць, млява варушачы плаўнікамі.

На вуды, аднак, рыба бралася слаба, Чэсь з Міхалам з паўдня цягалі на мелкаце стары дзіравы Міхалаў брэдзень, тады тут жа, ля берага, купаліся, спрабавалі ў каламутнай вадзе лавіць плотак рукамі... Натомленыя, змерзлыя, паленаваліся несці дамоў мокры, цяжкі брэдзень — усё адно, калі такая пагодка пастаіць ящчэ, заўтра зноў захочацца парыбаліць. У прыбярэжных кустах пакідаць брэдзень, які б стары і дзіравы ён ні быў, не адважыдіся. Чэсь задраў галаву, палез па крывой, тоўстай, без галін знізу вольсе, дабраўся да густой кроны, нырнуў туды... і прапаў.

— Гэй, сюды! — пачуўся зверху яго голас.— Ды тут хату можна пабудаваць, сярод голля!

Апынуўшыся наверсе, Міхал таксама не змог стрымаць захаплення:

— Вось дзіва — галіны самі так растуць, што нібыта шалаш. І відаць адсюль усё. А цябе, Чэсь, нават знізу, за два крокі ніяк не было відно.

Смела пакінуўшы тут, у «шалашы», брэдзень, на другі дзень хлопцы прыйшлі на гэтае месца не з пустымі рукамі. Яны прыцягнулі некалькі дошчатых скрынак, якія знайшлі на сметніку за мясцовай крамай; акрамя таго скрутак мяккага алюмініевага дроту, малаток, цвічкі і кавалак руберойду. У той дзень ім было нават не да рыбы. Кіпела работа. На ніжнія паралельныя галіны паклалі дошкі, абплялі дротам — атрымалася «падлога», усцягнулі наверх руберойд — выдатная «столь». Вось толькі на сцены не хапіла дошак. Але нічога, дзён наперадзе многа, як многа і скрынак ля крамы...

На выхадныя прыязджаў з блізкай Бярозы Міхалаў і Чэсеў сябар, Змітрок. У яго бацькоў у Паплавах было лецішча, толькі не ў «нізіне», каля ракі, а пад лесам. Змітрака хлопцы заўсёды ахвотна бралі ў сваю кампанію — таму, што ён гарадскі, а не задаецца, і таму, што ён безадказны, з усім згаджаецца і слухаецца заўсёды як старэйшага, Міхала, так і маладзейшага, Чэся.

Цяпер, калі надыходзілі выхадныя, ужо ўсе ўтрох, звязаныя, вядома, найстрогай тайнаю, уладкоўвалі будан. І будан пакрысе набываў усё больш абжыты, нават утульны, як хлопцам здавалася, выгляд. З'явіліся «сценкі», зробленыя з тых жа дошак ад скрынак. На «падлогу» наслалі мяккага сухога моху. Усярэдзіне будан аказаўся даволі вялікі, умяшчальны — усім тром хапала месца, яшчэ і заставалася; можна было ляжаць, можна нават уставаць на ўвесь рост. Праўда, высокаму Міхалу даводзілася прыгінаць галаву. У кутку пры «сценках» збілі дзве палічкі, на якіх расклалі розную драбязу (што за жытло без сякіх­такіх рэчаў?): вудкі, каробачкі з кручкамі, волава на грузікі, рандэлак, адшараваны пяском і ўсё адно са слядамі копаці на баках, чайнік, шкляначкі з соллю, перцам, лістам, запалкі, сцізорык, нават тоўстая парафінавая свечка. На другой паліцы — зброя: паляўнічы нож, самапалы — прымацаваныя да драўлянага ложа медныя трубкі, закляпаныя на канцах. Пад паліцамі ў кутку — вылінялы да белага паходны заплечнік, які аддаў хлопцам Міхалаў бацька, брэдзень, спінінг, гумавыя боты з высокімі халявамі.