Выбрать главу

Былі ў будане і «дзверы» — густалістая галіна дуба, якая цалкам закрывала ўваход. Галіна спружыніла: адагнеш яе, пралезеш у будан, а яна пырх назад, і «дзверы зачыніліся». І вось ты ў будане. Так здорава тут. Унізе цячэ, плешчацца аб бераг вада. Па гэты бок відаць дарога, Чэсева хата і агарод, іншыя блізкія дамы і агароды, помнік на пагорку. Ты ўсё і ўсіх бачыш, а цябе ніхто. Ніхто і не здагадваецца, што ты тут, на дрэвах, жывеш, нібы птушка ці звер. А найбольш цікава, калі дождж (толькі без маланак, у маланку пад дубам небяспечна): Сядзіш сабе ціха ў будане, кроплі шпокаюць аб руберойд і аб лісце... А тут суха, цёпла, ты забыты ўсім светам, адрэзаны ад людзей, ад звыклага жыцця...

Неўзабаве будан ператварыўся ў «штаб». І старэйщы Міхал, і маладзейшыя Чэсь са Змітраком — усе былі адначасова і «радавымі байцамі» і «начальнікамі штаба». Справа ў тым, што вось­вось надыдуць летнія канікулы. Трэба абмеркаваць і зацвердзіць «план дзеяння». План просты: не хадзіць жа цэлае лета, задраўшы галовы, пасвістваць, купацца, загараць і лавіць рыбку. Адно, што надакучыць, а другое — адзінаццаць­дванаццаць гадоў самы ўзрост, каб зразумець, што ў жыцці далёка не апошняе месца займаюць грошы. І багатым быць зусім няблага. Асабліва, калі гэта не бацькоўскія, а твае ўласныя трошы. І ты можаш траціць іх на ўсё, што захочаш, не пытаючы ні ў кога дазволу.

Тройка сяброў сабралася ў будане­«штабе». Міхал нават прыхапіў сшытак і агрызак алоўка, каб запісваць самыя цікавыя і, галоўнае, найбольш рэальныя прапановы. Кожны павінен быў выступіць на тэму: «Як ім за лета зарабіць грошай і разбагацець?»

Першы выступіў Змітрок. Міхал запісаў:

1) Змітрок. Мыць машыны, пажадана іншамаркі, на аўтазапраўцы пад Бярозаю. Змітрок ужо спрабаваў. Станоўчае — калі пашэнціць, можна за раз атрымаць да дзесяці даляраў. Недахопы — мыць патрэбна хутка і акуратна, да таго ж прыніжацца, усім дагаджаць. Канкурэнты — мясцовыя і з Бярозы — чужакоў не падпускаюць і блізка. У Змітрака адабралі вядро, навешалі аплявух і паабяцалі, што, калі ўбачаць яго яшчэ раз, адзенуць вядро з мыльнай вадой на галаву.

— І ты так нічога і не зарабіў? — спытаў Міхал.

— Не паспеў... Аднаму так вымыў яго «Вольву», аж блішчэла — не даў нічога. Другі піхнуў у руку нейкую драбязу, кавалак мыла больш каштуе. Толькі дзве машыны і паспеў памыць.

— Адкуль у нас тыя іншамаркі ці багатыя людзі! — азваўся Чэсь.— Горад маленькі, гэта каб у Мінску, вось там можна было б зарабіць!

Міхал пазначыў унізе: машыны — на крайні выпадак.

Чэсь прапанаваў свой, самы надзейны варыянт:

— Будзем збіраць грыбы, ягады, арэхі, лавіць рыбу, вазіць у горад на базар і прадаваць. Грощы трымаць у адным месцы, а ў канцы лета падзяліць пароўну.

— Ягады з'явяцца ў лепшым выпадку праз месяц,— сказаў Міхал,— грыбы пры такой спёцы ці будуць увогуле, арэхі ў канцы лета, і з рыбаю не кожны раз удача. Дый рыбы заўсёды поўна ў горадзе на базары.

— Тады не ведаю.

Міхал запісаў: 2) Варыянт Чэся. Станоўчае — надзейнасць. Недахопы — цяжка, доўга, нудна, мала грошай.

— Я прапаную вось што,— сказаў Міхал.— Вы заўважылі: да дзеда Макара ўвесь апошні месяц пачалі прыязджаць нейкія людзі з Мінска — геолагі, як ён кажа. Двое мужчын. Яны ставяць у яго двары машыну, сталуюцца, калі­нікалі начуюць. Няўжо ім не патрэбны памочнікі?

— А што яны робяць? — спытаў Змітрок.

— Ходзяць каля рэчкі, ля помніка, па лузе, штосьці вымяраюць, запісваюць... Апошнім часам пачалі хадзіць нават па агародах, і да нас прыходзілі. Тлумачаць гаспадарам, што ім патрэбна браць на пробу зямлю і ваду з розных участкаў нашай ваколіцы...

— Усё зразумела — нафту шукаюць,— умяшаўся Чэсь.

— Можа, нафту, можа, іншыя карысныя выкапні... У іх такая штука, падобная на мінашукальнік — палка з дугою на канцы. Я прапаную падысці да іх і папрасіцца на работу: штосьці падносіць ім, падаваць рулетку, трымаць спіцы­фіксатары... Калі хоць аднаго з нас возьмуць, і то добра. Калі не возьмуць, таксама не бяда, мы нічога не трацім, а вось паспрабаваць варта.

— Быць «на падхваце», на пабягушках?— скрывіўся Чэсь.

— Тады ідзі машыны мыць.

— Машыны мыць — ты сам сабе гаспадар, хочаш мыеш, а хочаш — не, а тут будзеш бегаць, як сабачка, ніякай волі... Але хай: я згодзен. Толькі разлік — далярамі, і ў канцы кожнага дня,— сказаў Чэсь.