— Гэта само сабою. А людзі яны не бедныя, па машыне відаць. Акрамя таго, яны часта з'язджаюць у Мінск і работа іхняя стаіць. А яны маглі б на гэты час даваць нам заданне — напрыклад, памераць участак, набраць той жа зямлі на пробу.
— Вырашана — запісвай.
— І так, трэці пункт,— запісваў і ўголас чытаў Міхал.— Станоўчае — наяўныя грошы ў канцы дня. Недахоп — ці трэба ім памочнікі?
— І ці не апярэдзілі нас,— прамовіў Змітрок, які заўсёды гаварыў мала, але трапна.— Пра Курта забылі?
Пры слове «Курт» паморшчыліся ўсе ўтрох. Гэта быў дзеда Макара ўнук, які жыў і вучыўся ў школе ў Бярозе, а на выхадныя, як і Змітрок, прыязджаў да дзеда ў Паплавы. Тром сябрам ён прыносіў шмат непрыемнасцей, асабліва калі ўцягнуў іх у адну гісторыю, пра якую і цяпер ім сорамна было ўспамінаць.
Міхал пачухаў кончыкам алоўка патыліцу:
— Гэты паўсюль улезе... Але ўсё ж ён гарадскі, а мы мясцовыя з Чэсем, жывём тут і больш ведаем.
— Нічога,— сказаў Змітрок,— праз тыдзень канікулы, ён таксама будзе жыць у дзеда. Геолагі ў іх спыніліся, сталуюцца, яго яны і возьмуць. Навошта ім мы, чужыя?
— Значыць, трэба паспрабаваць яго апярэдзіць. І пункт чацвёрты,— падагульніў Міхал,— пастарацца дзенебудзь знайсці грошы. Пільней прыглядацца каля крамы, каля аўтазапраўкі, асабліва ў горадзе на вакзале і ўвогуле на вуліцах... Гэта цябе найбольш, Зміцер, тычыцца.
— Ага,— іранічна пасміхнуўся Чэсь,— там ляжыць сярод вуліцы кашалёк, чакае яго не дачакаецца.
— Раз хтосьці губляе грошы, значыць, хтосьці павінен іх і знаходзіць,— спакойна адказаў Міхал.— Запішам, як варыянт.
Чэсь і Зміцер не мелі нічога супраць такой логікі.
Раздзел 14. ГЕОЛАГІ І ДЗЕД МАКАР
— Цяпер трэба запісаць у сшытак: пункт пяты — пошукі скарбу,— сказаў Чэсь, забаўляючыся манетаю.— Хоць і мала верыцца, калі шчыра.
Яны з Міхалам ляжалі на мурагу за Чэсевай дрывотняю, разамлелыя на сонейку, ляніва аглядалі луг, рэчку, пагорак з помнікам.
— Увечары даведаемся, што за скарб,— Міхал пазяхнуў.— У любым выпадку скарб — гэта сур'ёзна. Што знайшоў, усё тваё, адразу капітал. Гэта табе не машыны мыць і не чарніцы прадаваць.
— А што да вечара рабіць? Можа, у будан сходзім? — прапанаваў Чэсь.
Міхал, не адказваючы, павярнуў галаву, прыслухаўся. У двары пачуўся голас Чэсевай маці, затым крокі, і зза дрывотні выйшаў Змітрок. Як заўсёды, сур'ёзны, чысценькі, падстрыжаны, у адпрасаваных штанах, новай кашулі, наваксаваных чаравіках.
— Вось дзе вы! А я ўжо і ў будане вас шукаў. Прывітанне,— спакойна падаў руку аднаму, другому, нібы не бачыліся не цэлы тыдзень, а ўсяго некалькі гадзін, улёгся побач.
— Калі ты прыехаў? — спытаў Міхал.
— Толькі што, дзённым аўтобусам.
— Ну, і якія навіны? — Чэсь з Міхалам перамігнуліся.— Што чуваць пра кашалёк з грашыма? Ці знайшоў?
— Не,— сур'ёзна адказаў Зміцер.
— Ты, мусіць, слаба прыглядаўся.
— Прыглядаўся добра... А ў вас што чуваць?
— Ёсць сёетое,— Чэсь падкінуў манету і злавіў яе, паспеўшы; пакуль яна была ў паветры, пляснуць у ладкі.— Увечары даведаешся.
— Што, геолагі бяруць на працу?— абыякава спытаў Змітрок.
— Чаму ты так падумаў?
—Бо бачыў іх сёння. Ішоў з аўтобуса і бачыў: стаіць машына ў дзеда Макара ў двары.
Чэсь з Міхалам, не змаўляючыся, паўскоквалі.
— І ён маўчыць! Разлёгся спакойна тут!..
— Адкуль я ведаў? Вы ж тут жывяце, усё бачыце, я думаў, вы схадзілі даўно... Дарэчы, ВоваКурт прыехаў тым жа аўтобусам, што і я.
Чэсь прысвіснуў:
— Ну, тады можна і не хадзіць!
— Не, сходзім, што мы губляем?
Міхал успомніў пра веласіпед, памкнуўся быў у двор. Чэсь прытрымаў яго:
— Агародамі бліжэй.
Папраставалі адзін за адным вузкімі чужымі разорамі, пераступаючы межы, абыходзячы плоцікі і загародкі. Неўзабаве выбраліся на вулічку, паралельную той, дзе жыў Чэсь.
Двор дзеда Макара быў абкружаны «плотам» — прымацаванаю да слупоў металічнай сеткаю, праз якую ўсё відаць. У двары стаяла цёмнасіняя машынаіншамарка.
Каля яе тупалі дзед Макар і адзін з геолагаў, высокі мужчына ў белай кашулі. Ён штосьці тлумачыў дзеду, стукаў нагою ў колы, паляпваў далоняю зверху па кабіне. Дзед ківаў яму на кожнае слова, паказваючы на твары то здзіўленне, то згоду, то пачцівасць. Другі гволаг, у шапцыкаскетцы і ў цёмных круглых акулярах, голы да пояса, сядзеў пад хатаю на перакуленай, амаль струхлелай лодцы, якая да паловы ўвайшла ў зямлю і служыла дзеду лаўкаю. Раскінуў рукі — загараў.
Хлопцы спыніліся каля нізкіх веснічак, з вуліцы, пачалі перашэптвацца, штурхацца, не адважваючыся зайсці.З двара іх убачылі. Дзед Макар адразу сагнаў з твару пачцівасць, зрабіўся чамусьці строгі, нават сярдзіты. Лёгка, памаладому тупаючы нагамі ў сваіх кірзавых ботах, якія насіў і ў снег, і ў летнюю суш, і ў веснавую і восеньскую слоту, дзед падышоў да веснічак. Агледзеў кожнага з хлопцаў па чарзе, прамовіў: