— А, піянерыя,— самі, значыць, прыбылі?
Быў ён жылісты, сухі, хуткі на рухі. Калі размаўляў з кімсьці, заўсёды пашчыкваў сівую рэдкую бародку і вусы, парудзелыя ад тытуню.
— А я да вас сам збіраўся быў наведацца, вось як.
Хлопцы пераглянуліся. Што такое? Сам хацеў шукаць іх — навошта? Хіба, самі геолагі папрасілі яго знайсці ім памагатых? Але чаму ён такі сярдзіты? Звычайна ён любіў пажартаваць з імі, пагаварыць, яны гэтым ганарыліся — яшчэ б, лепшы ў пасёлку рыбак дае ім увагу, ніколі не праганяе ад сябе, нават раз пад добры настрой падказаў ім, дзе на звычайных лугавых конікаў «у праводку» (без паплаўка і грузіка) бяруцца язі, і яны сапраўды злавілі ў тым месцы пяць штук і паспыталі язевай юшкі... Што ж сёння з ім здарылася? Можа, Курт прыехаў і чагось пра іх нагаварыў, абылгаў?..
— Ну, піянеры, што маўчым? — дапытваўся дзед Макар.
Ён і раней зваў іх «піянерамі», але не такім голасам, як цяпер, а жартуючы, лагодна. А такім сур'ёзным хлопцы дзеда яшчэ ніколі не бачылі. Не разумеючы, што яны павінны казаць і ў чым іхняя віна, Міхал усё ж вырашыў трымацца таго тону, што быў паміж імі раней.
— Мы не піянеры, дзед Макар,— сказаў ён весела, адкрыта гледзячы дзеду ў вочы.— Піянераў цяпер няма.
— Яно і відаць,— прабурчэў дзед.
— Мы не піянеры, мы бойскаўты! — падтрымаў Міхала Чэсь. Праўда, ён і сам толкам не ведаў, што гэта за «бойскаўты», выпадкова пачуў ад старэйшых хлопцаў: нібыта ёсць такая дзіцячая міжнародная арганізацыя накшталт колішняй піянерскай.
— Яно і відаць,— ізноў паўтарыў дзед, шчыкаючы сваю бараду і вусы,— няма піянерыі — вось і разбалталіся без прыгляду. Піянеры былі, так не рабілі, як вы робіце. Няхораша гэта.
— Ды што мы рабілі?!
— Вы самі ведаеце. Вы таму і прыйшлі.
— Не ведаем мы нічога!
— Вы ўчора мой «тэлевізар» выцягнулі, каля абрыва. Хацелі рыбы? — ну і забралі б рыбу, я рыбу нікому не шкадую, а «тэлевізар» трэба было назад паставіць. Новенькі «тэлевізар»,— дакорліва сказаў дзед.
Вось яно што! Ды як ён мог падумаць?! У пасёлку такога і выпадку не было, каб хтосьці паклаў вока на чужыя рыбацкія прылады!
— Не бралі мы,— панура сказаў Чэсь.
— А дзе ж ён дзеўся? Каму ён трэба з дарослых, у дарослых сваё ёсць. Акрамя вас — ніхто.
— Мы ні ўчора, ні пазаўчора нават не былі каля абрыва!
— Маніце, як не сорамна? Вы там кожны дзень круціцеся, я ж ведаю, бачыў. Прынясіце самі,— папярэдзіў дзед,— бо будзе горш. Бацькам пакуль вашым гаварыць не буду, не прынясеце — скажу.
— Можа, вы прывязалі слаба? — ветліва ўмяшаўся Зміцер, не падумаўшы, як крыўдзіць гэтай заўвагаю старога рыбака.
Дзед Макар чмыхнуў носам і не палічыў патрэбным нават адказваць на гэта.
— Што такое, Макаравіч? — крыкнуў геолаг, які загараў на перакуленай лодцы. Падняўся, памахаў рукамі — рабіў зарадку, лена падышоў да іх, наставіў на хлопцаў свае цёмныя акуляры.
— Ды вось, «тэлевізар» сцягнулі, падшыванцы,— паскардзіўся дзед Макар.— Яшчэ і не прызнаюцца.
— У чым прызнавацца, калі мы нават не бачылі вашага «тэлевізара»? — сказаў Міхал.
— Што?! — геолаг адразу напяўся, пачаў мацаць зашчапку веснічак.— Тэлевізар?! Вось гэтая шпана? А ў міліцыю?
Хлопцы ўжо гатовы былі даць драпака. Але дзед схапіў геолага за руку:
— Не, не, якая міліцыя!.. Свае людзі... Вы ж не думайце: не той тэлевізар, што кіно паказвае! «Тэлевізар» панашаму — такая сетачка... Сетачка, метра паўтара.
— А, сетка,— геолаг адразу астыў.
— Так! Знізу грузік — якінебудзь металічны прэнт, а зверху — паплавок, палка арэшнікавая... І гэтая сетачка стаіць у вадзе старчма, вертыкальна, рыба заблытваецца, таму і «тэлевізарам» завём...
Раздзел 15. КУРТ
Уладкаваліся, называецца, на працу... Хлопцы, павесіўшы насы, моўчкі завярнуліся, пабрылі па вуліцы.
Але тут грукнулі дзверы дзедавай хаты, адтуль выскачыў ВоваКурт, кінуўся да веснічак.
— Хлопцы, пачакайце!
Яны спыніліся. Курт, крыху касалапячы, падбег да іх. На хаду ён дажоўваў штосьці. Маленькі, чарнявенькі, але такі ж, як і дзед, хуткі, рухавы. Глыбокія хітрыя вочкі бегаюць і ўвесь час міргаюць. Адным словам, «куртаты», «курт»... Мянушку гэтую, сам пра тое не здагадваючыся, прыдумаў унуку ягоны дзед Макар. Неяк ля рэчкі прасіў хлопцаў: «Прынялі б вы майго Вовіка да сябе ў кампанію! А то куртаты ён нейкі, адзін і адзін, ніхто яго не хоча». Так і пайшло — Курт. У кампанію яго не прынялі. Можа, дзед ім за тое і помсціць, выдумляе нейкія «тэлевізары»?..