— Прывітанне! З табою, Змітрок, бачыліся ўжо.
Міхал і Чэсь неахвотна парукаліся з ім.
— Твайму дзеду што, рабіць няма чаго? — сказаў Чэсь.— Каму трэба яго «тэлевізар»?
Курт заміргаў вачыма, азірнуўся чамусьці на веснічкі. Геолаг стаяў як і стаяў, дыміў цыгарэтаю. А дзед Макар вярнуўся зноў да машыны.
— Хлопцы, пры чым тут я? — Курт прыклаў да грудзей рукі.— Я сам толькі што прыехаў, вось Зміцер можа пацвердзіць.
Але выгляд у яго быў такі, нібыта Курт ведае не толькі пра злашчасны «тэлевізар», а і яшчэ пра сёетое.
— Ці не тваіх рук гэта работа? — падазрона ўзіраючыся ў яго, спытаў Чэсь.
— Якая работа?
— Наплесці дзеду, што мы маглі паквапіцца на яго «тэлевізар».
— Трэба мне дужа,— пакрыўдзіўся Курт.— Кажу ж, прыехаў толькі.
— Ну, глядзі!
— Гуляй, Вова.
Яны зноў павярнуліся, каб сыходзіць.
— Эх, вы,— сказаў ім у спіны Курт.— А я хацеў... Я, можа, працаваць буду ў геолагаў! Не верыце?
Ніхто не азірнуўся.
— Вам жа разбагацець трэба,— сказаў раптам Курт.— Былі б добрыя, я папрасіў бы геолагаў, і вас бы ўзялі.
Чэсь з Міхалам аж спатыкнуліся. Вылупіліся на Змітрака. Трэба ж, вось дык маўчунціхоня! Умудрыўся разбалбатаць Курту іхнія планы, пакуль ехаў з ім у аўтобусе!
— Што яшчэ за навіны?! — прашыпеў да Змітрака Чэсь.— Ану, вернемся.
Курту толькі гэта і трэба было. Зацікавіў, вярнуў. Хай не задаюцца, цяпер вымушаны будуць лічыцца з ім.
— Дзесяць даляраў у дзень абяцалі,— пахваліўся Курт і сплюнуў пад ногі.
Хлопцы аж аслупянелі. Такая лічба прымусіла іх нават забыцца на здраду Змітрака. Дзесяць даляраў у дзень — гэта сума.
— Хлусіш,— сказаў Чэсь.
— Я?! Спытайцеся ў лысага... ой, я хацеў сказаць у дзядзькі Жоры... Дзядзька Жора! — азірнуўщыся, крыкнуў ён раптам,— не выкідайце!
Ён падбег да веснічак і асцярожна прыняў з рук геолага недакурак, зацягнуўся.
— Яны не вераць, што вы мне па дзесяць даляраў у дзень плаціцьмеце.
— Буду,— пацвердзіў геолаг.
— Яны самі да вас наймацца прыйшлі,— ільсціва зазіраючы геолагу ў цёмныя акуляры, хіхікнуў Курт,— ды спазніліся!
Але геолаг раптам праявіў цікавасць:
— Гэта праўда, хлопцы? Вы хочаце памагаць нам?
— Хацелі. Якая цяпер розніца? — сказаў Міхал.
— Ну, чаму. Можа, і вам занятак знойдзецца. Зайдзіце праз тыдзень, калі ў вас канікулы пачнуцца. Мы тут усё лета будзем.
Працаваць разам з Куртам? З гэтым падлізлівым лісам? Як ні стаяла ў вушах у кожнага «дзесяць даляраў у дзень», як ні заманліва гэта было, хлопцы цвёрда ведалі, што да геолагаў больш не прыдуць.
— Дарэчы, чые гэта соткі ўнізе, каля самага помніка? — спытаў геолаг.
— А што? — азваўся Чэсь.— Ну, мае.
— Нічога. Зямлі адтуль трэба будзе ўзяць на пробу.
Геолаг пазяхнуў:
— Дык праз тыдзень чакаем вас,— паплёўся назад у двор, загараць.
Курт пабег следам. Нарэшце хлопцы засталіся адны. Міхал з Чэсем далі сабе волю, накінуўшыся на пачырванелага, разгубленага Змітрака.
— Адкуль гэты Курт ведае, што мы прыходзілі шукаць працу?!
— Адкуль ведае, што мы сабраліся разбагацець?!
— Папытайцеся ў яго самі.
— Дапусцім, пра геолагаў ён сам здагадаўся... але пра нашае «разбагацець» — адкуль?!
— Хлопцы, вы можаце не верыць мне,— справіўшыся з сабою, спакойна адказаў Змітрок,— можаце не сябраваць са мною. Але ў аўтобусе я не сказаў яму ні слова. «Прывітанне — прывітанне», вось і ўсё.
— Ага, значыць, сказаў! «Прывітанне» сказаў жа?
— Не моўчкі ж ехаць. Зрэшты, думайце што хочаце,— махнуў рукою Змітрок.
— Добра. З гэтым мы яшчэ разбярэмся... — Міхал зірнуў на сонца, якое пакрысе садзілася за ракою.— Зараз разбягаемся снедаць, а ўвечары — збор каля Аксанінай хаты.
Раздзел 16. АФІЦЭР НАПАЛЕОНАЎСКАГА ВОЙСКА
Вуліца патанала ў ранніх прыцемках. З нізіны, ад ракі, цягнула начным лёгкім ветрыкам. Таўкла мак, звінела машкарэча — настырны гнус не палохаўся ні ветрыку, ні прыцемак. Цэлыя хмаркі яго віліся над галовамі хлопцаў, Аксаны і яе бацькі. Хіба крыху памагалі галінкі бэзу, якімі абмахваліся, ды яшчэ «куродым» — кучка падпаленага старога рыззя, спарахнелага дрэва, кары... Куродым таму так і называецца, што не столькі гарыць, колькі курыцца і адурманьвае гнус.
Бацька з Аксанаю сядзелі на маленькай лавачцы пад плотам, Чэсь, Міхал і Змітрок — паўкругам насупраць, проста на траве. У цэнтры дыміўся, успыхваў рэдкімі агеньчыкамі куродым. Бацька падварушваў яго дубчыкам.