Выбрать главу

Толькі што бацьку давялося коратка паўтарыць хлопцам тое, аб чым ужо ведала Аксана: пра Вялікае Княства, іспанскага чакану талеры, пра бяспутнага шляхціца Трушку і яго родавую калекцыю манет...

— Вы, можа, не ведаеце, што наш помнік на пагорку каля Бярэзіны,— паказаў бацька дубчыкам сабе за спіну,— проста сімвал. Гэта проста знак памяці салдатам усіх войнаў, якія закранулі нашу мясціну: напалеонаўскай 1812 года, Першай сусветнай, грамадзянскай, Другой сусветнай... А непасрэдна захаванні былі, вядома, у самых розных месцах. Напрыклад, першае захаванне, яшчэ з часоў адступлення французскага войска, было куды далей ад ракі — прыблізна там, дзе цяпер Чэсевы соткі, а можа, і яшчэ вышэй, вось тут, дзе мы сядзім.

Чэсь уздрыгнуў. Самыя неверагодныя здагадкі кружылі яму галаву. Ён слухаў, забываючы адмахвацца ад машкарэчы, лавіў кожнае слова. У кішэні ён сціскаў знойдзены на сваіх сотках талер.

— Тады як хавалі? — няспешна распавядаў далей бацька.— Часта ўсіх разам — рускіх і французаў, чырвоных і белых, савецкіх воінаў і гітлераўцаў — усіх у адным месцы, ставілі адзін крыж на магіле. Усе людзі, кожнаму страшна паміраць, кожнага дзесьці ў Разані, ці ў Мазыры, ці ў Парыжы хтосьці чакае, моліцца, каб абмінула блізкага чалавека бяда... І вось якая выходзіць цікавая гісторыя. Неўзабаве пасля канца вайны з Напалеонам цар выдае два ўказы, у якіх цывільныя ўлады абавязваюцца збіраць кінутую непрыяцелем амуніцыю, зброю і іншыя трафеі. Усё гэта не бясплатна. Напрыклад, гармата каштавала аж пяцьдзесят рублёў, ружжо — пяць, халодная зброя — шаблі, цесакі — трохі танней... Сабраць амуніцыю было, вядома, куды больш складана — сяляне яшчэ раней парасцягвалі. І доўга пасля вайны беларускія сяляне францілі ў ботах і ў галаўных уборах усіх еўрапейскіх армій, якія ўваходзілі ў склад Вялікай напалеонаўскай арміі. У вёсках на шляхах адступлення, гэта значыць і ў нашых Паплавах, доўга не куплялі жалеза, з шабляў і палашоў мясцовыя кавалі рабілі нажы і сярпы, з кірасаў — патэльні, конаўкі... Гузікі, на якіх часта былі выгравіраваны нумары палкоў, і праз сто гадоў пасля французскага нашэсця ўпрыгожвалі світкі і кажухі беларусаў.

Шукаючы трафеі, заадно раскопвалі старыя, спехам зробленыя магілы, перазахоўвалі іх — ужо ў іншых месцах, урачыста, з пашанаю, малебнам... Прысутнічалі і мясцовыя ўлады. Так была раскапана магіла ў Паплавах. У магіле знайшлі астанкі трох рускіх салдат і французскага афіцэра. Сведкі з мясцовых сялян паказалі: сапраўды, увосень 1812 года каля самай вёскі, на ўзлеску, натыкнуліся на «пранцуза», параненага, абмерзлага, непрытомнага, абвязанага жаночай хусткаю, у нейкіх лахманах зверху падранага ўшчэнт мундзіра... «Пранцуза» занеслі ў бліжэйшую хату, спрабавалі выхаяць, але марна. Паранены нават не варушыўся, дужа шмат страціў крыві на марозе. Уночы ў Паплавы падышоў абоз рускіх. На лафеце везлі трох мёртвых салдат. За ноч ціха, не прамовіўшы ні слова, сканаў і француз. Ледзь золак, абоз крануўся далей, пакінуўшы сваіх нябожчыкаў, і мясцовыя сяляне пахавалі іх разам з французам.

І вось пасля вайны, пры раскопцы той магілы, знаходзяць медную пазелянелую пласцінку, на якой ледзь­ледзь можна­ разабраць: «Аnrі­В...n іпgепіr...», два талеры іспанскага чакану, а таксама кавалак звычайнай бяросты, у якую талеры былі ўкручаны. Бяроста хоць і змянілася ад часу, пацямнела, патрэскалася, але захавалася яшчэ даволі добра. На ёй можна было разабраць нейкія лініі, зробленыя рукой чалавека. Але галоўнае, з­за чаго потым усё і закруцілася — гэта разборлівыя, глыбока выразаныя нажом лацінскія літары: «СLAD...» — «КЛАД». І зверху над словам — маленькі крыжык.

Раздзел 17. УСЁ СЫХОДЗІЦЦА!

— Чаму ж сяляне не забралі гэтыя рэчы? — усклікнуў Чэсь, аблізваючы ад хвалявання вусны.— Яшчэ тады, калі падабралі гэтага француза параненага?

— У такога небаракі? — Аксана пацепнула плячыма, ці то ад вечаровага холаду, ці ад жалю да француза.

— Сапраўды, чалавек у такіх лахманах — што каштоўнага пры ім можа быць,— пацвердзіў бацька.— Відаць, проста ў голаву не прыйшло абщукваць бедака. А можа, пасаромеліся абшукваць, усё ж канае чалавек.

— А пры перазахаванні? — умяшаўся Міхал.— Вось калі раскапалі магілу, няўжо ніхто не паквапіўся на манеты?

— Сяляне мо і паквапіліся б, усё ж срэбра. Але на радасць ці на гора пазнейшых шукальнікаў скарба пры раскопцы аказаўся чыноўнік з мясцовага аддзялення паліцыі, нейкі Панятоўскі, верны слуга цару і Айчыне... Ён, вядома, не мог дапусціць, каб нават крышка «дабра расійскага» абмінула дзяржаўную казну. Дзве манеты, медная пласцінка, бяроста, нават пара ацалелых гузікаў з мундзіра былі спраўна ўпакаваныя і разам з падрабязным вопісам — пры якіх умовах і дзе ўсё гэта было знойдзена — адпраўлены ў Санкт­Пецярбург...