Выбрать главу

«Я ведаю! Яна ў мяне ў кішэні!» — ледзь не ўскрыкнуў Чэсь. Падчас усяго вечара яму карцела прызнацца ў гэтым, пахваліцца сваёй знаходкаю. Але штораз ён адчуваў на сваім локці цвёрды, рашучы поціск Міхалавай рукі. «Маўчы!» — азначаў гэты поціск.

— У крайнім выпадку,— працягваў бацька,— калі вас напаткае няўдача ў школьным або краязнаўчым музеі, магу параіць вам вось што. Я ўжо расказаў Аксане — загадчыкам у Мінскім архіўным музеі працуе знаёмы Аксанінага настаўніка гісторыі, Барыса Рыгоравіча. Я магу пазваніць яму ці напісаць запіску, Аксану пусцяць у архіўны музей, яна паглядзіць усё на свае вочы і выпіша, што трэба.

— А ці маглі б мне на час даць гэтыя манеты? — спытала Аксана.

. — Калі толькі на месцы, у архіве, пад наглядам загадчыка... Ага, і яшчэ! — схапіўся бацька.— Я забыў сказаць вам, што сапраўдны талер застаўся толькі адзін — другі знік у час вайны, засталася толькі копія.

— Як... знік?!

— Так, вельмі проста. Ці мала што знікала з нашых музеяў і ў часы акупацыі, і пасля акупацыі... Вось бачыце,— заключыў бацька,— якія перашкоды вас чакаюць? Калі нават дапусціць самае неверагоднае: што ў Аксаны сапраўдны талер, другі — у архіве — усё адно не хапае трэцяга.

Чэсь з Міхалам ледзь стрымліваліся, каб зараз жа не заспяваць, не закрычаць, не затанцаваць ад радасці.

Цяпер яны ведалі ўсё.

Раздзел 18. «КАЗАЧКІ»

Раптам хтосьці кашлянуў у цемры, тады пачуўся голас:

— Казачкі расказваеце, Іванавіч?

Аксана ад нечаканасці міжволі ўскрыкнула. Хлопцы паўскоквалі на ногі.

Ад плота аддзялілася постаць, ступіла бліжэй. Усе, пазнаўшы, уздыхнулі з палёгкаю. Гэта быў дзед Макар. Як ён умудрыўся так ціха падысці, што ніхто не пачуў? І колькі часу стаяў так, маўчком, слухаючы? Навошта яму гэта?

— Што ж вы дзяцей спалохалі,— незадаволена сказаў бацька.

— Дзяцей? Гэта добрыя дзеці...

Дзед Макар пакасіўся на хлопцаў. Відаць, яму хацелася расказаць пра ўкрадзены «тэлевізар». Але прамаўчаў. Прысеў на кукішкі, адшукаў у патухлым куродыме кавалачак кары, доўга дзьмухаў на яе. Дабіўся­такі іскрынкі, прыкурыў. У агеньчыку цыгарэты на міг дзіўна бліснулі яго глыбокія вочы.

Аксана прытулілася да бацькі.

— Чуў я,— прамовіў дзед, пыхкаючы дымам таннай цыгарэты.— Казачкі ўсё гэта... Нашто тлуміць малым галаву? Хай бы лепш работу якую рабілі, бацькам памагалі... Карысць была б, і не цягаліся б абы­дзе.

— Казачкі? — перапытаў бацька.— Вось такі ж хлопчык, як гэтыя, з­пад Барысава, неяк заўважыў птушку, якая насіла ў сваё гняздо штосьці бліскучае. У гняздзе аказалася груда манет шаснаццатага стагоддзя — прускіх, польскіх і расійскіх. Другі такі ж хлопчык — з Наваградчыны — выпадкова капнуў зямлю палкаю і натыкнуўся на скарб польска­літоўскіх манет семнаццатага стагоддзя. Вось вам і казачкі.

— Дык і ў нас капаюць, бы краты,— а што толку? Адно, не даюць зямельцы спакою... Вось яна і радзіць перастае, зямелька наша.

— Што вы, дзед Макарі — запярэчыла Аксана.— Наадварот! Зямлі чужога не трэба, яна выштурхоўвае з сябе розныя камяні, жалеза... Праўда ж, тата?

Але бацьку, відаць, не дужа хацелася ўступаць у палеміку з няпрошаным госцем. Ён неахвотна пацвердзіў:

— Праўда... Усё, дачка, пара спаць,— і падняўся.

— Грэх зямельку чапаць,— гнуў сваё дзед.— Капаюць, рыюць штолета — а чаго рыюць, што шукаюць? Усё нечага не хапае людзям. А я так думаю: калі б было што, у зямельцы нашай, даўно знайшлі б. Правільна я разумею?

Ніхто яму не адказаў.

— Іванавіч! — звярнуўся раптам дзед да бацькі.— Вось вы, я ведаю, крыўдуеце на мяне. Пагаварыць не хочаце. Дзецям і то ўвагу далі, а я, значыць, нічога не разумею, стары пень... Так выходзіць?

— Не, не так,— адказаў бацька.— Калі бы вы не стаялі цішком ля плота, а падышлі да нас, і вы паслухалі б. Ды вы і так слухалі...

— Крыўдуеце,— паўтарыў дзед.— А за што? Плот вашай маці зрабіў? Зрабіў. Дрывамі памог? Памог. Рыбкаю, грыбамі...

— За гэта я вас паважаю,— суха адказаў бацька,— а крыўдую трохі толькі за адно: вы робіце ўсё гэта, а потым хваліцеся ўсяму пасёлку, які вы добры.

— А як жа інакш? —шчыра здзівіўся дзед Макар.— Я ж стары, вось і люблю пагаварыць. І вы, Іванавіч, будзеце старымі, і яны вось, дзеці... Тады пабачыце, што за радасць.

— Добрай ночы,— кінуў бацька.— Хадзем, Аксана.

Бацька пайшоў у двор.

Чэсь кінуўся, перад веснічкамі злавіў за руку Аксану і шапнуў:

— Выйдзі заўтра на вуліцу... Мы пакажам табе будан. У нас ёсць трэцяя манета!