Выбрать главу

Раздзел 19. ПЛАНЬІ

Дзень абяцаўся быць пагодным.

На чыстым сінім небе ні хмурыначкі. Сонца паднялося ўжо даволі высока, а на траве, на ствалах дрэў, на лісцях — усё яшчэ раса. Ззяе, пераліваецца, успыхвае ў промнях мірыядамі зорак­кропелек па ўсім поплаве. У нізінах, каля прырэчнага кустоўя, яшчэ сінеюць рэшткі начнога туману.

Ціхая, павольная, паўсонная вада Бярэзіны плешчацца ў бераг. Ад ракі патыхае ранішняй свежасцю. То тут, то там чуюцца ціхія гукі: шпок! буль! шпок! — нібы хто кідае ў ваду маленькія каменьчыкі. Гэта невялікія рыбкі палююць на насякомых. Нездагадлівая машкарэча таўчэцца над самай вадою шэрымі хмаркамі, радуецца сонцу, раніцы і нават не падазрае, што служыць некаму ўсяго толькі сняданкам...

Чэсь з Аксанаю спыніліся на абрыве, пад самымі вольхамі і дубам.

— А цяпер паглядзі ўважліва,— сказаў Чэсь.

Аксана паазіралася:

— Ну і што? Давай, вядзі — дзе той ваш будан?

А мы прыйшлі. Над тваёй галавою.

Там? На дрэвах? Вось гэта здорава... Аніколі не здагадалася б.

Уверсе, у кронах дрэў, штосьці зашамацела.

— А як узбірацца? — спытала Аксана.

— Па гэтай крывой вольсе. Хочаш, падсаджу? — пачырванеўшы, прапанаваў Чэсь.

Дзяўчынка сярдзіта бліснула на яго вачыма:

— Яшчэ чаго!

Бы кошка, абхапіла гладкі, адпаліраваны нагамі ствол, уміг апынулася наверсе, схавалася ў лістоце.

Радасны настрой у Чэся раптам прапаў ад гэтага сярдзітага «яшчэ чаго». А так добра пачалася была раніца! За ноч пухліна прайшла, шчокі сталі аднолькавыя. Ён мог ужо не саромецца Аксаны. Ён нават падрыхтаваў ёй падарунак, які, загорнуты ў шчыльную паперу, ляжыць у нагруднай кішэні кашулі... І вось — «яшчэ чаго!» Чэсь няўклюдна, стараючыся не прыціснуцца да вольхі грудзямі, пакарабкаўся следам за дзяўчынкаю.

Хлопцы абодва былі ўжо тут. Змітрок ляжаў на мяккім імху, падпёршы локцем падбародак, флегматычна глядзеў праз сетку лістоты на ўсход сонца. Міхал выглядаў занепакоеным. Ён стаяў на каленях у кутку каля палічак, перабіраў іхні скарб.

— Здаецца, быў тут хтосьці чужы,— сказаў ён Аксане і Чэсю замест прывітання.— А ўсё на месцы...

— Ды кажу ж табе, я гэта быў,— азваўся Змітрок.— Учора, калі прыехаў з горада, шукаў вас, і ў будан залазіў.

— Ну, добра,— сказаў Міхал.— Уладкоўвайся, Аксана! Як табе тут падабаецца?

— Здорава! Проста цуд нейкі,— Аксана, праўда, была ў захапленні.— Аж не верыцца, што ты — на дрэве, высока над зямлёю... А колькі рознага дабра ў вас тут!.. Чайнік нават ёсць. Няўжо і гарбату тут грэеце?

— Навошта тут? Спускаемся ўніз, да ракі, там кастрышча, і галля сухога поўна,— адказаў Міхал.

Ён расклаў на каленях сшытак, дастаў аловак, прыняў важны, нават урачысты выгляд.

— Так, Чэсь, Аксана, давайце сюды талеры... Ну, вось. Цяпер ты зразумела, Аксана? Учора Чэсь зусім не квапіўся на тваю манету, у яго свая была, амаль такая ж на выгляд. Ён знайшоў яе на сваіх сотках, акурат на тым месцы, дзе магло быць першае пахаванне французскага афіцэра. Бачыш, якія падобныя?

— Праўда,— прашаптала Аксана.— Хлопчыкі, дык гэта ж значыць...

— Гэта значыць, скарб наш,— панура перабіў Чэсь.— Дастаем копію бяросты, ты просіш у архіве на час трэці талер — і ўсё.

— І ўсё! — не могучы стрымаць радасць, Аксана абняла ўсіх па чарзе.

Панурасць з Чэся як рукою зняло.

— Чаму ж вы ўчора ўвечары маўчалі? Трэба расказаць пра ўсё тату,— вырашыла Аксана,— ён параіць...

Усе ўтрох ускінуліся:

— Ну, зараз!

— Яны, дарослыя, сто гадоў шукалі, не знайшлі!

— Раскажам, а сюды наедзе розных экспедыцый, выкапаюць золата, а нам і дзякуй ніхто не скажа!

— Добра, добра,— пакорліва згадзілася дзяўчынка.— Я ж нічога... Калі вы ўсе супраць, давайце шукаць самі.

— Так,— сказаў Міхал,— я люблю ва ўсім парадак і яснасць... Давайце найперш запішам... пункт пяты, галоўны і асноўны: пошукі скарбу.

— А што за пункты? — зацікавілася Аксана.— І чаму пяты? А якія яшчэ чатыры?

— Так, драбяза...

Міхалу цяпер проста сорамна было за тыя чатыры «метады здабывання грошай». Асабліва за «пункт чацвёрты», які прыдумаў ён сам. Падумаць толькі, якое глупства — «пастарацца знайсці грошы на вуліцы»!..

— Аксана,— строга, каб прыхаваць няёмкасць, звярнуўся да дзяўчынкі Міхал.— Мы прынялі цябе ў кампанію. Цяпер ты ведаеш, дзе будан, можаш прыходзіць сюды ў любы час, калі захочаш, робішся, як і мы, поўнай гаспадыняю ўсяго тут. Дай слова, што будзеш маўчаць, як рыба. Ніхто — ні бацька, ні бабуля, ні самая блізкая сяброўка не павінны ведаць ні пра будан, ні пра скарб.