— Прыедуць, калі вы скарб свой знойдзеце! «Шукацелі»... Бяросту яны шукаюць, талеры... Лепш «тэлевізар» вярніце! — і, азіраючыся, хутка падаўся бліжэй да агародаў.
Міхал з Чэсем аж падавіліся «Фантаю».
— Чорт вазьмі — Змітрок, як гэта разумець?! — Міхал, кашляючы, схапіў Змітра за каўнер чысценькай кашулі.
— Адпусці,— спакойна, цвёрда папрасіў Змітрок.— Вось так... І вось што я вам скажу: калі не будзеце верыць мне, застанецеся ўдвух.
— Напалохаў!
Чэсь раптам пакруціў галавою, прамовіў з дакорам:
— Усё зразумела... Не чапай яго, Міхал. Ты сам ва ўсім вінаваты.
Міхал задыхнуўся:
— Я?!
— Ты. Ты ж заўсёды любіш парадак, каб усё было падрабязна распісана... Ну, здагадаўся?
Міхал уставіўся на Чэся дзіўнымі вачыма, трасянуў чупрынаю.
— Сшытак,— падаўлена сказаў ён.— Гайда ў будан!
У будане ўсё нібыта ляжала так, як хлопцы і пакідалі ў апошні раз. Але Міхал да драбніц ведаў тут месца кожнай рэчы. Ён адразу кінуўся ў куток.
— Сшытак разгортвалі... Спінінг знік, нож паляўнічы... Астатаяе, здаецца, усё на месцы.
— Добра, што манету тут не пакінулі,— сказаў Змітрок.
Чэсь нагадаў:
— Вось адкуль ён ведаў, што мы хацелі разбагацець — помніце? І што да геолагаў прыйдзем прасіцца.
— Але чакайце,— сказаў Міхал.— Значыць, ён ужо даўно ведае, дзе будан?
Цяпер надышла чарга пачырванець Змітраку.
— Гэта я вінаваты, хлопцы,— пакорліва схіліў ён галаву.— Я шукаў вас тады, калі з горада прыехаў, і ў будан лазіў... А Курт мяне высачыў.
Міхал махнуў заціснутым у руцэ, скручаным у трубку сшыткам:
— Ды што ўжо... Цяпер не важна. Важна, што ты не здраднік і не балбатун, як мы на цябе падумалі.
Усё адно ва ўсіх прыкра было на душы. Ад нядаўняе прысутнасці тут чужога чалавека сам будан здаваўся ўжо нейкім чужым. Нават калі б Курт нічога не ўзяў — і тады было б прыкра. А тут — крадзеж сярод белага дня... Як гэта брыдка, сорамна.
Чэсь парушыў цішыню:
— Самае крыўднае — мы нічога не можам даказаць. Ну, пойдзем мы да дзеда Макара разбірацца. Курт скажа, я вашага будана ў вочы не бачыў, а вось вы «тэлевізар» укралі!
Раздзел 22. ПОМСТА
Міхал пругка падняўся на ногі, агледзеў сцены будана, правёў рукою па рубероідным «даху».
— Шкада шалаша... Цяпер мы не зможам хаваць тут нічога каштоўнага... Вось што, хлопцы,— зробім так. Толькі дапамажыце мне. Я хачу забрацца ў дзедаў хлеўчык і зрабіць там рэвізію. Усе яго рыбацкія прылады ў хлеўчыку, я ведаю,— у хаце ён нават кручка не трымае. Можа, знайду нож і спінінг. А галоўнае, хачу знайсці той пракляты «тэлевізар». Тады не пасаромеюся — пайду ў хату і кіну яму пад ногі...
— А ў чым табе дапамагчы? — спытаў Чэсь.
— Будзеце сачыць за Куртам і дзедам. Трэба падпільнаваць, калі іх не будзе дома, хоць бы на гадзінку...
— Згода.
Выпадак надарыўся дні праз два, пад вечар.
Міхал памагаў бацьку рабіць летнюю кухню. Яго бацька, вясёлы, дужы, практычны чалавек, здавалася, зусім не перажываў, калі разам з сям'ю выселіўся пасля радыяцыі з роднай вёскі на Гомельшчыне. Ён і тут, на новым месцы, хутка звыкся, палюбіў гэтыя мясціны, Бярэзіну, тутэйшых людзей. Абжываўся надоўга, усё рабіў пасялянску няспешна, але карпатліва, грунтоўна. Асабліва яму падабалася рознае будаўніцтва ў двары. На працу быў падкі і настолькі звыкся спраўляцца з усім адзін, што нават крыху раўнаваў гэтую працу да памочнікаў. Пагэтаму ў Міхала заўсёды было шмат вольнага часу.
Калінікалі маці ўпікала:
— Ты ж вялікі ўжо, сын,— памог бы трохі бацьку!
Бацька рашуча заступаўся за сына:
— Што мне памагаць — хай лепш урокі вучыць ці пагуляе. На яго век працы хопіць,— і накіроўваўся пад паветку, дзе ў яго быў цэлы склад розных інструментаў.
Сёння, пад вечар, бацька скончыў класці ніжні зруб кухні. Цяпер абчэсваў бервяно для другога раду, смачна гэкаў сякераю. Увесь увайшоў у працу, напяваў сабе пад нос.
Міхал стаяў побач. Яго «дапамога» заключалася ў тым, каб збіраць і складаць пад паляніцу дроў доўгія трэскі, што выляталі зпад сякеры.
Чэсь са Змітраком убеглі ў двор. Яны добра ведалі Міхалавага бацьку і не баяліся яго. Міхал падышоў да іх.
— Дзед з Куртам збіраюцца ўвечары на рыбу! — задыхана паведаміў Чэсь.— Дзед канапаціць лодку каля мосціка...
— А Курт капае на выгане чарвякоў,— дадаў Змітрок.
— Давай, калі сцямнее, возьмем ліхтарык і пойдзем усе ўтрох,— прапанаваў Чэсь.
— Не, аднаму зручней. Пайду адзін і цяпер. Бацька! — паклікаў Міхал.— Можа, ты сам справішся? Мы на рыбу сходзім!
— Вядома, ідзіце,— адказаў бацька, не адрываючы вачэй ад сякеры,— тут мне і аднаму няма чаго рабіць.