Ён паляпаў далоняю па гладкім, роўна абчэсаным баку бервяна, палюбаваўся, тады пачаў перабіваць скабу, каб перавярнуць бервяно.
Хлопцы пайшлі вуліцаю. Каля павароткі ў завулак, што вёў да Макаравай хаты, Міхал спыніўся.
— Будзьце тут, далей я адзін. Калі што — свішчыце. Я пастараюся хутка.
Ён няспешна, бы на пагулянцы, пазіраючы па баках, адфутбольваючы з дарогі каменьчыкі, падаўся ў канец завулка. Хлопцы бачылі, як ён нейкі час пастаяў каля веснічак. Тады хутка адкінуў зашчапку, шмыгнуў у двор.
— Глядзі! — раптам усклікнуў Чэсь.
Зза павароту выскачыла цёмнасіняя машына. Хлопцы засвісталі. Машына наблізілася, прытармазіла каля іх, павярнула ў завулачак.
— Што ж рабіць?! Як яго папярэдзіць?..
Свіст зліваўся з гулам матора. Зпад колаў выляталі каменьчыкі, стукалі ў дно кабіны. Машына спынілася каля хаты.
— Можа, яны ненадоўга, Чэсь?
— Якое ненадоўга — вунь вароты адчынілі, машыну ў двор заганяюць... Вось зловяць яго, што будзе? — скрушна прамовіў Чэсь.
Але гэта было яшчэ не ўсё. Да хаты з другога канца завулачка, ад ракі, спяшаліся дзед Макар з Куртам.
Раздзел 23. ПАСТКА
Міхал не паспеў агледзецца ў хлеўчыку, як пачуў гул матора. Кінуўся назад да дзвярэй. Позна! Машына ўехала ў двор.
Хлопчык стаіўся каля вушака, асцярожна выглянуў. Акурат у гэты час з машыны вылез геолаг, які абяцаў узяць іх у памагатыя. У тых жа цёмных круглых акулярах, але цяпер без шапкікаскеткі... і зусім лысы! Ад гладкай, бы паліраванай галавы, здавалася, нават адбіваецца зыркае вечаровае сонца...
«Адзін — Сева, другі — лысы,— імгненна ўсплылі ў памяці Аксаніны словы.— Ехалі за намі да самых Паплавоў!..» Як жа яны раней не здагадаліся?! «Геолагі»... Усё нешта шукаюць... Пыталіся, чые соткі каля помніка... А Чэсь талер знайшоў на тым месцы...
Сева — высокі, у джынсах і белай кашулі — пакратаў замок на дзвярах хаты.
— Дзе яго нялёгкая носіць? Сказана ж было, увечары прыедзем!
— Пачакаем,— адказаў лысы. Паглядзеў праз акуляры на сонца, прымасціўся на сваім любімым месцы — перакуленай лодцы.
У хляве, калі звыкліся вочы, было не так і цёмна. Заходзячае сонца сачылася праз шчыліны дзвярэй, праз няроўна падагнаныя дошкі фаціяту, праз дзіравы, крыты руберойдам дах. Каб не губляць часу, Міхал адважыўся абследаваць хлеўчык — ці няма дзе другога выхаду?
Пасярэдзіне, ад дзвярэй да сцяны — вузкая паласа глінянага току. Злева складзена сена. Цяпер, увесну, яго засталося мала, усяго на які метр ад падлогі... Справа — сцяна з нячэсанага бярвення, са шчылінаў тырчыць мох... У сцяне—дзверцы, гэта катух для казы з казлянём. Да сцяны прыстаўлена лесвіца.
Міхал асцярожна падняўся, зазірнуў на вышкі. Вышкі пустыя, голыя жэрдачкі, ні снапоў, ні сена... Хоць, калі б захацеў, у тым цёмным кутку можна схавацца...
Міхал злез, агледзеў левую частку хлеўчыка, дзе сена. Таксама сценка з такога ж нячэсанага бярвення, але невысокая, акурат у край з сенам. Калі б сена было больш, пад самы дах, можна было б залезці наверх і паспрабаваць выламаць пару тонкіх дошак з фаціяту, выбрацца на дах свінюшніка... А так — высока. У кутку на сене штосьці бялеецца. Міхал памацаў — падушкі, коўдры, посцілка...
На таку зваленыя ў кучу рыбацкія прылады: таптуха, венцеры, брэдзень, «крыга»... Да сцяны прыстаўлены штук дваццаць даўжэзных сухіх вудзільнаў, побач — вёслы... На ўбітых у сцяну цвіках вісяць сеткі, і долу валяюцца сеткі...
З двара пачуўся голас. Міхал зноў сігануў да прачыненых дзвярэй, прыляпіўся да шчыліны.
— А, госці дарагія!
Дзед Макар, і «геолагі», і Курт... У Міхала прабеглі па спіне дрыжыкі. Вось дык выбраў час «рабіць рэвізію» ў хлеўчыку!.. Вось табе і нікога няма дома. Чэсь са Змітрам таксама добрыя, не змаглі неяк папярэдзіць... Цяпер думай, як адсюль выбрацца!
— Акурат падгадалі прыехаць,— казаў дзед Макар.— Усё гатова!
— Што гатова? — спытаў Сева.
— Лодка, сетачка, жыўцы, чарвякоў накапалі... Усё, як дамаўляліся.
— Я і забыў ужо.
— Ну, як жа: вы мінулы раз прасілі, каб я рыбалку вам з'арганізаваў...
Умяшаўся лысы:
— Ды не, мы жартавалі. Не да рыбкі цяпер. Работы многа, заўтра ўставаць з раніцы.
— Начаваць у мяне будзеце?
— Будзем.
Вось дык патрапіў! Што ж рабіць? Няўжо яны так і будуць тырчэць тут, у двары, да самай ночы?.. Няўжо не зойдуць у хату, хоць бы павячэраць?
Міхал ліхаманкава абдумваў, як быць. Нават калі яны зойдуць у хату — з вокан праглядаецца ўвесъ двор... Яго, Міхала, калі ён паспрабуе толькі высунуцца з хлява, адразу ўбачаць і пазнаюць. Значыць, трэба дачакацца прыцемкаў. Нядоўга засталося, сонца хутка сядзе. У хлеўчыку ўжо цёмна.