Выбрать главу

Каля веснічак замэкала каза — прасілася ў двор.

— Вова, загані!

Міхал замітусіўся. Ток увесь адкрыты. Перш падскочыў да лесвіцы, што вяла на гарышча, тады перадумаў, палез на сена, дзе была пасцель «геолагаў».

Курт ляснуў зашчапкай, прыкрыкнуў на коз. Загнаўшы, чамусьці пастаяў яшчэ, бы прыслухоўваўся да нечага. Тады выйшаў.

Праз секунду Міхал ужо стаяў на сваім «назіральным пункце» каля дзвярэй.

— Дзед, а чаму дзверы ў хлеўчык былі адчыненыя? — гукнуў Курт.

Дзед Макар з Севам заходзілі ў хату. Дзед прыпыніўся:

— Мо ты сам і не зачыніў.

— Зачыняў, я помню.

—Дык што, злодзеі залезлі? — засмяяўся дзед.— Што там браць? Ну ідзі глянь, ці ўсё на месцы.

Ах, каб на цябе!.. Ізноў трэба хавацца! Толькі не ў куток — гэты праныра ўсё разгледзіць... На вышкі — позна, дый таксама небяспечна... Праз край ніжняй сценкі звешвалася сена, амаль да самага току. Не доўга думаючы, Міхал апусціўся на карачкі, падпоўз пад сена, лег. Стаіўся, як мыш.

Але Курт чамусьці не пайшоў правяраць. Магчыма, адчуваў штось і проста спалохаўся.

«Набрацца нахабства — і выйсці зараз да іх! — думаў Міхал.— Скажуць — злодзей, мала таго, што «тэлевізар» украў, дык яшчэ па чужых хлявах лазіць! І як потым хлопцам расказваць? Спалохаўся, не вытрымаў... Не, трэба цярпець, ляжаць тут хоць да раніцы... І не проста ляжаць, а слухаць. Калі яшчэ такі выпадак надарыцца?»

Аднак да дзвярэй падыходзіць больш не адважыўся. Падцягнуў кучу старых сетак, падмасціў пад сябе. Хоць мулкавата, але ўсё зручней, не на голым халодным таку.

З двара пацягнула цыгарэтным дымам.

— Ну, што ў тваіх сяброў новенькага? — данёсся голас лысага. (Аказваецца, і тут някепска чуваць, і да дзвярэй падыходзіць не трэба!) — Ці знайшлі скарб?

Курт ільсціва захіхікаў:

— Не! Калі б знайшлі, у сшытак запісалі б.

«Вось гад, шпіён! Мала таго, што сам чытае, дык яшчэ даносіць зусім чужым людзям! Добра, хапіла розуму не запісаць, што ў нас ёсць дзве манеты... А цяпер — няхай шукаюць!» — са зларадствам і пра Курта, і пра «геолагаў» думаў Міхал.

— Яны не скарб, а нейкую бяросту шукаюць... Напісалі, знайсці яе можна ў школьным музеі або ў горадзе ў краязнаўчым.

Лысы закашляўся ад дыму:

— Нават... кгэ­кхэ... так?

— Так было напісана. А вы абяцалі мне дзесяць даляраў,— нагадаў Курт.

— Дзесяць? А можа, адразу сто? — іранічна спытаў лысы.

— Тады я не буду вам нічога расказваць! — пакрыўдзіўся Курт.

— Добра, я жартую. Чытай іхні сшытак і далей. І калі што новае — адразу нам, зразумеў?

— Зразумеў. А дайце дзесяць даляраў.

— На... вось, адзін даляр. Пакуль хопіць з цябе.

Раздзел 24. НОЧ У ХЛЕЎЧЫКУ

Сцямнела, з'явіліся камары. Міхал ляжаў у сваім «логаве», час ад часу прабіраўся да дзвярэй і выглядаў.

Зайшлі ў хату «геолагі» — Курт круціцца ў двары... Знік Курт — тупае да хлеўчыка дзед Макар, даіць казу... Назад у схованку, пад сена!..

Зацыркала малако ў парожнюю даёнку. Каза, відаць, чула, што ў хлеўчыку — чужы, не хацела стаяць.

— Не круціся ты,— казаў дзед.— Чужых чуеш, не падабаюцца госці,.. Яны і мне не падабаюцца. Але што ты зробіш — грошы даюць? Даюць. Вось куплю табе хлеба, мукі... Казляняці твайму таксама. На пенсію не пражывеш... А госці паедуць хутка, не палохайся... Знойдуць, што ім трэба, і паедуць...

Выйшаў дзед — і зноў крокі, на гэты раз «геолагі». Пачалі слаць пасцелі. Уключылі ліхтарык. У хляве пасвятлела. Міхал напружыўся. У любы момант ён гатовы быў кінуцца ў прачыненыя дзверы — туды, у цемру, дзе двор і свабода...

Пачуўся пляскат далоні па шчацэ.

— Камарэча праклятая! Спаць не дадуць...

Міхал угадаў голас Севы.

— Ідзі ў машыну,— азваўся лысы.

— Не, тут хоць выцягнуцца можна. Перабудзем як­небудзь.

— Я не наеўся,— сказаў лысы.— Адна рыба і рыба ў гэтага дзеда.

— Кансервы адчыні.

Па хлеўчыку паплыў пах кілек у тамаце. У галоднага Міхала пацяклі слінкі. Еў лысы доўга, чмокаў, высмоктваў рэшткі ежы з зубоў... Наеўшыся, кінуў проста на ток пустую бляшанку.

— Жывем, як сабакі,— прабурчэў Сева,— ні паспаць, ні паесці па­людску... Адно матаемся паміж Мінскам і гэтымі Паплавамі, праваліцца б ім!..

Лысы засмяяўся:

— Нічога, пацярпі! Адкапаем золата, маханём адразу на Польшчу, тады — па ўсёй Еўропе... Там і выспімся, і наядзімся, і нагуляемся.

— А Павуку?

— Павуку? Навошта яму золата, грошы — інваліду? Дый што з яго карысці? Мы цягнем усю чорную работу, нават малую вунь адшукалі з талерам... А Павук сядзіць сабе ў Мінску ў цяпле, у дабры.