Выбрать главу

Сева запярэчыў:

— Не скажы — ён, нябось, больш за нас разбіраецца ва ўсёй гэтай справе. Разумны, шэльма.

— А што нам з яго розуму? — пачаў гарачыцца лысы.— Разумны... І я быў бы разумны, каб столькі кніг прачытаў. Круціць ён нешта, Павук гэты! Чаму ён не паказвае нам копію бяросты? Можа, талеры тут ні пры чым, а ўся разгадка ў бяросце.

— Яму лепш ведаць.

— Сева, паслухай: не падабаецца мне ўсё гэта! Нашто нам Павук? Копію бяросты мы можам раздабыць і без яго. Гэты Куртаты, дзедаў унук, сказаў, што копіі ёсць нават тут, у Паплавах, у школе. Можа, ніякіх трох талераў зусім не існуе? Ужо другі месяц шукаем і ніякага толку. Давай проста паспрабуем самі, без камандаў Павука?

— Паспрабаваць можна,— згадзіўся Сева.

— І яшчэ: давай пакуль не казаць Павуку пра малую з талерам. Дастанем бяросту, з'ездзім у Мінск, знойдзем малую...

«Гэта ж яны пра Аксану!» — здрыгануўся Міхал у сваёй схованцы.

— А як ты яе знойдзеш, малую гэтую?

— Лёгка, праз дзеда. Ён ведае яе бабулю, сходзіць, папросіць адрас.

— Малая, яна шустрая,— сказаў Сева.— А калі не захоча аддаць?

— Перш паспрабуем дабром — ветліва папросім, прапануем грошы. Не атрымаецца — што ж, тым горш для яе...

— Э­э, пачакай! — устрывожыўся Сева.— Такой дамовы не было!

— Не бойся. Я сам раздабуду гэты талер,— сказаў лысы.

Міхал баяўся нават паварушыцца. Сетка намуляла бок, камары абкусалі твар, рукі, плечы... Калі яны ўжо нагаворацца, захочуць спаць?

— А што з падшыванцамі рабіць? — спытаў раптам Сева і засмяяўся.— Можа, сапраўды ўзяць іх у памагатыя? Канкурэнты, таксама золата шукаюць!

— Вось няхай самі і шукаюць. Нам жа лепш — нашую работу робяць.

— Зрэшты, малым шэнціць... А што, калі, дапусцім, знойдуць раней за нас трэцюю манету?

— На здароўе. Знойдуць, запішуць у сшытак. Мы даведаемся праз Курта, пакажам ім даляраў пяць — дзесяць, яны нам гэтую манету ў зубах прынясуць. А не прынясуць... а­а! — пазяхнуў лысы,— давядзецца крыху напалохаць... Рака блізка, няшчасныя выпадкі бываюць кожнае лета. Лодка можа перакуліцца, у вір можа зацягнуць...

Сева зноў спалохаўся:

— Ты мяне ў гэта не ўблытвай! Калі што — не ведаю ні цябе, ні Павука, адразу змываюся!

— Сказаў жа, я бяру ўсё на сябе... А­а­а! — лысы ізноў пазяхнуў.

Абодва замоўклі. Праз нейкі час Сева захроп. Лысы круціўся, шэптам праклінаў камароў. Урэшце да храпу далучылася тонкае пасвістванне носам. За сцяною шамала саломаю, уздыхала, бы чалавек, каза.

Міхал паўзком дабраўся да дзвярэй, азірнуўся. «Геолагі» спалі. Ён ціхенька прачыніў дзверы, выскачыў на светлы ад яснага месяца двор і з усіх ног кінуўся дамоў.

Раздзел 25. «КАНКУРЭНТЫ»

У хаце гарэла святло. Ніхто не спаў: бацька, маці і нават меншы Міхалаў брат сядзелі ў верандзе, чакалі. Брат дзюбаў носам. Маці кінулася да Міхала:

— Ты ведаеш, якая цяпер гадзіна?

Адкуль ён мог ведаць? Міхал паціснуў плячыма, стараючыся трымаць нявінны выгляд.

— Дзе ты ходзіш? Мы тут Бог ведама што перадумалі!

— На рыбу хадзіў...

— Я была ў Змітра, была ў Чэся! Яны спяць ужо, сказалі, не бачылі цябе!

«Вось дурні, не маглі прыдумаць штосьці...»

— Я знайшоў... харошае месца,— сказаў Міхал.— Не хацеў дзяліцца з імі, адзін вырашыў...

— І дзе рыба?

— Не клявала.

— Табе цяжка было хоць папярэдзіць?

Бацька падняўся з табурэткі, пазяхнуў:

— Добра, не сварыся ўжо так на яго, маці... Прыйшоў — і добра.

— Табе ўсё добра! Сам і распусціў яго...

Маці, аднак, крыху астыла. Паківала дальцам:

— Апошні раз!

Міхал хуценька распрануўся, упаў у мяккі ложак. Нават есці не хацелася... Заснуў бы забіты.

Назаўтра з раніцы хлопцы сустрэліся каля рэчкі. У будан не палезлі — стаяла такая пагодка, што грэх было прапускаць сонца. Распрануўшыся, ляжалі на спінах на пяску, загаралі.

Сёння быў Міхалаў дзень.

— Тады Сева пытае,— расказваў ён, міжволі перабольшваючы небяспеку, якая ўчора вісела над ім:— «А з падшыванцамі што рабіць?» А лысы дастае нож... вялікі такі нож, з бліскучым лязом, доўгім, вострым...

— Як ты мог убачыць нож? — перабіў Чэсь.

— Значыць, убачыў! Не верыце — магу не расказваць.

— Ды верым, верым! Што далей?

Міхал памаўчаў, успамінаючы. Версію з нажом развіваць не стаў:

— Ладна, не важна... Галоўнае, цяпер ведаем: гэта такія ж геолагі, як мы — бой­скаўты. Шукаюць яны скарб. Дзед Макар з унукам — з аднае з імі кампаніі, а галоўны ў іх — нейкі Павук. Ведаюць яны мала, гэты Павук не паказаў ім нават бяросту. Згоды між імі няма. «Геолагі» толькі і мараць знайсці золата і, ні з кім не дзелячыся, «зрабіць ногі» за мяжу.