Выбрать главу

Змітрок пасміхнуўся:

— Перш чым знайсці золата, ім патрэбна знайсці тры манеты. А манеты ўсе — у нас.

— Ну, па­першае, пакуль не ўсе, а толькі дзве. Па­другое, яны, «геолагі», на ўсё пойдуць, нават на злачынства, каб раздабыць Аксанін талер. Помніце, яна расказвала пра Чэрвень? Яе трэба папярэдзіць, і я сам вазьмуся за гэта.

Чэсь падняўся на ногі і сказаў хутка:

— Не, я вазьмуся за гэта!

Міхал насмешліва ўставіўся на яго:

— І як ты збіраешся гэта рабіць? Ты што, ведаеш яе адрас ці нумар тэлефона?

— А ты ведаеш?

— Для мяне прасцей простага даведацца. Пайду да бабулі і спытаю. Свае людзі. А ты зможаш пайсці і спытаць? Ды яна, глядзі, цябе яшчэ на парог не пусціць, нагадае, як «ты ўнучку тапіў тым летам!»

Чэсь, пакрыўджаны, не адказаў.

— А што з Куртам? — нагадаў Змітрок.— Трэба, відаць, знішчыць сшытак...

— Наадварот! — Міхал падзяліўся з сябрамі планам, які прыйшоў яму ў галаву яшчэ тады, уночы, калі ён хаваўся ў хлеўчыку пад сенам:— Не толькі не знішчым, а будзем рабіць запісы кожны дзень і класці сшытак на самае прыкметнае месца! Зразумелі? Мы ж можам пісаць розную лухту і так іх заблытаем, што яны не рады будуць ні гэтаму сшытку, ні свайму інфарматару­Курту!

— Сапраўды...

— Здорава прыдумана! — вымушаны быў пахваліць і Чэсь, забыўшы на крыўду.— Напрыклад, запішам: «Скарб ляжыць на могілках пад дубам». Курт прачытае...

— Не,— умяшаўся Змітрок,— лепш запішам: «Скарб на дне Бярэзіны, у глыбокім віры...»

Міхал спыніў іхнія фантазіі:

— Добра. Значыць, заўтра з раніцы я еду ў горад. Заадно спытаю ў Аксаны, чаму яна так доўга затрымліваецца. Вы круціцеся ў «геолагаў» і ў Курта на вачах, купайцеся, лавіце рыбу — як і звычайна... Толькі нікуды не ўсуньцеся самі, без мяне, старайцеся не гаварыць з імі, каб нават выпадкова не прабалтацца...

Міхал знарок сёе­тое з учарашняга ад сяброў утаіў. У горадзе, пасля званка Аксане, ён намерыўся схадзіць у краязнаўчы музей і любымі праўдамі і няпраўдамі выпрасіць дазволу, каб хоць краечкам вока зірнуць на копію бяросты. З галавы не ішлі словы лысага, якія той паўтарыў аж двойчы: «Можа, талеры тут ні пры чым?» І другі раз: «Ды, можа, ніякіх трох манетаў зусім не існуе?»

Міхалу таксама здавалася, што галоўнае ў гэтай гісторыі не столькі манеты, колькі таямнічая бяроста, на якой крыжык і лацінскае слова «СLAD»... Каб хоць разок глянуць на гэтую копію бяросты, патрымаць у руках! Музей на рамонце — ну і што? Там жа не адны рабочыя. Павінны быць і супрацоўнікі, трэба ж некаму хоць бы пільнаваць экспанаты.

Раздзел 26. «САМАСТОЙНАСЦЬ» ЗМІТРАКА І ЧЭСЯ

Увечары Міхал забег да Аксанінай бабулі. Павітаўся, стаў у парозе, зусім не ведаючы, што прыдумаць. Не прыдумаў лепшага, як прытворна здзівіцца:

— Хіба Аксана яшчэ не прыехала?

— Няма, Міхалка,— ні самой, ні пісьма, ні вестачкі! І чаму яна не едзе, ужо ж лета даўно!

— А вы напішыце ёй, спытайце.

— Пакуль тое пісьмо дойдзе...— Вось каб празваніць,— бабуля зірнула на Міхала з надзеяю.— Але ж гэта ў горад трэба ехаць ды заказваць, а з мяне такая «заказчыца»...

Вось так! Усё само сабою зрабілася. Цяпер не трэба ламаць галаву, можна сказаць бацькам чыстую праўду. Сказаць, баба Ганна папрасіла, каб ён з'ездзіў у горад і пазваніў Аксане.

Хутка ў Міхала ў кішэні ляжала паперка з шасцю лічбамі.

— Ох, дзякуй табе, унучак,— зрабі ты мне такую работу...

Толькі ён сабраўся выходзіць, як у верандзе пачуліся цяжкія крокі. У хату ўсунуўся дзед Макар. Не чакаў убачыць тут Міхала, непрыязна кінуў на яго позірк.

Міхалу закарцела сказаць дзеду штосьці з'едлівае. Але, як на тое, нічога не прыйшло на розум. Злуючы на сябе, вымушаны быў развітацца.

— Я да цябе, Ганна, з такой просьбаю...— пачуў ён, калі зачыняў за сабою дзверы.

Адрас прыйшоў браць... Вось здзівіцца баба Ганна!..

Назаўтра ранішнім аўтобусам Міхал адправіўся ў горад.

Без свайго камандзіра хлопцам не было чаго рабіць. Ды яшчэ надвор'е сапсавалася: пахмурна, ні пазагараць, ні пакупацца. Прайшліся туды­сюды па вуліцы. Пастаялі каля пустой школы. На дзвярах — замок. Ад калодзежа ідзе з вядром вады школьная прыбіральшчыца цётка Ніна.

Чэсь щтурхануў Змітрака ў бок, прашаптаў:

— А давай папросім ключ ад шафы? І яшчэ раз добра там пакапаемся.

— Міхал сказаў, нічога без яго не рабіць.

— Ды што за камандзір Міхал? Урэщце я, а не ён, знайшоў манету. Ён і так дужа многа на сябе ўзяў, паўсюль паспець хоча... А мы? Цётка Ніна! — гукнуў Чэсь.— Вы не адчыніце нам школу?